Наверх

Гараджане сустрэліся… з Коласам

23.11.2011 573 Наш край

Пазаўчора гараджане мелі магчымасць сустрэцца… з Коласам. Вядома, не з самім «дзядзькам Якубам», а з ягоным сынам, Міхасём Канстанцінавічам Міцкевічам, які прыбыў у Баранавічы на адкрыццё выставы, прысвечанай надыходзячаму юбілею з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. Аднак коласаўскія асабістыя рэчы, рукапісы і прыжыццёвыя выданні, выстаўленыя ў нашым краязнаўчым музеі, захавалі дух песняра Беларусі. Таму кожны, хто прыйшоў на экспазіцыю, калі казаць вобразна, сустрэўся і з самім выдатным пісьменнікам, настаўнікам, вучоным, журналістам. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская падкрэсліла, што бясцэнныя экспанаты, якія ўбачылі і ўбачаць жыхары нашага краю, вывозяцца па-за межы сядзібы класіка даволі рэдка, а менавіта па юбілейных датах. У наступным годзе дзяржава будзе святкаваць 130-годдзе з дня нараджэння выдатнага дзеяча беларускай культуры, таму нам пашанцавала дакрануцца да аўры коласаўскага духу.

Баранавіцкі музей быў абраны для выставы невыпадкова. У свой час Канстанцін Міцкевіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета менавіта ад Баранавіцкай акругі, тройчы бываў у горадзе, апошні раз – у 1950 годзе. А ўвогуле, з нашай зямлёю яго звязвае многае: на Берасцейшчыне Колас пачынаў настаўнічаць, тут жа пазнаёміўся з будучай жонкай, тут жа з’явіўся на свет ягоны першынец.

Адзін з сыноў Канстанціна Міцкевіча, Міхась Канстанцінавіч, вельмі падобны на бацьку. Напэўна, не толькі ў карэспандэнта «Нк» узнікла думка: нiбы з школьнага партрэта, які мы з вамі бачылі колькі разоў, сышоў сапраўдны Якуб Колас.

Міхась Міцкевіч расказаў пра тое, што творы «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся», якія сталі часткамі трылогіі «На ростанях», глыбока аўтабіяграфічныя, героі кнігі – рэальныя людзі:

– Мала хто ведае, што галоўнай гераіні, Ядвісі, Колас прысвяціў некалькі вершаў.

Міхась Міцкевіч, дарэчы, доктар тэхнічных навук, прадэманстраваў выдатную памяць, калі прачытаў некараценькія ўрыўкі з коласаўскіх твораў, і цудоўнае пачуццё гумару. У адказ на просьбу прачытаць «яшчэ што-небудзь» ён з усмешкай прапанаваў распачаць лекцыю на тэхнічную тэму.

Дзеткам, што завіталі на выставу, Колас-малодшы сказаў свой запавет:

– Жадаю вам чытаць як мага болей. Вы будзеце адчуваць сябе героем і мастаком-дэкаратарам, а галоўнае, вам не давядзецца набіць тых шышак, якія героі набілі. Замест папсы – страшнай, дзікай – лепш паслухайце народную ды класічную музыку. Калі вы дакранаецеся да духоўнага хараства, вы вырастаеце.

Сустрэньцеся ж і вы з Якубам Коласам!
 



  • Мы в социальных сетях: