Наверх

Пераможцу чакае прэмія

27.05.2014 304 Наш край

Міністэрства культуры падвяло вынікі ХХІІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» за 2013 год. Лепшай сярод гарадскіх бібліятэк у намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання» вызначана наша цэнтральная гарадская бібліятэка імя В.П. Таўлая. Пераможца атрымае дыплом першай ступені і грашовую прэмію ў памеры 50 базавых велічынь.

Гэта ўзнагарода штогод прысуджаецца лепшым бібліятэкам краіны за дзейнасць па фарміраванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджванне ідэі беларускасці, прапаганду нацыянальнай спадчыны, гісторыі, мовы і літаратуры. Праца баранавіцкіх бібліятэк высока ацэньваецца прафесійным журы конкурсу ўжо тры гады запар: у 2012 годзе дыплом за 3 месца атрымала гарадская бібліятэка (філіял № 4 ЦБС) Паўночнага мікрараёна, у мінулым годзе заахвочвальнай прэміяй быў узнагароджаны калектыў чытальнай залы літаратуры па краязнаўству, а сёлета цэнтральная гарадская бібліятэка імя

В.П. Таўлая (дырэктар Вольга Юр’еўна Аляксеенка) стала пераможцай, паўтарыўшы свой жа поспех 1997 года.

Папулярызуючы нацыянальную літаратуру, бібліятэкары горада падрыхтавалі ў электронным фармаце разнастайныя выданні: кнігі Віктара Праўдзіна, Паўла Саковіча, Святланы Алексіевіч, Людмілы Рублеўскай, Рыгора Барадуліна, Георгія Марчука, Анатоля Бутэвіча, Алеся Корнева рэкламаваліся з дапамогай мультымедыйных прэзентацый і буктрэйлераў, віртуальных выставак і відэасюжэтаў…

Праца з беларускай кнігай стала прыярытэтам у дзейнасці бібліятэк. Сучасная беларуская літаратура на самай справе цікавая, разнапланаваная, шчодра таленавітая, у пастаянным пошуку, з новымі адкрыццямі і знаходкамі. А колькі яшчэ кніг не ахоплена такімі актыўнымі метадамі папулярызацыі! Спецыялісты Баранавіцкай ГЦБС і надалей будуць працаваць над тым, каб цікавасць да роднай літаратуры не толькі не знікала, але і мацнела, а чытанне не стала ў наш імклівы век перажыткам мінулага.



  • Мы в социальных сетях: