Наверх

Пясняр майго дзяцінства

06.07.2012 670 Наш край

Не стану засяроджвацца на адметнасцях творчасці волата беларускай літаратуры Янкі Купалы, на яго асабістым укладзе ў яе станаўленне і развіццё. Спынюся толькі на тым, якім ён запомніўся мне з дзіцячых гадоў і якім я адкрыў яго асабіста для сябе.

Імя Янкі Купалы ўпершыню я пачуў і адчуў мілагучную прыгажосць слоў у яго творах, яшчэ калі вучыўся ў Нова-Вадвянскай пачатковай школе (была такая ў былым Стара-Вадвянскім сельсавеце на Шклоўшчыне).

Ужо з другога-трэцяга класаў мы выпісвалі і чыталі любімую газету школьнікаў «Піянер Беларусі». На яе старонках час ад часу з’яўляліся вершы Янкі Купалы – немудрагелістыя па сюжэтнай пабудове і лёгка запамінальныя, як, напрыклад, вось гэтыя радкі:

Ты слухай, паслухай,

Таварыш і брат:

Заўсёды наперад!

Ніколі назад!..

Варта прачытаць гэтыя радкі хоць адзін раз – і яны назаўсёды застануцца ў тваёй памяці. Водгалас некаторых з іх, напрыклад, верша «Вечарынка ў калгасе», які быў па-кладзены на музыку і стаў песняй, адчуваецца мною і сёння. Гэтая песня, дарэчы, упрыгожвала рэпертуар беларускага радыё на працягу многіх пасляваенных гадоў.

Сярод іншых Купалавых твораў таго часу незабыўнае ўражанне ў мяне выклікаў «Хлопчык і лётчык». Маленькі хлопчык слёзна ўпрошвае лётчыка ўзяць яго ў кабіну самалёта, каб з вышыні нябёсаў палюбавацца зямлёю, «паглядзець, як месяц на небе начуе, як блукае ў лесе мядзведзь…» Мне было вельмі шкада таго хлопчыка. Калі я чытаў і ў каторы раз перачытваў гэты верш, у мяне з вачэй сыпаліся слёзы. Цікава, што і сёння, праз 77 гадоў пасля таго, як я пазнаёміўся з гэтым творам, мне прыпамінаюцца тыя радкі.

Купала блізкі мне з дзяцінства яшчэ і тым, што ягоныя жартаўлівыя п’есы «Паўлінка» і «Прымакі» былі галоўнымі ў рэпертуары маладзёжнага гуртка мастацкай самадзейнасці нашага калгаса «Беларусь». На гэтых спектаклях я гучна смяяўся разам з дарослымі.

У перадваенныя гады Янка Купала летнімі месяцамі адпачываў у Ляўках паблізу Оршы і народжаныя там вершы падпісваў «Ляўкі, Аршаншчына». Не ведаў я тады, зялёнае вясковае хлапчанё, што Ляўкі знаходзяцца зусім побач з нашай вёскай, за трыццаць кіламетраў ад яе. А калі б ведаў, то наўрад ці ўстрымаўся б ад таго, каб адным цёплым летнім днём накіравацца туды і сустрэцца з паэтам. Мне вельмі хацелася ўбачыць яго.

У супрацьлеглым накірунку, недалёка ад нас знаходзіўся Магілёў. Кожную нядзелю хто-небудзь з нашых вяскоўцаў бываў ў горадзе на кірмашы, ці наведваўся туды па іншых справах. І я з зайздрасцю слухаў аповяды тых, каму пашчасціла на гарадскіх вуліцах выпадкова ўбачыць Янку Купалу побач з ягоным аўтамабілем. Сумніўным падавалася толькі тое, што некаторыя з вяскоўцаў сцвярджалі, нібыта на дзверцы ягонага аўтамабіля быў заварожваючы надпіс «Янка Купала».

Не сцерліся з маёй памяці і фрагментарныя ўспаміны людзей, якія кантактавалі з паэтам-легендай. Фотакарэспандэнт аднаго з рэспубліканскіх выданняў неяк распавёў мне, як аднойчы яго, завітаўшага да Купалы ў Ляўкі, хлебасольны Янка доўга не адпускаў ад сябе, частаваў ажно тры дні.

Такой жа гасціннай была і яго ўдава, Уладзіслава Францаўна. Іншыя ўспаміналі, калі яна (вядома, не адна) прыязджала ў Вязынку, то ў багажніку аўтамабіля заўсёды было     спіртное і закуска. Дарэчы, многія заўважалі, седзячы ў Вязынцы пад векавым дубам, што на гэтым месцы ў свой час пісаў вершы Янка Купала.

Неяк у Мінску я выпадкова сустрэўся з былым меліяратарам Кадоўскім, які напачатку 30-х гадоў займаўся асушэннем балот у Любанскім раёне, што на Міншчыне. У той час Янка Купала працаваў над паэмай «Над ракою Арэсай» і пэўны час праводзіў там.

Як распавёў Кадоўскі, Купала жыў на рачной баржы. Пад яго ложкам заўсёды знахо-дзілася скрынка… з гарэлкай. І тут ён вызначаўся гасціннасцю! Людзі паважалі яго не толькі як знакамітага паэта, але і як чалавека.

Аднойчы, перасаджваючыся з лодкі на баржу, Янка спатыкнуўся, і ягоны партфель аказаўся ў вадзе. Пэўна, ў ім быў рукапіс паэмы. Мужчыны, што знаходзіліся побач, прыйшлі на дапамогу і вылавілі той партфель з ракі.

Купалава паэма «Над ракою Арэсай», выдадзеная ў 1933 годзе, была ўключана ў школьныя падручнікі. Урыўкі з яе ў сярэдняй школе мы завучвалі на памяць.

У даваенныя гады некаторым гультаяватым вучням вельмі «пашанцавала». Пасля хвалі сталінскіх рэпрэсій мала хто з беларускіх пісьменнікаў застаўся ў хрэстаматыях. І засвойваць іх творы на ўроках не трэба было. З гэтай нагоды, ці то жартам, ці то ўсур’ёз, мой брат Сяргей паўтараў: «Засталіся толькі Колас і Купала, ды і ім трохі папала».



  • Мы в социальных сетях: