Наверх

Падведзены вынікі конкурсу бібліятэкараў раёна

28.11.2014 304 Наш край

У Доме культуры аграгарадка Жамчужны падведзены вынікі агляду-конкурсу пад назвай «Традыцыйна, інавацыйна, творча», у якім цэлы год удзельнічалі бібліятэкары раёна.

Мэтай конкурсу было распаўсюджванне вопыту лепшых бібліятэкараў, якія працуюць творча, самі любяць святы і ўмеюць дарыць іх людзям. Імі было падрыхтавана больш за 30 мерапрыемстваў, прысвечаных Году гасціннасці, прапагандуючых здаровы лад жыцця, услаўляючых патрыятызм, узвышаючых духоўнасць чалавека, а таксама прысвечаных знакавым каляндарным датам і юбілеям пісьменнікаў і паэтаў. І ўжо на падвядзенні вынікаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анатоль Філанчук заўважыў, што гэты праект, які нарадзіўся толькі сёлета, апраўдаў сябе.

 – Бібліятэкары, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, – падкрэсліў Анатоль Пятровіч, – падышлі да яго творча і даказалі, што ўмеюць працаваць, а ў некаторай ступені яны нават крыху і пераганяюць клубных работнікаў. Вялікі вам дзякуй за працу, за добры пачатак. Конкурс пераканаў, што вы калектыў не толькі па штатным раскладзе, але і па ўзаемадзеянні, праяўленым пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў.

Усе бібліятэкі, улічваючы іх статус, былі раздзелены на чатыры групы.

У першую з іх трапілі  цэнтральная раённая і бібліятэкі аграгарадкоў, у другую – сельскія бібліятэкі, у трэцюю –  бібліятэкі-клубы, а чацвёртую групу склалі дзве і больш бібліятэк, якія праводзілі сумесныя мерапрыемствы.

Журы ацэньвала выканаўчае майстэрства, музычна-мастацкае афармленне, актуальнасць тэмы, літаратурна-мастацкую якасць сцэнарыя, а таксама ўзаемадзеянне з іншымі ўстановамі: культуры, адукацыі, аграпрамысловага комплексу, аховы здароўя раёна, а таксама з органамі ўлады і праваахоўнымі, іншымі структурамі.

І вось называюцца імёны пераможцаў, ім уручаюцца граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, каштоўныя падарункі, кветкі.

У першай групе перамагла Святлана Ашыбкіна – бібліятэкар Мірскай бібліятэкі, на другім месцы Таццяна Сілівончык – яе калега з філіяла цэнтральнай раённай бібліятэкі пры райвыканкаме, трэцяе месца заняла Раіса Пятроўская з Русіно.

Лепшымі ў другой групе сталі бібліятэкары Галіна Марчык з Лаўрынавіч, Леаніла Рудкоўская з Забалацця і загадчыца Маласваротаўскай бібліятэкі-музея Ірына Нагорная.

У трэцяй групе было заяўлена толькі два ўдзельнікі конкурсу – Лотвіцкая і Люшнеўская бібліятэкі-клубы.

І па гэтай намінацыі журы пераможцаў не вызначала.

У чацвёртай групе ўдзельнікаў першае месца заваявалі бібліятэкар Марына Пабойнева з Лясной, загадчыца Паўлінаўскай бібліятэкі-клуба Алена Калдзова і яе калега з Тартакоў Аксана Здановіч. На другой прыступцы п’едэсталу гонару ў гэтай групе бібліятэкары Святлана Стрыжаусава з Калпеніцы, Іна Яцута з Падлясеек і загадчыца Ятвезьскай бібліятэкі-клуба Людміла Яцута. Трэцяе месца ў гэтай групе журы не прысуджала.

Вызначаліся пераможцы і ў асобных намінацыях. У намінацыі «Цераз кнігу – да духоўнасці» перамагла Наталля Церан, бібліятэкар з Перхавіч; «Ад сэрца да сэрца» – Алена Тарасюк, загадчыца Яжонаўскай бібліятэкі-клуба, і Таццяна Чабан, бібліятэкар з Падгорнай; «Нацыянальныя традыцыі гасціннасці» – бібліятэкар  з Ніжняга Чэрніхава Жана Лабко і загадчыца Задвейскай бібліятэкі-клуба Святлана Гняцецкая; «Інавацыі ў творчасці» – калектыў Гарадзішчанскай гарпасялковай бібліятэкі (загадчыца Наталля Толах).

 А напрыканцы гэтага своеасаблівага свята бібліятэкараў дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Лайша адзначыла:

– Думаю, што такія мерапрыемствы мы будзем праводзіць і ў наступныя гады, яны стануць традыцыйнымі.



  • Мы в социальных сетях: