2022 год праходзіць у Беларусі пад знакам 140-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Святочныя мерапрыемствы з нагоды юбілеяў класікаў на працягу года ладзіліся і ў публічных бібліятэках Баранавічаў.
Тут створаны комплекс рэсурсаў метадычнага характару для інфармацыйнага суправаджэння знамянальнай даты. На працягу года ладзяцца выстаўкі, літаратурныя сустрэчы, конкурсы знаўцаў творчай спадчыны слынных пісьменнікаў. Бадай, самая значная літаратурная падзея года ў бібліятэчнай прасторы Баранавічаў адзначана відэаконкурсам чытачоў “І сёння з намі Колас і Купала”, які ладзіўся з 1 верасня па 31 кастрычніка. Ушанаванне ўдзельнікаў і ўзнагароджванне пераможцаў адбудзецца на літаратурным свяце “На кожнай сцяжынцы іх песня і голас…”, якое плануецца на 24 лістапада.
Акрамя комплексу мерапрыемстваў уласнай генерацыі, баранавіцкія бібліятэкары сталі ўдзельнікамі міжнароднага паэтычнага марафону “Чытаем куміраў разам з мірам”, арганізатарамі якога выступілі супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. Яны звярнуліся да сваіх калег у Беларусі і за яе межамі, да падпісчыкаў у сацыяльных сетках і да прыхільнікаў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа з прапановай прыняць удзел у паэтычным марафоне. Для гэтага трэба было прачытаць улюбёныя вершы класікаў на беларускай мове або ў перакладах на іншыя мовы і даслаць у бібліятэку кароткае відэа.
У выніку ў бібліятэку былі дасланы 43 відэа з 8 краін (Беларусі, Расіі, Нідэрландаў, Італіі, Іспаніі, Ізраіля, Германіі, Аўстрыі) на 8 мовах. Да праекта далучыліся супрацоўнікі і чытачы Разанскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя М. Горкага, Гомельскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя У. І. Леніна, Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, 20 бібліятэк Брэсцкай вобласці.
З гонарам можна адзначыць, што ўдзел бібліятэчных спецыялістаў з Баранавічаў стаў яркай падзеяй. Відэаролік ад цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая, дасланы на міжнародны форум, быў удастоены высокай адзнакі арганізатараў. Ганаровая падзяка і сертыфікаты ўдзельнікаў былі ўручаны Таццяне Рудкоўскай, дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы, на абласным семінары для кіраўнікоў бібліятэчных сістэм вобласці “Актуальныя пытанні ў развіцці публічных бібліятэк”, які адбыўся 9-10 лістапада.
Шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў удзел у стварэнні відэароліка, – адміністрацыі бібліятэчнай установы і бібліятэкарам. Асобная падзяка – Арцёму Бадаку, даўняму і шчыраму сябру бібліятэкі, сацыяльнаму партнёру.
Іна РУШНІЦКАЯ, загадчык сектара ЦГБ імя В. Таўлая