І праўду кажуць: стары – што малы. Успомнілася гэта выслоўе пасля наведвання гуртка ганчарства Цэнтра рамёстваў, які месціцца ў аграгарадку Русіно. На развітанне дзятва падарыла мне невялікую гліняную свістульку ў выглядзе птушачкі. Не паспеў я падуць, каб пачуць голас таго салавейкі ці галубка, як цяпер ужо другакласніца Русіноўскай сярэдняй школы Маша Сінюта, удзельніца гуртка, сур’ёзна папярэдзіла: «Не свішчыце – грошай не будзе!»
У дзяцінстве такой цацкі ў мяне не было – сам рабіў свісцёлкі, але з вярбы. І ўжо за сценамі Цэнтра рамёстваў (каб не бачылі дзеці, ды і дарослыя каб не падумалі, што здзяцінеў) насвістаўся ўдосталь.
Уладзімір Даль у сваім слоўніку даў цікавае вызначэнне, што такое цацка: «…штучка, зробленая для забаўкі, для гульні ці пацехі, асабліва дзецям». Слова «асабліва» крыху супакоіла – значыць, цацкі аднолькава належаць і дзецям, і дарослым.
З дня заснавання гуртка ганчарства – восем гадоў – ім кіруе выкладчык выяўленчага мастацтва Іван Якушэнкаў. Ён лічыць, што вырабы з гліны – глыбока жыццёвыя і дэмакратычныя і бяруць свой пачатак ад народных промыслаў. З пакалення ў пакаленне ганчарства перадае народнае ўяўленне аб жыцці, працы і прыгажосці.
– Лепка і роспіс гліняных вырабаў – прадуктыўныя віды дзейнасці, якія даюць дзецям бачныя вынікі, – гаворыць Іван Віктаравіч. – Свае вырабы ім цікава паказаць і іншым людзям, дзякуючы чаму яны адчуваюць сябе стваральнікамі, атрымліваюць душэўнае задавальненне і гордасць, бо гэта творчасць. Нездарма ў народзе гавораць: «Я чую – я забываю, я бачу – я запамінаю, я раблю – я разумею». Дзеці спасцігаюць душу народа, яго культуру. І мараць, што некалі ў іх з’явіцца і сапраўднае ганчарнае кола, і муфельная печ, бо цяпер абпальваць дзіцячыя гліняныя вырабы я важу ў Баранавічы.
Летась васьмікласніцы Русіноўскай сярэдняй школы Насця Яраховіч і Ангеліна Дабрыян ездзілі на фестываль ганчарства «Гліняны звон» у горад Івянец Мінскай вобласці. У намінацыі «За лепшы музычны інструмент з гліны» за свае свісцёлкі атрымалі
дыплом ІІ ступені.
– Сёлета на 8 Сакавіка я падарыла сваёй бабулі анёла, – успамінае Насця. – Бабуля спачатку не паверыла, што яго зрабіла я сама, падумала, што ён куплены ў магазіне. А потым, убачыўшы, што анёл зроблены з гліны, паверыла.
Два разы на тыдзень на заняткі прыходзіць да дзесяці вучняў мясцовай школы, а Данік Мельнікаў прыязджае з Баранавіч, дзе вучыцца ў СШ № 15 і перайшоў ужо ў чацвёрты клас.
– Некаторыя мае сябры не могуць ляпіць падзелкі з гліны, у некаторых няма часу на гэта, – гаворыць хлопчык. – А я сам хачу навучыцца, таму і прыязджаю сюды. А ў школе яшчэ і факультатыўна займаюся лепкай з гліны і маляваннем.
У невялікім пакойчыку, дзе размясціўся гурток ганчарства, на паліцах стаяць дзясяткі дзіцячых вырабаў: розныя жывёлы і птушкі, хатнія прылады, казачныя замкі… У звычайных рэчах з гліны выяўляюцца майстэрства, фантазія і мастацкі густ, узятыя дзецьмі ў спадчыну ад прадзедаў, дзядоў і бацькоў.
Па суседству з «ганчарамі» працуюць іншыя прадаўжальнікі народных традыцый, якія спасцігаюць майстэрства ткацтва, пчалярства, разьбярства, роспісу па шкле. Але пра іх раскажам іншым разам.
Міхась ШУБІЧ.
Фота аўтара.
Пожалуйста, авторизуйтесь или зарегистрируйтесь чтобы оставить комментарий