Наверх

Рэспубліканскі фестываль дзіцячай кнігі “Роднай Мышанкі абшары” адбыўся ў Баранавіцкім раёне

20.08.2024 460 Наш край

Добрая кніга – гэта заўжды мора эмоцый, уражанняў і яскравых падзей. А дзіцячая літаратура – гэта цэлы свет, поўны незвычайных прыгод, вясёлых падарожжаў, верных сяброў і добрых учынкаў. Яна, быццам казачны куфэрак, поўны цудаў і чараўніцтва. І менавіта дзіцячая кніга і яе аўтары сталі галоўнымі героямі рэспубліканскага фестывалю дзіцячай кнігі “Роднай Мышанкі абшары”, што прайшоў 17 жніўня на базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота.

20-08-(10).jpg

Трэба адзначыць, што фестываль сабраў пад сваім крылом не толькі аматараў сучаснай дзіцячай літаратуры і людзей, якія прысвяцілі сваё жыцце напісанню твораў для юных чытачоў, але і шмат пачэсных гасцей. Дарэчы, адзін з іх – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч – уручыў на галоўнай сцэне падзякі старшыні Баранавіцкага райвыканкама Раману Жуку, яго намесніку Міхаілу Барысевічу, начальніку аддзела культуры Аксане Шчэрбе, дырэктару Баранавіцкай РЦБС Таццяне Лайшы.

Акрамя таго, падзякамі ўзнагароджаны прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна: “Крошын”, “СталовічыАгра”, “Агракамбінат “Мір”, “Эксперыментальная база “Вольна”, “Баранавіцкая птушкафабрыка”, “Птушкафабрыка “Дружба”, “Баранавіцкі райаграсервіс”.

Гэтыя гаспадаркі набылі ў выдавецтве “Звязда” дзіцячыя кнігі, якія будуць уручаны школьнікам і выхаванцам дзіцячых садкоў 1 верасня. Але ўсё гэта крыху пазней. А пачалося само мерапрыемства непасрэдна з экскурсіі па Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яна Чачота. Праводзячы гасцей па яе залах і кабінетах, дырэктар Таццяна Лайша распавядала не толькі аб тым, чым жыве сучасная бібліятэка. У адпаведнасці з тэмай фестывалю асноўная ўвага была нададзена рабоце з дзецьмі і папулярызацыі дзіцячай літаратуры. А расказаць тут было аб чым! Акрамя правядзення розных мерапрыемстваў, сапраўднай гераіняй якіх, незалежна ад тэматыкі свята, заўжды з’яўляецца кніга, галоўная бібліятэка раёна займаецца яшчэ і пошукам юных літаратурных талентаў. Іх вершы і невялікія апавяданні друкуюцца ў кнізе “С.Т.Р.О.Ч.К.И.”. На сённяшні дзень выдадзена чатыры выпускі. Было чым падзяліцца з прысутнымі і аўтарам – гасцям свята, якія прыехалі ў вёску Новая Мыш з розных куткоў Беларусі. Сваю творчасць, талент і часцінку душы малым і дарослым падаравалі прадстаўнікі Мінскага гарадскога, Гродзенскага абласнога, Мінскага абласнога, Брэсцкага абласнога і Віцебскага абласнога аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
20-08-(1).jpg

20-08-(2).jpg

20-08-(11).jpg

20-08-(4).jpg

20-08-(3).jpg
Але гэтым літаратурная частка свята не абмяжоўвалася. Для іншых творцаў, запрошаных на фестываль, працавала малая сцэна. На ёй для юных чытачоў свае вершы чыталі ўдзельнікі літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, якая дзейнічае на базе ЦРБ імя Яна Чачота (кіраўнік Раіса Раманчук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі), прадстаўнікі літаратурнага клуба “Купальскія зоры” (кіраўнік Таццяна Яцук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі). Акрамя таго цёплую атмасферу фестывалю ўдала дапоўнілі паэты з іншых гарадоў нашай вобласці. Так, творчую суполку Ганцавічаў прадстаўляла Аксана Карповіч, Лунінца – Віктар Пінігін, Ляхавічаў – Ларыса Глеб, Пінска – Ніна Енвулаева. Але ж свята не было б сапраўдным без музыкі і песень. Свае творчыя нумары дзецям і дарослым дарылі навучэнцы Навамышскай дзіцячай школы мастацтваў.
20-08-(6).jpg

20-08-(5).jpg

20-08-(7).jpg
Бібліятэчныя супрацоўнікі як людзі заўжды адкрытыя для прафесійных здабыткаў таксама не засталіся ўбаку ад фестывалю. Гасцямі свята сталі прадстаўнікі бібліятэчных сістэм горада Баранавічы, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага раёнаў.

20-08-(8).jpg

20-08-(9).jpg
Скончылася мерапрыемства круглым сталом, асноўнай тэмай якога стала роля кнігі ў выхаванні дзяцей. Перад прысутнымі выступіла Таццяна Дземідовіч, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, з дакладам «Праблемы папулярызацыі дзіцячай літаратуры». Таццяна Яцук, член Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, выступіла на тэму «З уласнага вопыту напісання кніг і папулярызацыі дзіцячай літаратуры».

Так, дзіцячая кніга – гэта сапраўды цэлы свет, поўны цудаў. І вельмі важна, каб нашы дзеці, нашы чытачы памяталі шлях ў гэты дзівосны, непаўторны свет, што дорыць нам Яе Вялікасць Літаратура.

Святлана КРОПАТАВА, загадчык аддзела выдавецкай дзейнасці ЦРБ імя Яна Чачота





  • Мы в социальных сетях: