Беларускі народ мае багатую духоўную спадчыну. У мастацкім афармленні ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу па індывідуальнаму сцэнарыю гарадскі загс, па жаданню і выбару жаніха і нявесты, выкарыстоўвае старадаўнія вясельныя абрады. Аднак ці ўсе маладыя разумеюць іх сімволіку?
Сутнасць сімвалічнага значэння некаторых абрадаў тлумачыць Святлана ВАЛЫНЕЦ, начальнік аддзела загс гарвыканкама:
– Беларускі ручнік – папулярнасць яго нязменная. Тыповым на Беларусі было ўжыванне ручніка ў якасці падножніка, на які маладыя станавіліся падчас вянчання ў царкве.
У народзе кажуць: «Каб увесь час адзін аднаго кахаць і шанаваць – трэба маладым на ручнік стаць» альбо: «Калі ў пары на ручнік ступіць – усё жыццё ў любові ды згодзе разам пражыць». Маладыя, якія становяцца на беларускі ручнік, даюць адзін аднаму абяцанне: заўсёды ісці па жыцці разам. А ў канцы ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу гэты ручнік перадаецца мужу ды жонцы ў якасці першай сямейнай рэліквіі. У дадзеным выпадку рассцелены перад маладымі ручнік увасабляе парог, які яны пераступаюць з юнацтва ў дарослае сямейнае жыццё.
Самы вядомы элемент цырымоніі – абмен кольцамі – адбываецца ў знак шчырага кахання ды вернасці. У кальца няма ні пачатку, ні канца. Няхай жа будзе бясконцым і каханне маладых!