Гэтую паездку ў латвійскі горад-пабрацім Ялгава народны гурт вандроўных музыкаў «Фэст» гарадскога Дома культуры запомніць назаўсёды. Кожнае выступленне гурта гледачы-слухачы сустракалі бурнымі апладысментамі,
якія час ад часу нават пераходзілі ў сапраўдныя авацыі. Далі жару «Фэст» у саставе дэлегацыі Баранавіч быў запрошаны прыняць удзел у тыдні беларускай культуры, якая праходзіла ў Ялгаве. Нашы пабрацімы пастараліся зрабіць праграму знаходжання баранавіцкай дэлегацыі яркай і насычанай падзеямі да самага краю. Былі ў ёй экскурсіі па гістарычных мясцінах, незабыўная паездка ў Рыгу, дзе нашы землякі акунуліся ў атмасферу сярэднявечча, пазнаёміліся з вулачкамі, па якіх прагульваўся прафесар Плейшнар з папулярных «Сямнаццаці імгненняў вясны», і нават няспешны праменад па ўзбярэжжу Балтыйскага мора ў Юрмале і фатаграфаванне на памяць на фоне славутай канцэртнай залы «Дзінтары».
Але самыя яркія ўражанні засталіся ад сустрэч з нацыянальнымі суполкамі і ад канцэртаў. Як расказаў кіраўнік гурта «Фэст» Іван Кусцінскі, на сустрэчу з беларускім мастацтвам прыходзілі і прыязджалі з іншых гарадоў не толькі беларусы, але і рускія, украінцы. Зацікаўлена ставіліся і самі латышы. Напоўненыя нацыянальным каларытам, яркія і самабытныя песні «Фэста» нікога не пакінулі абыякавым.
– Па рэакцыі мы разумелі, што публіка засталася ў захапленні, – дзеліцца ўражаннямі Іван Кусцінскі. – Кожнае наша выступленне сустракалі проста на ўра. Гэта было неверагодна прыемна. Музыка – гэта тая сіла, якая аб’ядноўвае людзей.