Са студзеня па кастрычнік 2025 года ў Беларусі праводзіцца рэспубліканскі конкурс творчых работ «Праз творчасць у прафесію жыцця», у якім запрашаюцца да ўдзелу школьнікі з розных куткоў краіны.
Арганізатарамі конкурса з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы ва ўзросце 12–17 гадоў пад кіраўніцтвам педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Можна дасылаць свае творчыя работы ў наступных намінацыях: «Ад захаплення да прафесіі жыцця» і «Падарожжа ў свет прафесій».
Конкурс праводзіцца ў чатыры этапы:
– першы (адборачны, студзень – сакавік) – ва ўстановах адукацыі;
– другі (адборачны, красавік – чэрвень) – раённы, гарадскі;
– трэці (адборачны, ліпень – верасень) – абласны, Мінскі гарадскі;
– чацвёрты (заключны, кастрычнік) – рэспубліканскі, на якім разглядаюцца і ацэньваюцца творчыя работы пераможцаў і прызёраў абласных і Мінскага гарадскога этапаў конкурсу (па 6 лепшых работ у кожнай намінацыі).
Па выніках мерапрыемства плануецца выданне зборніка лепшых работ.
Больш падрабязна з патрабаваннямі да творчых работ і зместам кожнай намінацыі можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Падрыхтавала Алена РАКУЦЬ