Мы паведамлялі пра конкурс юных паэтаў з навучальных устаноў раёна, які адбыўся ў Сталовіцкай СШ і быў прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Танка. Прапануем увазе чытачоў творы ўдзельнікаў конкурса, якія сталі пераможцамі.
Ангеліна ВОЙНА
Сеўрукоўская БШ, 7 клас
Волат
Увасабленнем моцы чалавечай
І волатам стальным прайшоў праз век,
Пад лёсам не сагнуўшы свае плечы,
Яўген Скурко – паэт і чалавек!
Ён заклікаў шукаць сабе свабоду,
Як птушка, ён імкнуўся ў палёт,
Не здрадзіў ні Радзіме, ні народу
І ў самы страшны – сорак першы год.
Паэт народны – ён служыў Айчыне!
Свой талент шчодра людзям аддаваў,
Імя сваё ў сэрцах ён пакінуў,
Максімам Танкам назаўсёды стаў.
Беларускі пісьменнік, славуты паэт,
Пачынаў творчы шлях ён з малога.
Беларускую мову выводзіў у свет,
Захапляў складам думак любога.
Кожным словам сваім, кожным вершам сваім
Ён вучыў нас жыццём захапляцца,
І за край родны свой, за свабоду ў ім
Да апошняй хвіліны змагацца!
Вадзім РАГАЦЭВІЧ
Каўпеніцкая БШ, 5 клас
Хвала табе, паэт!
Клічуць родныя мясціны,
Паўстае ў харастве
Край любімы і адзіны,
Дзе з’явіўся ты на свет.
Вёска Пількаўшчына, Нарач.
Вось любімы твой куток,
Дзе з пяра зляцела слова,
Дзе зрабіў ты першы крок.
Птушкі там ляцяць над борам,
Пчолкі зумкаюць у галлі.
Ты імкнуўся к ясным зорам,
К шчасцю роднае зямлі.
Таму хвала табе, паэт!
Святкуюць юбілей твой людзі.
Імя тваё вядома на ўвесь свет,
Народ цябе ніколі не забудзе.
Аляксей ВАЙЦЕХОВІЧ
Арабаўшчынская БШ, 6 клас
Кросны
Памяці М.Танка
Думкі, што кросны
Бабулі Таццяны,
Ткуць гэты верш мой –
Нязграбны, стракаты.
Ладная, гожая
Бабчына мова,
Ты маіх думак –
Уток і аснова.
Смехам вясёлкі,
Гаем цяністым,
Лугам шаўковым,
Позіркам чыстым.
Сэрца, як бёрда,
Натхнёна грукоча,
Памяццю дыхае
Верш мой юнацкі.
Дзякуй табе,
Мая родная мова,
Ты майго сэрца
Уток і аснова.