Свет кнігі дзіўны, свет кнігі неабсяжны, непрадказальны… У чарговы раз пераканацца ў гэтым змаглі тыя, каму пашанцавала пабываць 7 снежня ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая на сустрэчы з польскай пісьменніцай і ілюстратарам Івонай Хмялеўскай, яе мужам, таксама творчай асобай, і консулам генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце Кшыштафам Расіньскім. Мерапрыемства было арганізавана пры дапамозе генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце.
Івона Хмялеўская – стваральніца ўнікальных выданняў для дзяцей і дарослых. Яе творчасць ведаюць і любяць у розных краінах свету, яе кнігі былі выдадзены ў Японіі, Кітаі, Тайвані, Партугаліі, Мексіцы, Германіі, Паўднёвай Карэі. У апошняй з названых краін нават існуе фан-клуб пісьменніцы, адзінай сярод усіх польскіх аўтараў. Івона Хмялеўска з’яўляецца ўладальніцай шматлікіх прэмій за свае аўтарскія ілюстраваныя кнігі (picturebooks). За кнігу «Глаза» яна атрымала галоўны, першы прыз на ярмарцы дзіцячай кнігі у Балоньі (Bologna Ragazzi Award). Асаблівасць выданняў Івоны ў тым, што многія з іх выкананы ў калажнай тэхніцы і створаны сваімі рукамі.
Кнігі аўтара носяць пераважна філасофска-разважлівы характар. Гэта дасканальна прадуманыя працы з глыбокім сэнсам. Кожная кніга мае кароткі і лаканічны тэкст, які суправаджаецца пэўнай выявай. Адметнасць выданняў Івоны у тым, што ў іх фразы страцілі б свой сэнс без наяўнасці ілюстрацый, і наадварот – ілюстрацыі не набылі б патрэбнага зместу без пэўных фраз. Вобраз і слова аб’ядноўваюцца – і атрымліваецца кніжка.
Пытанні, якімі аўтар задаецца ў сваіх кнігах, важныя і актуальныя для ўсіх людзей, незалежна ад месца пражывання, узросту, сацыяльнага статусу. Бо яны ‒ аб тых з’явах рэчаіснасці, якія могуць быць уласцівы абсалютна кожнаму чалавеку: беднасць, сіроцтва, голад, вайна, інваліднасць, адзінота. Гэтыя кнігі, безумоўна, кранаюць самыя тонкія струны чалавечай душы. Сама Івона кажа аб тым, што зараз існуе вялікая колькасць забаўляльных кніг для дзяцей. Але яна імкнецца перш за ўсё ўзрушыць дзяцей і дарослых, выклікаць у іх душах водгук і суперажыванне з дапамогай сваіх кніг.
Цікавая размова з Івонай Хмялеўскай, знаёмства з яе творамі самі па сабе сталі сапраўдным падарункам для прысутных. Не меншую зацікаўленасць выклікаў своеасаблівы майстар-клас па выяўленню ў прысутных асацыятыўнага мыслення, творчага падыходу да простых рэчаў з дапамогай кніг аўтара. Майстар-клас ад Івоны Хмялеўскай пачаўся са знаёмства з кнігай «Проблема». Здзіўляе, як з дапамогай аўтарскай методыкі кожны з прысутных меў магчымасць раскрыць свет сваіх фантазій, праявіць свой творчы патэнцыял і арыгінальнасць думкі!
Пасля гэтага аўтарам быў прадстаўлены шэраг унікальных прац для дзяцей і дарослых, сярод якіх ‒ «В кармашке», «Глаза», «Maum», «О близких тканях», «Дневник Блумки», «О тех, которые развивались», «Где моя дочь?». На тварах прысутных падчас іх знаёмства з творамі Івоны Хмялеўскай можна было назіраць цэлы спектр разнастайных эмоцый: усмешку, здзіўленне, насцярожанасць, задуменнасць, смутак і нават слёзы.
Івона Хмялеўска прызналася прысутным, што любіць збіраць розныя, нікому не патрэбныя рэчы, якія яе часам натхняюць на новыя вобразы і становяцца падручнымі сродкамі ў стварэнні яе кніжных «дзяцей». Так, ёй нярэдка аддаюць свае рэчы розныя людзі ці яна сама наведвае сэканд-хэнды, каб набыць чужыя тканіны і надаць ім новы сэнс, праявіўшы фантазію.
Напрыканцы сустрэчы Івона адказала на пытанні зацікаўленай публікі адносна яе творчасці і асабістага жыцця, паставіла аўтографы на створаных падчас майстар-класа працах удзельнікаў і сфатаграфавалася з усімі жадаючымі.
Значным і яркім завяршальным акордам творчай сустрэчы стала ўручэнне Івонай Хмялеўскай і Кшыштафам Расіньскім некаторых выданняў аўтара з яе асабістымі памятнымі подпісамі цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая.
На памяць аб цёплай і душэўнай сустрэчы з наведвальнікамі і супрацоўнікамі бібліятэкі Івона Хмялеўска пакінула ў кнізе ганаровых гасцей ілюстраваны аўтарскі запіс.
У хуткім часе кнігі Івоны Хмялеўскай папоўняць фонд польскай літаратуры сектара літаратуры на замежных мовах цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая, дзе з імі будзе мець магчымасць пазнаёміцца кожны жадаючы.
Алена Пяшчынская, галоўны бібліятэкар аддзела метадычнай і аналітычнай работы ЦГБ імя В. Таўлая.
Фота прадастаўлены сектарам літаратуры на замежных мовах ЦГБ імя В. Таўлая.