Наверх

Дзень народзінаў вядомай ва ўсiм свеце дзяўчынкi адзначаецца ў цэнтральнай бібліятэцы Баранавічаў

11.07.2021 677 Наш край

pipi_2.jpg

На працягу больш за 75 гадоў знакамітая казка шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн “Піпі Доўгаяпанчоха” скарае сэрцы людзей ва ўсім свеце. 21 мая 1944 г. друкаваны на машынцы экзэмпляр першай кнігі пра свавольную, але добрую Піпілоту аўтарка падаравала сваёй дачцэ Карын на 10-годдзе. Гэты дзень лічыцца днем нараджэння Піпі Доўгаяпанчоха ва ўсім свеце.

У 1945 г. у шведскім выдавецтве Raben & Sjögren кніга выйшла ў свет. З гэтага часу пачалося трыумфальнае шэсце шведскай дзяўчынкі па ўсім кантынентам нашай планеты. Прызнаючы заслугі пісьменніцы і абаяльнай свавольніцы ў справе папулярызацыі шведскай культуры, Урадам краіны было прынята рашэнне на банкноце 20 шведскіх крон узору 2015 г. размясціць выявы Піпі Доўгаяпанчоха і Астрыд Ліндгрэн.

9 ліпеня ў цэнтральнай бібліятэцы Баранавічаў адбылася святочная імпрэза, прысвечаная Дню народзінаў Піпілоты. Юбілейную інтэрактыўную перасоўную выстаўку прадаставіла да канца лета баранавіцкім чытачам Амбасада Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. Са словамі прывітання звярнулася да прысутных памочнік Пасла Швецыі па сувязям з грамадскасцю Алеся Літвіноўская. Яна перадала баранавіцкім чытачам падарункі – беларускамоўныя дзіцячыя кнігі шведскіх пісьменнікаў. І, натуральна, галоўным падарункам стаў камплект кніг Астрыд Ліндгрэн “Піпі Доўгаяпанчоха”. Цудоўны пераклад Алены Казловай зроблены паводле шведскага выдання казкі. Яшчэ большую каштоўнасць кнізе надаюць ілюстрацыі Інгрыд Ванг Нюман, створаныя ёю для першага выдання кнігі ў 1945 г.

pipi_1.jpg

pipi_6.jpg

Святочная імпрэза для юных баранавіцкіх чытачоў адбылася весела і крэатыўна. Інтэрактыўнае чытанне з элементамі тэатралізацыі правяла Вераніка Фаміна, удзельніца тэатрыка лялек “Лямцавая батлейка” (Мінск). Немагчыма не адзначыць эмацыянальнасць акторкі, яе тонкі гумар, камунікатыўнасць, энергетыку дабразычлівасці і шчырай улюбленасці ў літаратурных герояў Астрыд Ліндгрэн.

pipi_4.jpg

У гаспадароў свята знайшліся падарункі для імяніннікаў ліпеня. Не засталіся без памятных прызоў і астатнія ўдзельнікі. Кожны атрымаў цукеркі і памятны прыз. Сапраўдным падарункам стаў для дзяцей і іх мам (і нават татаў!) шэраг забаўляльных пляцовак па матывах кнігі. Прызавы тэст, пазлы, касцюміраваная фотазона, тэматычныя гульні, зона цацак – герояў казачная аповесці – удала дапоўнілі перасоўную выстаўку.

pipi_3.jpg

pipi_7.jpg

pipi_8.jpg

pipi_5.jpg

Скарыстацца ўсім гэтым багаццем для таго, каб весела і карысна правесці вольны час у перыяд летніх вакацый, можна будзе да 31 жніўня. Бібліятэкары запрашаюць усіх жадаючых у сектар літаратуры на замежных мовах цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая па адрасе: вул. Леніна, 53. Тэлефон для даведак 40-36 90.

Іна Рушніцкая, загадчык аддзела ЦГБ імя В. Таўлая

Фота Наталлі Станкевіч, загадчыка сектара ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: