1992 год… Калядныя святы… На вуліцы Куйбышава шматлюдна: толькі што скончыліся службы ў абодвух храмах. Цікавасць прахожых выклікае групка моладзі з музычнымі інструментамі ў руках.
Многія спыняюцца, прадчуваючы штосьці неардынарнае.
Нарэшце гарманіст падаў знак – і ўвысь узляцела і радасна затрапятала там палымянымі крыламі беларуская полька. Заліхвацкія пераборы гармоніка і сярэбраны перазвон цымбалаў смела расштурхалі грымотныя кантрабас і ўдарнік, весела заскакаў па струнах скрыпачкі ўвішны смычок, а задзірыстая дудачка тут жа ўзялася падсыпаць у такты прыгаршчы дробненькага жару…
Неўзабаве навокал музыкаў ужо хвалявала ўнушальная грамада. На тварах людзей свяціліся радасныя ўсмешкі, ажывіліся і нават весела загікалі бабулькі, узгадаўшы сваю маладосць, а некаторыя дзядкі, нягледзячы на ўзрост, пусціліся ў скокі. У маёй жа памяці заварушыліся даўнія аповяды бацькі, дарэчы, таксама гарманіста, пра тыя часы, калі такія вось «капэлі» былі звычайнай з’явай на Беларусі, і на сэрца накацілася салодкая хваля замілавання. Тое ж самае, несумненна, адчувалі і іншыя, бо гарачых воплескаў і крыкаў «Брава! Малайцы!», што накрылі апошні акорд танца, было не ўтаймаваць.
Затым у квяцістую тасьму аркестра ўпляліся звонкія маладыя галасы: музыкі пачалі спяваць. Песень, баек і прыпевак было многа. Ланцужок народных часта перабівалі і невядомыя для нас аўтарскія творы. Гарачыя ж сэрцы музыкаў з кожным словам і ноткай пасылалі нам такі моцны эмацыянальны зарад, што хутка ўся грамада прысутных, як кажуць, «завялася» і ўжо ніводзін з іх не ўстаяў на месцы!.. Памятаю, што асабліва моцна закранула сэрцы людзей песня, прыпеў якой пачынаўся словамі «Ой, братка беларус, чаму ў цябе сівы вус?..»
Той першы канцэрт нязвыклай тады музычнай дружыны, быццам снежны віхор, захістаў і затрос шматгадовае засілле штучных прылад ў музыцы і застаўся тым у памяці гараджан надоўга.
Так пасярод мора электронна-драцяной музыкі, бушаваўшага тады на канцэртных пляцоўках, узвысіўся прыцягальны сваёй каларытнасцю астравок, на якім гаспадарылі народныя матывы, жывое гучанне галасоў і таго, на чым ігралі нашы дзяды – гурт вандроўных музыкаў «Фэст».
А сабраў разам гэтых таленавітых людзей выкладчык музычнага вучылішча па класу баяна Іван Кусцінскі.
– Сябры! Азірніцеся наўкола! – звярнуўся ён да іх. – Усюды гудзе надаедная пластмасавая музыка! Чаму не чуваць іншых, спрадвечных прыладаў? Давайце ж папросім у іх прабачэння і створым музычны гурт па канонах даўніх часоў!
Прапанова сустрэла гарачую падтрымку. Тут жа абралі кіраўніка. Ім стаў Іван. Размеркавалі «пасады» і пачалі рэпетыраваць. Іграць на гармоніку ўзяўся сам кіраўнік, на скрыпцы – Сяргей Ляшкевіч, на цымбалах – Іна Андрава, на кантрабасе – Міхась Скрундзь, на ўдарніку – Васіль Шкодзік, на дудцы – Уладзімір Якубовіч. Міхаіл Скрундзь прапанаваў свае паслугі паэта і кампазітара. Неўзабаве кірмашы, плошчы, канцэртныя і паркавыя сцэны, бальніцы і прадпрыемствы нашага горада сталі месцамі сустрэч з творчасцю гэтых няўрымслівых музыкаў.
Хутка паследавалі паездкі аўтэнтычнага гурта па гарадах і сёлах краіны. У 1994 годзе «Фэст» ярка выступіў на першым Міжнародным фестывалі фальклору ў горадзе Пінску, за што атрымаў ганаровае найменне «народны». Удзелы ў конкурсах, фестывалях і святах пачалі прыносіць шматлікія ўзнагароды і званні лаўрэатаў і дыпламантаў. Асабліва ганарацца музыкі прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», якую яны атрымалі ў 2002 годзе.
Дзе толькі не пабывалі нашы слаўныя прапагандысты беларускага песеннага багацця? Расія, Украіна, Прыбалтыка, Польшча, Нямеччына, Аўстрыя, Венгрыя і Кітай чулі і горача прымалі нашы песні, танцы, байкі і прыпеўкі. Дарэчы, яны перад кожнай паездкай папаўнялі свой рэпертуар перламі фальклору таго ці іншага народа, які запрашаў у госці, і заўсёды атрымлівалі за гэта вялікую удзячнасць.
Было шмат яскравых уражанняў, былі і забаўныя здарэнні. Так, падчас знаходжання ў Венгрыі гаспадары пачаставалі сваіх гасцей такой прыгожай стравай у выглядзе маляўнічага горнага пейзажа, што тыя доўга баяліся яе паспрабаваць. А аднойчы, пад’язджаючы да мяжы з Эстоніяй, музыкі спахапіліся, што ўсе дакументы засталіся дома. У Кітаі да аднаго з нашых хлопцаў падышоў мясцовы жыхар, параўнаў сваю нагу з нагой госця, глянуў уверх на яго, схапіўся рукамі за галаву і з лямантам знік у натоўпе…
Непрыкметна прамільгнулі гады! А нестарэючы гурт вандроўных музыкаў прадаўжае свае творчыя высілкі. Множацца мастацкія прыёмы, расшыраюцца яго шэрагі маладымі здатнымі выканаўцамі. Цяпер ён мае тры групы: асноўную, студэнцкую і дзіцячую, так што змена пакаленняў забяспечана.
– За намі – невычэрпныя крыніцы спеўнай спадчыны нашага народа! – кажа Іван Кусцінскі. – Наперадзе – новыя вяршыні поспеху, да якіх мы будзем ісці шляхам настойлівых творчых пошукаў!
Ад гэтай упэўненасці мне стала спакойна за перспектывы гэтага выбітнага музычнага калектыву – сапраўднага брэнду, як цяпер кажуць, нашага горада, а на сэрца ляглі радкі:
Ці снег рыпіць,
ці з высяў лье,
Як толькі ўрэжа «Фэст»
са сцэны –
З душы злятае сум імгненна,
І сэрца беларускае пяе!..