Наверх

«Карані»: раённы ансамбль «Крушына з Крошына» падцвярджаў найменне «народны»

30.03.2026 197 Наш край

29 сакавіка ў Крошынскім Доме культуры ў межах пацвярджэння наймення «народны» адбыўся канцэрт народнага ансамбля песні «Крушына з Крошына». Канцэрт прысвяцілі продкам – тым, хто стварыў і збярог тое, што мы сёння з гонарам называем «код беларуса».

Галасы салістаў і гучанне інструментаў напаўнялі прастору залы сапраўдным нацыянальным каларытам. У праграме былі і кампазіцыі без музычнага суправаджэння – а капэла. Менавіта яны даюць адчуць жывы голас, у якім чуваць гісторыю і душу народа. Таму кіраўнік ансамбля Ірына Арлоўская адказна падыходзіць да выбару песень.

photo_2026-03-30_10-41-26-(2).jpg
Наталля Артуганава, старшыня Крошынскага сельвыканкама:
– Сёння быў самы атмасферны вечар! Неверагоднае жывое выкананне і чароўныя галасы ўдзельнікаў ансамбля дазволілі гледачам зразумець, што значыць выраз «мурашкі па скуры». Артысты цалкам аддалі сябе сцэне. Сапраўдныя прафесіяналы. Не перастаю захапляцца вашым талентам!

Валянціна Арлоўская, жыхарка аграгарадка Крошын:
– Дзякуй усім удзельнікам калектыву! Вы дарыце нам не проста песні, а буру эмоцый і ўражанняў. Я думаю, са мной пагодзяцца ўсе, хто пабываў хаця б на адным канцэрце. Нават тыя, хто ўпершыню чуе вашы галасы, адзначаюць, што калектыў «запаў у душу».

Казіміра Чалядка, жыхарка аграгарадка Крошын:
– Гэта было не проста выступленне, а сапраўдны спектакль: цудоўныя касцюмы, душэўныя песні. Галасы «Крушыны з Крошына» проста зачароўвалі, а жывая музыка стварыла атмасферу ўтульнасці і яднання. Час праляцеў незаўважна, выходзім з пачуццём гонару за нашу культуру і святочным настроем! Нізкі паклон артыстам за іх талент і захаванне традыцый!

Дапамагалі ствараць атмасферу і дзеці: удзельнікі ўзорных дзіцячых калектываў «Ваяж» Палаца дзіцячай творчасці і ўзорны хор «Кантылена» дзіцячай школы мастацтваў № 2.

Для захопленых слухачоў канцэрт «Карані» стаў не проста эстэтычным задавальненнем, але наймагутным духоўным зарадам на доўгі час. Бо беларуская песня – як глыток крынічнай вады, чыстай і роднай.

Падрыхтавала Паліна ХАРЧАНКА




  • Мы в социальных сетях: