Наверх

І сэрца беларускае пяе…

08.06.2013 445 Наш край

Даўно зіхаціць на спеўным небасхіле нашага горада яркая зорка  народнага гурта вандроўных музыкаў «Фэст». Яе добра відно не толькі нам, тубыльцам Баранавіцкага краю, але і многім нашым суседзям, як блізкім, так і дальнім. А ўзыйшла яна яшчэ ў мітуслівым 1992 годзе, калі беларускі народ апынуўся перад бурлівым патокам новых рэалій у свеце.

…Стаяў снежань 1992 года. Завіхурылі калядныя святы. На вуліцы Куйбышава было многалюдна: толькі што скончыліся службы ў абодвух храмах. Цікавасць праходжых выклікала групка моладзі з музычнымі інструментамі ў руках. Многія, у тым ліку і я, спыніліся, прадчуваючы штосьці неардынарнае.

Нарэшце гарманіст падаў знак – і ўвысь узляцела і радасна затрапятала там палымянымі крыльцамі беларуская  полька. Заліхвацкія пераборы гармоніка і срэбраны перазвон цымбалаў тут жа  смела расштурхаў рытмічны грукат ударніка і кантрабаса, увішны смычок весела заскакаў па струнах скрыпачкі, а задзірыстая дудачка  ўзялася падсыпаць у такты музыкі прыгаршні дробненькага жару …

Неўзабаве навокал музыкаў ужо хвалявала ўнушальная грамада, на  тварах людзей засвяціліся радасныя ўсмешкі, ажывіліся і весела загікалі нават бабулькі і дзядкі, узгадаўшы сваю няблізкую маладосць, а некаторыя, нягледзячы на здрадніцкі трэск суставаў, пусціліся ў скокі. 

Мне  ж адразу прыгадаліся колішнія аповяды бацькі, дарэчы, таксама гарманіста, пра тыя часы, калі такія вось «капэлі» па-майстэрску аздаблялі народныя святы і вяселлі. На сэрца міжволі накаціліся цёплыя і шчымлівыя хвалі замілаванасці і шкадавання. Тое ж самае, несумненна, адчувалі і іншыя, бо  ўздыхаў, а потым і гарачых воплескаў ды крыкаў «Брава! Малайцы!», што накрылі апошні акорд танца, было не ўтаймаваць.

Затым у квяцістую тасьму аркестра ўпляліся звонкія маладыя галасы: музыкі пачалі спяваць. Песень, баек і прыпевак было многа. Ланцужок народных часта перабівалі і  невядомыя яшчэ аўтарскія творы. Гарачыя ж сэрцы музыкаў з кожным словам і ноткай пасылалі нам такія моцныя эмацыянальныя зарады, што хутка ўся  грамада прысутных, як кажуць, «завялася», і ўжо ніводзін з нас  не ўстояў на месцы!.. Асабліва  моцна закранула нашы сэрцы песня, прыпеў якой пачынаўся словамі «Ой, братка беларус, чаму ў цябе сівы вус?..»

Той першы канцэрт нязвыклай  тады  музычнай дружыны, быццам нечаканы віхар, уварваўся ў нетры шматгадовага засілля штучных  прыладаў на сцэнічных  пляцоўках. Ён тым і застаўся ў памяці гараджан назаўсёды.

Так пасярод багны набіўшай аскоміну «драцяной» музыкі раптам узвысіўся прыцягальны сваёй каларытнасцю астравок, на якім загаспадарылі народныя матывы, жывое гучанне галасоў і таго, на чым ігралі нашы дзяды, – гурт вандроўных музыкаў.

Іван Кусцінскі, выкладчык музычнага вучылішча і прыроджаны гарманіст, будучы чалавекам няўрымслівым і перапоўненым любоўю да ўсяго нашага, роднага, не раз засмучана гаварыў калегам па працы:

– Сябры! Азірніцеся наўкола! Усюды гудуць надаедныя пластмасавыя  тварэнні! Чаму не чуваць іншых, нашых  спрадвечных? Чаму пыляцца ў закутках народныя інструменты? Давайце ж папросім у іх прабачэння і створым гурт па канонах даўніх часоў!

Аднойчы такая прапанова сустрэла гарачую падтрымку. Энтузіясты тут жа абралі сабе кіраўніка. Ім стаў Іван. Размеркавалі «пасады» і  пачалі рэпетыраваць. Іграць на гармоніку ўзяўся сам галава гурта, на скрыпцы – Сяргей Ляшкевіч, на цымбалах – Іна Андрава, на кантрабасе – Міхась Скрундзь, на ўдарніку – Васіль Шкодзік, на дудцы – Уладзімір Якубовіч. Міхаіл Скрундзь прапанаваў свае паслугі паэта і кампазітара. Неўзабаве кірмашы, плошчы, канцэртныя і паркавыя сцэны, бальніцы і прадпрыемствы нашага горада сталі месцамі сустрэч з творчасцю гэтых здольных музыкаў. 

Хутка паследавалі паездкі аўтэнтычнага калектыву па гарадах і сёлах  краіны. У 1994 годзе «Фэст» ярка выступіў на першым Міжнародным фестывалі фальклору ў горадзе Пінску, за што атрымаў ганаровае найменне «народны». Удзелы ў конкурсах, фестывалях і святах  пачалі прыносіць шматлікія ўзнагароды і званні лаўрэатаў і дыпламантаў. Асабліва ганарацца музыкі прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», якую яны атрымалі ў 2002 годзе. 

Дзе толькі не пабывалі нашы слаўныя прапагандысты беларускага  песеннага багацця! Расія, Украіна, Прыбалтыка, Польшча, Нямеччына, Аўстрыя, Венгрыя і Кітай чулі і горача прымалі нашы песні, танцы, байкі і прыпеўкі. Усюды заставаліся шматлікія іх сябры і добрыя ўспаміны аб нашай мілагучнай мове і напеўнасці народных мелодый.

Дарэчы, стала правілам перад кожнай паездкай  папаўняць рэпертуар гурта перламі фальклору таго народа, які запрашаў яго ў госці. Гэта  заўсёды выклікала вялікую ўдзячнасць гледачоў. З паездак прывозілася  шмат яскравых уражанняў. Былі і забаўныя здарэнні.

Так, падчас знаходжання ў Венгрыі гаспадары пачаставалі сваіх гасцей такой прыгожай, аздобленай маляўнічым горным пейзажам, стравай, што тыя доўга не адважваліся паспрабаваць яе. У Кітаі да аднаго з нашых хлопцаў падыйшоў мясцовы жыхар, прыставіў сваю нагу да нагі госця, і, убачыўшы, што тая напалову большая, схапіўся рукамі за галаву і з лямантам кінуўся ў натоўп…

Непрыкметна прамільгнула  дваццаць гадоў! А нестарэючы гурт вандроўных музыкаў прадаўжае   свае творчыя сустрэчы з аматарамі «жывой» музыкі і народнага  песеннага мастацтва. А іх  заўсёды шмат. Вось колькі іх было, напрыклад, у маі 2013 года. Спачатку далі канцэрты на сцэнічных пляцоўках горада з нагоды 1 Мая і Дня Перамогі. Потым паследавала паездка ў Латвію, дзе 15 –16 мая праходзіў  беларуска-латвійскі эканамічны форум у горадзе Даўгаўпілсе. Там разам з калектывамі з Мінска, Віцебска і Лунінца была дастойна прадстаўлена багатая беларуская песенная палітра.

 А 19 мая разам з ансамблем гарадскога музычнага вучылішча «Контрданс» выступілі перад дэлегацыяй турэцкіх бізнесменаў, 21 мая – перад дэлегацыяй беларускіх пісьменнікаў, 24–25 мая ўпрыгожылі  сваім рэпертуарам свята «Баранавіцкая вясна». Затым нястомныя песняры апынуліся ў Літве, дзе ў горадзе Друскінінкай з 27 па 29 мая праводзіўся другі літоўска-беларускі форум гарадоў-пабрацімаў. На ўрачыстасцях прысутнічалі пасол Беларусі ў Літве і пасол Літвы ў Беларусі, а таксама дэлегацыі гарадоў, у тым ліку і г. Баранавічы на чале з мэрам Віктарам Дзічкоўскім. Гурт «Фэст», адзіны прадстаўнік нашай краіны, у зале санаторыя «Беларусь» выступіў перад імі з вялікім канцэртам, паказаўшы дасягненні сваіх трох складаў: асноўнага, юнацкага і школьнага. Аб іх дасканалым майстэрстве сведчылі нястрымныя воплескі прысутных…

Будні ж гурта праходзяць у напружанай працы, настойліва шліфуюцца прыёмы выканання, абнаўляецца рэпертуар, шэрагі папаўняюцца маладымі здатнымі музыкамі, каб змена пакаленняў была  забяспечана.

– За намі – невычэрпныя крыніцы спеўнай спадчыны нашага народа! – сёння кажа Іван Кусцінскі. – Наперадзе ж – няскораныя яшчэ  вяршыні поспеху, да якіх мы будзем ісці нястомна і творча!

Ад гэтых яго слоў  мне стала  ўцешна на душы, у яе таксама завітала ўпэўненасць, што высокія мэты, да якіх імкнецца  выбітны музычны калектыў – сапраўдны культурны брэнд, як цяпер кажуць, нашага горада – будуць дасягнуты. А на  сэрца ляглі радкі:

Ці снег рыпіць, ці з высяў лье,

Як толькі ўрэжа «Фэст» са сцэны – 

З душы злятае сум і мгненна,

І сэрца беларускае пяе!..



  • Мы в социальных сетях: