У філіяле № 2 гарадской дзіцячай бібліятэкі пры падтрымцы выдавецтва «Беларусь» адбылася творчая сустрэча навучэнцаў 4-х класаў, чытачоў бібліятэкі з беларускай пісьменніцай, празаікам, пераможцай Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы дзіцячы пісьменнік» – Кацярынай Хадасевіч-Лісавой. Свой творчы шлях аўтар пачала ў дзесяць гадоў. Дэбют у друку адбыўся ў 1996 годзе ў часопісе «Першацвет». Кацярына Станіславаўна з'яўляецца аўтарам кніг: «Падарожжы ў Чароўны лес», «Касмiчная адысея хлопчыка Стасiка», «Зорка нябесная. Зорка зямная», «Палёт на Вухуцiю», «Таямнiца зачараванага балота», «Прыгоды лiсачкi Красунi» і іншыя. Сакрэт папулярнасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавай і яе кніг заключаецца ў тым, што яна, педагог па адукацыі, добра разумее запыты сучасных юных чытачоў. Таму яе кнігі, акрамя самога тэксту ўтрымліваюць элементы гульні, многія аснашчаны QR-кодамі, што падабаецца дзецям. Казачніца прадставіла свае новыя кнігі, пазнаёміла чытачоў з персанажамі, якія жывуць у яе казках.

Да мерапрыемства была падрыхтавана выстаўка «Казкі Кніжнай феі». Кацярына Станіславаўна была прыемна ўражана колькасцю яе кніг у бібліятэцы і тым, што яны карыстаюцца попытам у чытачоў.
Усе жадаючыя прыхільнікі літаратуры змаглі атрымаць аўтограф пісьменніцы і зрабіць фатаграфію на памяць.
Як добра, што ў сучаснай беларускай літаратуры ёсць пісьменнікі, здольныя сваёй творчасцю перанесці чытача ў свет казкі, фантазіі і незабыўных уражанняў. Чакаем ад аўтара новых кніг і новых захапляльных сустрэч.



Алена РОБАК, загадчык філіяла №2 «Гарадская дзіцячая бібліятэка»
Фота Аксаны НОВАК, бібліятэкара 1 катэгорыі чытальнага зала філіяла №2 «Гарадская дзіцячая бібліятэка»