Вось ужо трэці год у аграгарадку Крошын праводзіцца раённае свята фальклору «Напевы зямлі маёй».
На свята з’ехаліся фальклорныя калектывы не толькі нашага раёна, але таксама народны тэатральны калектыў «Востраўчанка» Ляхавіцкага раёна і народны этнаграфічна-фальклорны гурт «Завіца» Ганцавіцкага раёна.
Мерапрыемства пачалося са святочнага шэсця фальклорных калектываў. Шчырымі прывітальнымі словамі гасцей свята сустрэла старшыня сельвыканкама Таццяна Шчарбацэвіч. Па дарозе да галоўнай пляцоўкі ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помнікі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, помнікаў Паўлюка Багрыма, Ігната Дамейкі.
«Суквецце творчасці – усім на дзіва» – так называлася выстава народнай творчасці майстроў раёна. Выстава вабіла ўсіх прыгожымі вырабамі, якія выклікалі ў гледачоў хвалі творчага натхнення і прыгажосці.
Вельмі смачныя пачастункі традыцыйнай беларускай кухні падрыхтавалі майстры. Вочы разбягаліся ад прысмакаў, усе частаваліся вяндлінкай, хатнім салам, пірагамі, пернікамі.
А ўжо якая смачная была «Яўгенава юшка»! Разам з жартамі, з добрым настроем Яўген Павін – дырэктар Стайкаўскага сельскага Дома культуры частаваў калектывы гарачанькай юшкай.
На гульнёвай пляцоўцы разгарнуўся вясёлы святочны «разгуляй» з удзелам дзяцей і дарослых. Галоўным падарункам у гульнях быў сапраўдны пеўнік, якога атрымаў самы актыўны мясцовы ўдзельнік свята.
Святочную праграму адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сліва.
Фальклорныя калектывы стараліся адлюстраваць вусную народную творчасць і песенны фальклор менавіта сваёй мясцовасці. Праграма была багатая на песні, танцы, гумарэскі, інсцэніроўкі. Сваім выступленнем гледачоў парадаваў Свіранскі дзіцячы фальклорны калектыў. Малыя, цікавыя і прыгожыя, старанна гралі польку-«феньку» і танчылі па-мясцоваму.
Вядучыя майстры раёна атрымалі каштоўныя падарункі і ганаровыя граматы.
Добры настрой быў у кожнага ўдзельніка свята, тым больш што гэтаму спрыяла цёплае надвор’е.