Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі здзейснілі вандроўку шляхамі Адама Міцкевіча. Яна праходзіла ў рамках праекта «Літаратурнае падарожжа», які дзейнічае ў Дзяржаўным музеі ўжо два гады.
На мэце праекта – наведванне мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю вядомых пісьменнікаў, сустрэчы з жыхарамі розных рэгіёнаў для папулярызацыі беларускага мастацкага слова, а таксама адлюстравання ролі падарожжаў у жыцці творчага чалавека.
У музей-сядзібу Міцкевічаў «Завоссе», які з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, удзельнікі вандроўкі прыехалі з Навагрудскага раёна, дзе пачалося іх сёлетняе падарожжа. Сярод вандроўнікаў былі і вядомыя літаратары, і тыя, каму яшчэ належыць
здзейсніць гарачлівае жаданне «выказаць сябе»: першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай ды іншых прэмій Генадзь Пашкоў, супрацоўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура», лаўрэат прэміі ў галіне сатыры і гумару імя Васіля Віткі, паэт Анатоль Зэкаў, паэтка, лаўрэат міжнароднай прэміі Іна Фралова, якая працуе галоўным спецыялістам Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва» Анастасія Грышчук і іншыя.
– Калі раней мы праводзілі мерапрыемствы ў рамках праекта «Літаратурнае падарожжа» ў музеі, распавядалі пра пісьменнікаў, якія шмат падарожнічаюць, як падарожжы ўплываюць на іх творчасць, то зараз мы самі ездзім па мясцінах, звязаных з вядомымі літаратурнымі імёнамі, – пачала гутарку з намі загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка, пакуль вандроўнікі, што выйшлі з аўтобуса, разміналіся і ахарошваліся. – Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі знаёмяць са сваёй творчасцю школьнікаў, вяскоўцаў – тых людзей, з якімі мы сустракаемся ў розных рэгіёнах нашай краіны. Сёння, напрыклад, нас вельмі цёпла прымалі ў Нягневіцкай школе. Вучням было цікава паслухаць вершы ў выкананні саміх аўтараў, задаць ім пытанні.
Як адзначыла Лідзія Паўлаўна, штуршком для літаратурных падарожжаў стала сустрэча з журналістамі Валянцінай і Іванам Ждановічамі, якія пехатой па перыметры абышлі Беларусь. Яны расказалі, якія творы нарадзіліся ў іх пасля таго падарожжа, што ўбачылі, якія літаратурныя мясціны наведалі.
А наступнае літаратурнае падарожжа прысвячалася Генадзю Пашкову, які на на-дзіманых плытах прайшоў па Гарыні і Прыпяці шляхам нашага вядомага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Пасля Генадзь Пашкоў напісаў кнігу «Палескія вандроўнікі», стварыў радыёаповесць пад такой жа назвай, за што атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.
– Калі мы з Генадзем Пятровічам праводзілі сустрэчу, – працягвала Лідзія Шагойка, – ён прапанаваў: чаму б нам не пашырыць накірункі гэтага падарожжа і не паехаць па мясцінах нашых вядомых пісьменнікаў? І вось першае літаратурнае падарожжа прайшло ў мінулым годзе шляхамі Францішка Багушэвіча, а сёлета – па мясцінах Адама Міцкевіча.
Каля ўвахода на тэрыторыю музея-сядзібы Міцкевічаў «Завоссе» гасцей сустрэў яго дырэктар Анатоль Еўмянькоў. І яго аповед пра Адама Міцкевіча, пра мясціны, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло юнацтва сусветнавядомага паэта, вылучала вострае адчуванне гісторыі, якое натуральна жывілася цікавасцю Анатоля Іванавіча да этнаграфіі і фальклора і мастакоўскай схільнасцю да гісторыка-літаратурных абагульненняў, калі мелася на ўвазе асабовае і нацыянальнае быццё чалавека ў тым ці іншым гістарычным асяроддзі і гістарычным часе. Госці з цікавасцю знаёміліся з адноўленай сядзібай, у цэнтры якой размясціўся дом з ганкам, насупроць яго – двухпавярховы свіронак, побач – абора, гумно, калодзеж-журавель, пограб, лазня на беразе невялікага маляўнічага вадаёма. Безумоўна, тлумачыў гасцям Анатоль Еўмянькоў, дакладных апісанняў шляхецкага дома ў Завоссі не захавалася, а тое, што яны бачаць сёння, – гэта літаратурна-мастацкі вобраз, створаны паводле паэтычных ілюстрацый са знакамітай паэмы «Пан Тадэвуш», напісанай Адамам Міцкевічам у Парыжы ў 1832 – 1834 гадах. І якая стала песняй любові да Айчыны, бо растанне з родным краем – самае моцнае перажыванне Міцкевіча. У паэме ён думкамі вяртаецца ў родныя мясціны. Адсюль і назва літаратурна-дакументальнай экспазіцыі ў Завоссі – «Вяртанне пана Тадэвуша». І яскравы аповед Анатоля Еўмянькова дазваляў уяўляць вобразы жыхароў старой сядзібы, чуць пах хлеба, выпечанага ў печы, ці каўбас, што падсушваліся ў свіронку. А калі Генадзь Пашкоў пераапрануўся ў шляхецкі чырвоны жупан, аксамітавы кунтуш, падперазаўся поясам (не слуцкім, але падобным), надзеў шапку-канфедэратку, ды ўзяў у рукі шаблю (арыгінальную, падораную пані Яноўскай з Зялёнай Гуры), то кожны прысутны больш яскрава адчуў каларыт тагачаснай шляхецкай сядзібы.
– Я ў гэтым музеі другі раз, – сказаў Генадзь Пашкоў. – Адчуванне пасля новай сустрэчы вельмі заглыбленае. Карані нашай беларускай культуры не толькі нас, беларусаў, падмацоўвалі, але і літаратараў, вучоных, якія займелі сусветную вядомасць і гэтым самым прынеслі і нясуць славу нашаму народу. Тое, што мы ўбачылі тут і даведаліся ад Анатоля Іванавіча, хаця мы гісторыю і ведаем, але гэтая жывая падача, гэтыя дакументы, якія тут змешчаны, сам дух вяртае нас да тых часоў, з якіх выйшлі нашы дзяды, нашы бацькі і дзякуючы чаму сілкуемся і мы самі.