27 верасня з 12:00 да 16:00 у філіяле “Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” пройдзе традыцыйны літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі”. Мерапрыемства ладзіцца сумесна з Баранавіцкім раённым выканаўчым камітэтам.
Завоссе – месца, вядомае не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Тут нарадзіўся славуты паэт Адам Міцкевіч (1798 – 1855). Сядзіба Міцкевічаў была адноўлена ў 1998 годзе. Сёння тут месціцца музейны комплекс. У залах музея-сядзібы разгорнута літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Вяртанне пана Тадэвуша”. Яна распавядае пра гісторыю фальварка ў Завоссі, дэманструе адноўленыя інтэр'еры старой сядзібы і малюе вобразы яго жыхароў.
Традыцыйнае свята “Восень у Завоссі” з яго адметнай атмасферай, шчырасцю і ўтульнасцю даўно стала любімым не толькі для прыхільнікаў паэтычнага таленту Адама Міцкевіча, але і для ўсіх беларусаў, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю і шануюць сваю культуру.
Як заўжды, на свята рыхтуецца насычаная праграма. У межах міжнароднага супрацоўніцтва Літаратурнага музея з адмысловай выставачнай пляцоўкай удзел у фэсце возьмуць супрацоўнікі Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае”.
Гасцей фэсту чакаюць:
- экскурсіі па сядзібе;
- канцэртная праграма з удзелам ансамбля народнай музыкі і песні “Палешукі”, гурта KaS;
- батлейка “Дом з марамі”;
- студэнцкі спеўны фальклор у выкананні Аляксея Жбанава;
- выступленні літаратараў;
- інтэрактыўныя пляцоўкі;
- рыцарскія баёўкі;
- выставы;
- квэсты, гульні;
- майстар-класы;
- фотазоны.
Будуць працаваць кропкі харчавання і рамесніцкі кірмаш.
Падрабязная праграма свята з’явіцца на сайце www.bellitmuseum.by, а таксама ў сацсетках Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Уваход вольны (для тых, хто дабіраецца ўласным транспартам).
Наш адрас: Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в. Завоссе.
Тэлефон для даведак: +375 (17) 363 56 21