20 студзеня ў 15.00 у філіяле № 2 «Гарадская дзіцячая бібліятэка» (вул. Камсамольская, 23А) адбудзецца прэзентацыя выставы «Гуляюць фарбы па малюнках» навучэнцаў дзіцячай студыі дэкаратыўнага мастацтва Ірыны Літвінюк.
На выставе будзе прадстаўлена больш за 30 работ юных мастакоў ва ўзросце ад 5 да 11 гадоў. Малюнкі выкананы ў разнастайных тэхніках: акварэль, воск, акрыл, маркер, аловак, змешаная тэхніка.
Адкрыццё выставы адбудзецца ў тэатралізаваным фармаце з удзелам казачных герояў: Карлсана і Мастака. З музычным падарункам у бібліятэку завітаюць навучэнцы дзіцячай музычнай школы мастацтваў горада Баранавічы.
Яркім завяршальным акордам мерапрыемства стане ўзнагароджанне аўтараў творчых работ граматамі і прызамі, сярод якіх – каляндар, праілюстраваны самімі ўдзельнікамі выставы.
Пазнаёміцца з выставай можна будзе да 31 сакавіка. Уваход вольны.
Падрыхтавала Алена РАКУЦЬ