У Перхавіцкім цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся майстар-клас па ткацтве для супрацоўнікаў устаноў культуры Баранавіцкага раёна.
Месца правядзення такого мерапрыемства было выбрана невыпадкова. Менавіта тут, у Перхавічах, ужо амаль дваццаць гадоў займаюцца ткацтвам на традыцыйным ткацкім станку, што сёння сустрэнеш не часта.
Першым майстрам, які адрадзіў традыцыю бранага ткацтва ў Перхавічах, была Марыя Сымонаўна Малахвей (1942 г. н.). Калісьці яна зацікавіла дзяцей з мясцовай школы, і быў адкрыты гурток «Ткацтва» (філіял раённага цэнтра рамёстваў). Сваё майстэрства яна перадала не толькі дзецям. Дарослыя таксама з задавальненнем вучыліся ткаць на станку. А зараз ужо вучаніца Марыі Сымонаўны – Іна Блашчаніца – працуе тут кіраўніком гуртка. Як і яе настаўніца, перадае свой вопыт усім жадаючым, незалежна ад узросту.
Пасля экскурсіі па Перхавіцкім цэнтры культуры і народнай творчасці, які правяла для супрацоўнікаў раённых устаноў культуры яго загадчыца Алена Вілента, пачаўся майстар-клас па ткацтве. Іна Сяргееўна вельмі падрабязна расказала пра ткацкі станок, паказала ўстройства і прынцып яго работы. Растлумачыла, як карыстацца іншымі прыстасаваннямі для апрацоўкі сыравіны і нітак, як закладваецца аснова ў ткацкі станок, як тчэцца звычайнае палатно, малюецца схема для ўзорыстага ткацтва, як перабіраецца ўзор. Падчас практычнай часткі сустрэчы кожны прыклаў сваю руку да працэсу снавання нітак асновы на сноўніцы.
За круглым сталом удзельнікі майстар-класа абмеркавалі сучасны стан развіцця традыцыйнай культуры ў раёне, пытанні пошуку і арганізацыі работы з носьбітамі традыцыйнай культуры і перадачы іх вопыту маладому пакаленню.
– Адрыў ад сваіх каранёў пазбаўляе ўсіх ад пачуцця адказнасці за сваю Радзіму. Толькі трапяткія адносіны да традыцый свайго народа, якія змяшчаюць у сабе вечныя каштоўнасці, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, дазваляюць не разарваць найтанчэйшую нітачку паміж мінулым і будучым, – лічыць адна з удзельніц мерапрыемства, метадыст Баранавіцкага раённага цэнтра рамёстваў Кацярына Круцько. – Калі мы жадаем адрадзіць у свядомасці насельніцтва агульначалавечыя каштоўнасці, мы павінны звярнуцца да адраджэння беларускай традыцыйнай народнай культуры. Менавіта таму на працягу апошніх гадоў ва ўстановах культуры раёна актыўна і планамерна вядзецца работа па вывучэнні, развіцці і папулярызацыі традыцыйнай культурнай спадчыны нашага рэгіёна. Праводзяцца этнаграфічныя экспедыцыі, семінары, выставы і такія, як гэты, майстар-класы па традыцыйных відах народнай творчасці.
Алена РАКУЦЬ
Фота – Баранавіцкая раённая клубная сістэма