Наверх

Кнігі на розны густ

21.09.2012 338 Наш край

У рамках Года кнігі на мінулым тыдні ў чытальнай зале цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая адбылася сустрэча з маладой беларускай пісьменніцай, выдаўцом мастацкай, навуковай і навукова-папулярнай літаратуры Настассяй Печанко.

Сумеснымі намаганнямі бібліятэкары і выдавец аформілі да гэтай падзеі выставу-прагляд «100 кніг», на якой былі прадстаўлены творы беларускіх аўтараў, удзельнікаў народнага клуба пісьменнікаў Міншчыны «Жывіца»
М. Сакаловай, Т. Залескай, П. Радзеч-
кі і іншых, аб жыццёвым і творчым шляху якіх коратка распавяла госця мерапрыемства.

Прысутных надзвычайна зацікавіў разнастайны спектр жанраў і форм, у якіх працуюць самадзейныя аўтары: кніга-перавёртыш, SMS-перапіска, літаратурныя пераводы твораў сусветна вядомых класікаў, кнігі ўспамінаў і інш.

Асобна Настасся Печанко прадставіла творчасць члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Валерыя Патапава, бібліяграфія якога налічвае сёння больш за 200 кніг. Творчасць Валерыя Паўлавіча адрасавана чытачам рознага ўзросту, яе вызначаюць прыгожая мова аўтара, дзяцінства якога, дарэчы, звязана з нашым горадам, багаты жыццёвы вопыт, уменне з першага слова зацікавіць чытача, разнастайная тэматыка і багатая жанравая палітра твораў. Дарэчы, замалёўкі з жыцця Баранавічаў часоў пасляваеннага дзяцінства В. Патапава можна знайсці ў яго творы «Опасное детство».

Цікавасці прысутных да творчасці таленавітага беларускага пісьменніка спрыяў і расказ выдаўца пра тое, што творы В. Патапава былі выкарыстаны ў праграме псіхалагічнай падрыхтоўкі беларускай спартыўнай каманды да алімпіяды ў Ванкуверы. Асаблівыя адносіны пісьменніка да спартсменаў тлумацацца, магчыма, тым, што Валерый Паўлавіч, таленавіты педагог–фізік, аўтар канцэпцыі бесперапыннай адукацыі, у свой час сам сур’ёзна займаўся спортам.

Коратка спынілася Настасся Печанко і на сваіх уласных творах. Зборнікі яе расказаў «Дорога к вечности», «Дебют» таксама былі прадстаўлены на выставе-праглядзе «Сто кніг», якая, дарэчы, будзе дзейнічаць у чытальнай зале ЦГБ імя В. Таўлая на працягу месяца.



  • Мы в социальных сетях: