Наверх

Прыхільнікаў літаратурнай творчасці ў Баранавічах сабрала «Зорная імпрэза»

12.01.2024 561 Наш край

За акном шчыруе зіма, а ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая па-летняму сонечна і ўтульна. 11 студзеня ў чытальнай зале прыхільнікаў літаратурнай творчасці сабрала «Зорная імпрэза». Нагодай для сустрэчы стаў юбілей літаратурна-творчага аб’яднання «Купальскія зоры», якое вось ужо пяць гадоў плённа працуе пры бібліятэцы. Творчая суполка пачала сваю дзейнасць у снежні 2018 года.  Першым і нязменным яе кіраўніком стала Таццяна Яцук – сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар 14 паэтычных выданняў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 г. Баранавічы.

biblioteka-1.jpg
biblioteka-2.jpgbiblioteka-3.jpgbiblioteka-4.jpg

Літаб’яднанне бесперапынна вядзе работу па пошуку літаратурных талентаў, папулярызацыі творчасці мясцовых паэтаў, абмену думкамі, стварэнню спрыяльных умоў для развіцця літаратуры, сумесна з бібліятэкай ладзіць літаратурныя сустрэчы, майстр-класы, літаратурныя чытанні, сустрэчы з пісьменнікамі і інш. Сябры «Купальскіх зораў» актыўна прымаюць удзел у гарадскіх, раённых мерапрыемствах, паспяхова дэманструюць сваю творчасць на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Асобна хочацца адзначыць працу ўдзельнікаў аб’яднання – членства ў журы, творчыя выступленні – у  час правядзення бібліятэкай літаратурна-творчых конкурсаў (конкурс дэкламатараў вершаў Валянціна Таўлая «Яго напевам выпаў слаўны лёс», 2019; відэаконкурс чытальнікаў «І сёння з намі Колас і Купала», 2022). Яркім момантам 2023 года стаў літаратурны конкурс аўтарскай паэзіі і прозы «Зямля, што дорыць мне натхненне», прымеркаваны да Году міру і стварэння. Конкурс праводзіўся па ініцыятыве літаратурна-творчага аб’яднання сумесна з цэнтральнай гарадской бібліятэкай і быў з цікавасцю ўспрыняты жыхарамі баранавіцкага рэгіёна.

biblioteka-5.jpg
biblioteka-6.jpgbiblioteka-7.jpgbiblioteka-9.jpg

Вынікам творчай працы літаб’яднання стаў зборнік паэзіі і прозы «Купальскія зоры» (2021). Літаратурнае выданне стала цудоўным падарункам жыхарам  горада Баранавічы да яго 150-годдзя.  Вершы і проза, змешчаныя ў кнізе, прысвечаны Радзіме, любові да роднай прыроды, маці, гістарычнаму мінуламу. Усе творы розныя, але аб’яднаны шчырым, адкрытым словам, якое выхоўвае спагаду, дабрыню, чуласць да чалавека.

На сённяшні дзень творчая суполка аб’ядноўвае 16 паэтаў і празаікаў горада. Многія з іх па роду дзейнасці не звязаны з літаратурай, але маюць вялікае жаданне данесці да чытача свае думкі, перадаць сваё бачанне рэчаіснасці. Гэта людзі апантаныя прыгажосцю і веліччу мастацкага слова. Пераканацца ў гэтым спаўна змаглі госці юбілейнага вечара. Пранікнёна гучалі вершаваныя і празаічныя творы ў выкананні Таццяны Яцук, Аляксея Белага, Юрыя Мазалевіча, Вячаслава Хвайніцкага, Таццяны Смаляк, Наталлі Несцярук, Галіны Сокал, Міхаіла Стрыжова. Цудоўныя песні на словы ўдзельнікаў літаб’яднання выканалі Рэгіна Скіпар і Ірына Мезенцава.

Асабліва хвалюючым стала выступленне юных талентаў. З мінулага года пад творчым крылом «Купальскіх зораў» спрабуюць свае літаратурныя сілы «Купальскія зорачкі» – вучні гарадскіх школ. Са сваёй казкай удзельнікаў сустрэчы пазнаёміла вучаніца СШ № 4 Аляксандра Лебедзева.

Сярод гасцей вечарыны прысутнічалі людзі і залатога ўзросту. «Зорная імпрэза» стала яшчэ адным падарункам жыхарам нашага горада ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «От всей души».

Хутка ляцяць гады, а ўспаміны застаюцца назаўсёды. Удзельнікі «Зорнай імпрэзы» з задавальненнем «пагарталі» старонкі віртуальнага фотаальбома «Праз гады з бібліятэкай», які падрыхтавалі бібліятэчныя спецыялісты.

Пазнаёміцца з творчасцю ўдзельнікаў літаб’яднання «Купальскія зоры» можна ў бібліятэках горада, а такасама на бібліятэчным сайце. З гэтага года стартаваў праект «Галасы землякоў» – тэматычная літаратурная старонка з аўдыёзапісамі твораў баранавіцкіх паэтаў і празаікаў.
biblioteka-8.jpg
Надзея КІПЕЛЬ, вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя В. Таўлая

Фота Алены АЛЬПЯРОВІЧ




  • Мы в социальных сетях: