Наверх

«Не пытайце, не прасеце светлых песень у мяне…»

03.11.2012 598 Наш край

Сёння спаўняецца 130 год з дня нараджэння Якуба Коласа. Гэтае імя вядома, напэўна, кожнаму беларусу, пачынаючы ад малодшага школьнага веку. Імя Коласа мы бачым у школьных праграмах па літаратуры,
у шматлікіх перавыданнях (сёння ў свет выходзіць чарговы «Поўны збор твораў»), у помніках і назвах плошчаў, вуліц, станцый чыгункі і метро.

Колас заслужыў усё гэта сваім унёскам у нацыянальную культуру, які зрабіў у складаны перыяд нашай гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя.

Сапраўднае імя Якуба Коласа – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Ён нара дзіўся 3 лістапада 1882 года (па новым стылі) у засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер у межах горада Стоўбцы Мінскай вобласці), ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацькі – Міхал і Ганна (з роду Лёсікаў) паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 кіламетраў ад Стоўбцаў). З трынаццаці дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям’і, да сталых гадоў дажылі дзевяць. Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. 

У 1898 годзе Костусь Міцкевіч паступіў «на казённы кошт» у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую закончыў у 1902 годзе. У час вучобы захапляўся мастацкай літаратурай: чытаў творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Гогаля, Л. Талстога, Т. Шаўчэнкі, І. Франко, А. Міцкевіча. Складаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў матэрыялы па беларускай этнаграфіі, запісваў вусную народную творчасць. У гэты ж час пачаў ствараць вершы і празаічныя творы на беларускай мове. Вельмі паўплываў на будучага паэта выкладчык семінарыі Ф. Кудрынскі, ён ухваліў літаратурныя практыкаванні маладога Міцкевіча і звярнуў увагу на большую вартасць напісанага ім па-беларуску. Гэта ў поўнай меры адпавядала памкненням самога аўтара. Ён адзначаў пазней: «Руская мова не можа выклікаць у такім поўным аб’ёме, калі я пішу, тых адчуванняў, тых пачуццяў і тае каларытнасці, якія ўласцівы беларускай мове, беларускім малюнкам, у якім дае беларуская мова, што з малаком маці ўвайшла ў маю натуру».   

Пасля заканчэння семінарыі ў 1902–1905 гадах малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў беларускі фальклор. У гэты ж час ён пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, праводзіў растлумачальныя гутаркі з сялянамі. Так, у лістападзе 1905 года ён склаў петыцыю жыхароў Пінкавіч да памешчыка з патрабаваннем забяспечыць права сялян на карыстанне азёрамі і ўчасткам зямлі для пашы. Мінскі губернатар прадпісаў паліцыі праверыць звесткі аб «узбуджэнні настаўнікам с. Пінкавічы Міцкевічам сялян…». У студзені 1906 года ў парадку пакарання за грамадскую дзейнасць К. Міцкевіча перавялі ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). 

15 верасня 1908 года Якуб Колас засуджаны на тры гады турэмнага зняволення паводле абвінавачання ў актыўных дзеяннях, накіраваных на выкананне праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, які, як было заяўлена на судзе, меў на мэце ліквідацыю існуючага ў Расійскай імперыі грамадскага ладу. Увесь тэрмін пакарання Якуб Колас адбыў у Мінскім астрозе. 

Пасля выхаду з турмы з верасня 1911 года па 1914 год Якуб Колас займаўся настаўніцкай працай: некалькі месяцаў без афіцыйнага дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у мястэчку Лунінец,  у 1912-1914 гадах пасля атрымання пасведчання аб дабранадзейнасці працаваў настаўнікам спачатку ў вёсцы Купяцічы недалёка ад Пінска, потым у Пінскім 3-м прыходскім вучылішчы. Гэты час вельмі адметны для асабістага жыцця Якуба Коласа. У чэрвені 1913 года Канстанцін Міцкевіч узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, з якой яны пражылі разам больш за трыццаць гадоў, мелі трох сыноў.

Як паэт і пісьменнік Колас атрымаў агульнабеларускую вядомасць у так званы «нашаніўскі перыяд» – час, калі ў Вільні выходзіла «першая беларуская газэта з рысункамі» «Наша ніва».

«Наша ніва» выходзіла штотыднёва з 1906 па 1915 год і здолела згуртаваць наўкола сябе тысячы прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння Беларусі. Канстанцін Міцкевіч, які пісаў пад псеўданімамі Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава, Мікалаевец, быў адным з самых пладавітых нашаніўскіх аўтараў.

У гады Першай сусветнай вайны Колас мабілізаваны, праўда, на фронце быў непрацяглы час. Ад службы быў вызвалены як настаўнік. Бурныя падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны правёў далёка ад Беларусі, у Мінск вярнуўся з Расіі толькі ў 1921 годзе.

У пачатку 1920-х Колас заканчвае дзве свае самыя вядомыя паэмы – «Новую зямлю» і «Сымона-музыку».

Для Якуба Коласа 20– 30-я гады – час у значнай ступені супярэчлівы і няўстойлівы. З аднаго боку – ён прызнаны на дзяржаўным узроўні. 18 кастрычніка 1926 года Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 года ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 – член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927–1929 гадах, членам ЦВК у 1929–1931, 1935–1938. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 год), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 годзе ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы. 

З другога – ім пільна цікавіцца ДПУ, паводле дадзеных якога Колас стаіць на чале «контррэвалюцыйнай» супольнасці, якая мае на мэце стварэнне самастойнай беларускай дзяржавы. Пры гэтым Колас абвінавачваецца ў тым, што расстаўляе «патрэбных» людзей, карыстаючыся сваім аўтарытэтам, на розныя ключавыя пасады ў розных кутках Беларусі. Робіцца гэта часта пры дапамозе магічнай фразы «так трэба для беларускай справы».

Яшчэ ў 1925 годзе ў яго быў праве дзены вобыск, а затым допыт. У 1930-я гады ціск на Якуба Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавач валі ў прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 годзе Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных «памылках». Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта – дзядзька па матчынай лініі, грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938 года ў доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Якубу Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. 

Што прымусіла савецкія карныя органы адмовіцца ад спакусы арыштаваць Коласа? Папулярнасць яго асобы ў БССР? Наўрад ці. Улічваючы асаблівасці грамадскага ладу, савецкае кіраўніцтва магло не звяртаць увагу на грамадскую думку ва ўласнай краіне. Калі і спрацаваў гэты фактар, то толькі ў адносінах да Заходняй Беларусі, дзе савецкі лад стараўся захоўваць прывабны выгляд у вачах тутэйшай супольнасці. 

Грамадскасць Заходняй Беларусі з трывогай сачыла за падзеямі ў БССР, дзе перыядычна ўзнімаліся хвалі ба-
рацьбы з гуманітарнай інтэлігенцыяй, выносіла навіны з БССР на першыя старонкі газет. Магчыма, што якраз заходнебеларускі фактар і спрацаваў у гэтай сітуацыі.

Творы трыццатых гадоў, калі аўтар стаў міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, не маюць той мастацкай вартасці, як напісанае ў папярэднія гады. У гісторыі засталося сведчанне, як Колас перадаваў землякам у Мікалаеўшчыну свае творы. Зняў з паліцы «Новую зямлю», «Сымона-музыку», «Савося-распусніка», потым узяў кніжку «Нашы дні» выдання 1937 года, патрымаў у руках і… паставіў назад на паліцу.

У час канфлікту з гітлераўскай Нямеччынай Якуб Колас эвакуіраваны ўглыб Савецкага Саюза. Піша публіцыстычныя выступленні і мастацкія творы пераважна ваеннай тэматыкі. На фронце гіне яго сын.

Цікавы абразок эпохі, датычны Коласа, пакінуў Янка Брыль: «У вайну, калі быў забіты адзін камандзір партызанскай разведкі, у блакноце ягоным – якая недасведчанасць! – было прачытана паліцыяй і прозвішча майго знаёмага, і тады, і пасля вайны вясковага настаўніка. Яго арыштавалі, дапытвалі з катаваннямі, а потым пагналі ў Нямеччыну, «на работы».

Канвойны аўстрыяк яшчэ на станцыі сказаў яму:

– Вам, гэр лерар, вельмі пашанцавала – вас не расстралялі… За вас прасіў гэр шульінспектар…

Лерар, калі хто не ведае, гэта настаўнік, а шульінспектар, тут не проста інспектар па школах, а брат Якуба Коласа Міхась.

– Таксама кончыў Нясвіжскую семінарыю, толькі ж значна пазней, – расказваў мой знаёмы. – Нацыяналіст быў, як гаварылася. Цяпер ён у Амерыцы… А за мяне, бандыцкага памочніка, заступіўся. Высакародства, прыстойнасць чалавечая былі!.. »

Браты Костусь і Міхась больш ніколі не бачыліся. Міхась Міцкевіч памёр у Нью-Ёрку ў 1991 годзе.

У 1944-м, пасля вызвалення Беларусі, Колас вяртаецца ў Мінск, працягвае творчую і навуковую дзейнасць. У 1956 годзе, незадоўга да смерці, пісьменнік напісаў ліст у ЦК КПБ, у якім выказаў занепакоенасць становішчам беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапанаваў меры па яе абароне.

Гэты ліст – своеасаблівы акт вяртання паэта да тых ідэалаў самабытнай Беларусі, ад якіх яго прымушалі адмовіцца, але вернасць якім ён пранёс праз усё сваё жыццё, поўнае высакароднасці і ахвярнасці.

 

Алесь КОРНЕЎ

Вобразы

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Я. Колас

Думка не раз у былое сягала.

Як тады людзі жылі?

Вобраз Антося і вобраз Міхала

Бачыўся з «Новай зямлі».

 

Кніжкі ласкава даюць у пазыку

Час той з архіва свайго.

Слухаю зноўку Сымона-музыку –

Клопат і песні яго.

 

Гэй, Лабановіч! Ад’едзе Ядвіся!

Ростань, відаць, назусім!

Правільнасць лёсу, дзе ж ты?

Адзавіся! Ды адгукнецца не ўсім.

 

Памяць, што поле глухое, – аблога,

Дзе чэзне сутнасць уся,

Ды ўсё ж адшукваю ў плыні былога

Творчую жарсць Кастуся.

 

Ён, узышоўшы былінкай жытнёвай,

Коласам слаўным узрос.

Вобраз яго, памяць, вечна захоўвай,

Бо Кастусь Колас – калос!



  • Мы в социальных сетях: