30 лістапада ў чытальнай зале цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая прайшлі “Корнеўскія чытанні” – сумесны праект Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліятэкі і літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”.
Праект створаны ў памяць аб Алесю Корневу (1935–2022) – нашым земляку, выдатным доктару, таленавітым паэту, светлым і сціплым чалавеку, які доўгія гады быў сябрам бібліятэкі. З-пад пяра Алеся Касьянавіча выйшлі 32 зборнікі, у якіх ён з пяшчотай адклікаўся аб жанчыне, Радзіме, роднай мове і прыродзе.
Упершыню чытанні адбыліся роўна год таму, у дзень нараджэння паэта, па ініцыятыве Раісы Раманчук – кіраўніка літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў.
Сёлета госці мерапрыемства ўспаміналі яшчэ двух таленавітых творцаў – Анатоля Станкевіча (1937–1999) і Марыю Сачыловіч (1941–2016). Абодва паэты родам з Ляхавіцкага раёна, але для кожнага з іх па-сапраўднаму родным стаў наш горад.
Паэтычная спадчына Анатоля Станкевіча складаецца з двух калектыўных зборнікаў “Добрыми глазами” і “Годы как реки”, са шматлікіх вершаў, якія друкаваліся ў альманахах, часопісах, газетах і кнігах. Пры жыцці ён паспеў пабачыць толькі адзіны свой уласны зборнік вершаў – “На крыльях страдающей совести”. Анатоль Іванавіч восем гадоў узначальваў гарадское літаратурнае аб’яднанне “Плынь”, з 1989-га па 1993 год стаяў на чале літаб’яднання “Ліра” пры Палацы культуры “Тэкстыльшчык”, з 1994 года працаваў на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе, дзе стварыў творчае аб’яднанне “Жнівень”. У 1999 годзе быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Марыя Сачыловіч захаплялася паэзіяй з дзяцінства. Яе вершы друкаваліся ў газеце “Наш край” і альманаху “Святліца”.
Успомніць таленавітых землякоў прыйшлі блізкія і родныя, сябры, творчыя людзі горада і раёна.
Сустрэчу наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і Чарнобыльскай катастрофы Ігар Хлабукін. Госцем мерапрыемства стаў таксама гісторык культуры, літаратар Аляксей Шалахоўскі.
Прыемна, калі творчасцю суайчыннікаў цікавіцца маладое пакаленне: пранікнёна гучалі вершы паэтаў у выкананні вучняў Жарабковіцкай, Дараўскай, Падлескай, Русіноўскай школ. Упрыгожваннем вечара сталі выступленні Валянціны Корневай – удзельніцы ансамбля настаўнікаў сярэдняй школы № 21 “Primavera”, а таксама Таццяны Станкевіч і Аляксея Зенюка.
Лейтматывам сустрэчы сталі радкі Раісы Раманчук: “Вашы творы пра вас напомняць. Вас заўжды, сябры, будзем помніць…”.
Надзея КІПЕЛЬ, вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя В. Таўлая
Фота аўтара