Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас
Беларуская мова – мова старажытнапісьменная, бо гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за дзесяць стагоддзяў. Нават самая першая Канстытуцыя ў Еўропе – Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года – напісана на старабеларускай мове! Беларуская мова і цяпер – нацыянальная дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь. Ці ж не нагода для гонару?
Аднак, на жаль, нашы дзеці размаўляюць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці недаравальна мала… Як жа пасеяць у сэрцах юных грамадзян Рэспублікі Беларусь зерне любові да прыгажосці, мілагучнасці, спеўнасці роднага слова, як узрасціць у маладых гарачых сэрцах парасткі патрыятызму? Якія сродкі неабходна выкарыстаць нам, педагогам, дарослым людзям?
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы з 14 лютага па 18 лютага 2022 года настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў СШ №21 г. Баранавічы быў падрыхтаваны і праведзены прадметны тыдзень “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай!”. Кожны дзень быў адметным, прысвечаным пэўнай тэме.
Панядзелак, дзень “Літаратурны”, і ўсе мерапрыемствы ў гэты дзень былі накіраваны на выхаванне ва ўдзельнікаў павагі да роднага слова, любові да беларускай мовы і літаратуры. У фае першага паверха настаўнікамі Хвайніцкай В.В. і Жукоўскай Н.Л. была арганізавана тэматычная фотазона “Я люблю беларускую мову!”, дзе кожны жадаючы мог зрабіць яркі фотаздымак, а дапамагалі ў гэтым вучні 7 “А” класа. (фота1) У фае другога паверха школы разгарнулася фотавыстава “Мова родная – мова модная!”. Сэлфі з любімай кнігай на роднай мове, вытрымкі з літаратурных твораў падрыхтавалі вучні 5 “Г”, 5 “Д”, 8 “А”, 8 “Б” класаў пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Кулак Г.М. (фота 2) Фізкультхвілінкі для адпачынку на ўроках у гэты дзень таксама праводзіліся ўсімі настаўнікамі школы на беларускай мове, што не толькі спрыяла здароўезберажэнню, але і стварала беларускамоўны асяродак, заахвочвала дзяцей да гаворкі на роднай мове. Запамінальна прайшла гадзіна роднай мовы “Размаўляй па-беларуску!” (падрыхтавала бібліятэкар школы Кляшчук В.У.) У час мерапрыемства вучні шостых і сёмых класаў чыталі вершы беларускіх аўтараў, слухалі песні на роднай мове. З мэтай папулярызацыі беларускай кнігі была арганізавана і выстава “Кнігі-юбіляры 2022 года”. (Фота 3)
У аўторак, дзень “Этнагарафічны”, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры праз наладжаныя мерапрыемствы імкнуліся да пашырэння ведаў вучняў пра гістарычнае мінулае беларусаў, пра іх побыт, традыцыі, культуру. Віктарына “Нашы традыцыі”, падрыхтаваная і праведзеная Грышкевіч І.Ф. і Жукоўскай Н.Л., згуртавала ўсіх аматараў беларускай мовы і культуры. Дзеці разгадвалі рэбусы, рашалі крыжаванкі, а пасля атрымлівалі за ўдзел салодкія прызы. (Фота 4) Займальныя інтэрактыўныя перапынкі “Гуляем разам!” (падрыхтавала Татарынцава В.М.) дапамаглі ў форме народных гульняў адпачыць у час паміж вучэбнымі заняткамі. А пад вясёлую народную музыку гуляць у “Схавай рукі”, “Паляванне на лісаў” ці “Шчупака” было яшчэ больш весела! (Фота 5) Таксама для аматараў чытання па-беларуску каля вучэбных кабінетаў былі размешчаны вершы беларускіх аўтараў, прысвечаныя роднай мове і літаратуры, і народныя беларускія прыказкі.
Якое ваша любімае слова на роднай мове? У сераду, дзень пад назвай “Роднаму слову – прызнанне ў любові”, вучні, супрацоўнікі школы выбіралі сваё любімае слова, запісвалі яго на папяровай далоні і прымацоўвалі да “воблакаў словаў” на розныя тэмы: год гістарычнай памяці, прырода Беларусі, безэквівалентная лексіка, беларуская мова і літаратура. (фота 6) А вось вучні 11 “А” класа пад кіраўніцтвам Лойка А.М. правялі апытанне настаўнікаў, вучняў, супрацоўнікаў школы “Гавары са мной па-беларуску!” У выніку атрымалася відэаінтэрв’ю, якое можна праглядзець на сайце ДУА “Сярэдняя школа №21 г.Баранавічы”.
Адгадайце народныя загадкі: “У ліпавым карытцы жывое варушыцца. Што гэта?”, “Чым больш кручуся, тым больш таўсцею. А гэта што?” Знаўцы этнаграфіі з лёгкасцю адкажуць, што гаворка ідзе пра лапаць і верацяно. А што рабіць тым, каму цяжка адказаць? Канечне ж, уважліва слухаць экскурсаводаў! На працягу прадметнага тыдня, у тым ліку, у чацвер, дзень “Інтэлектуальна-пазнавальны”, для вучняў 3 – 4 класаў была арганізавана і праведзена інтэрактыўная экскурсія “Гісторыя аднаго экспаната” (настаўнік Хвайніцкая В.В.). Экскурсаводы (вучні 7 “В” класа) школьнага этнаграфічнага кутка, які дзейнічае ў 313 кабінеце нашай школы, займальна расказалі пра прадметы народнага побыту, якія цяпер рэдка сустрэнеш у паўсядзённым жыцці, і паказалі іх. (фота 7)
“Песня – душа народа”. Гэтыя словы Рыгора Шырмы як нельга лепш падыходзяць да пятніцы, дня “Інтэрактыўнага”. Вучні 5 “А” класа, 6-ых, 7-ых, 9-ых, 10-ых і 11-ых класаў пад кіраўніцтвам Татарынцавай В.М. падрыхтавалі і правялі інтэрактыўныя музычныя перапынкі “Спяваем разам!” Вольны час паміж урокамі быў запоўнены яскравым і запамінальным выкананнем песень пра Беларусь: “Welcome to Belarus”, “Гэта Беларусь мая”, “Затрымай мяне”, “Васільковае неба” і інш. Усе : і ўдзельнікі мерапрыемства, і слухачы – пачулі, што беларуская мова – гэта сучасна і модна! (фота 8)
Вось так, з адкрытаю душой, з павагай да мінулага, з надзеямі на будучае, мы, настаўнікі і вучні ДУА “Сярэдняя школа № 21 г.Баранавічы”, пражылі гэты тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ждановіч М.Б.
Кіраўнік ВМА Жукоўская Н.Л.