Наверх

Да вас зайшла Каляда?

12.01.2015 741 Наш край

DSC_0433

Карэспандэнты «Нк» разам з калядоўшчыкамі завіталі ў вясковыя і гарадскія хаты Баранавіцкага краю і пацікавіліся: як успрымае народную традыцыю калядавання насельніцтва.

Загадзя завучыўшыя словы сцэнарыя, пераапранутыя, з каляднай зоркай, мядзведзем і казой у вывернутым поўсцю наверх кажусе мы ля парога гарадской кватэры. Грае гармонік, мы спяваем:
Каб жылі ў раскошы, Мелі торбу грошай
Казу вядзём –
усім радасць нясём.
Ну, ну, каза, паварачвайся…
DSC_0430Дзверы адчыняе жанчына, за ёй хаваецца хлопчык гадоў шасці. Гаспадыня падпіхвае сына наперад, каб паглядзеў, і сама з цікаўнасцю разглядае гасцей. Шчодра ўзнагароджвае нас цукеркамі і расказвае: «Я вас чакала, нават занервавала, раптам каляда абміне маю хату. Лічу, што калядоўшчыкі прыносяць шчасце ў сям’ю, гэта павер’е прыйшло да мяне ад маёй бабулі, якая жыла калісьці ў Перхавічах і заўсёды старанна чакала калядоўшчыкаў. На жаль, не кожны год выпадае дачакацца такіх гасцей. Прыходзьце ў наступным годзе абавязкова».

DSC_0440Акрыленыя першым паспяховым попытам мы спяшаемся далей, кватэра за кватэрай абыходзім жыхарой шматпавярхоўкі. Хтосьці, згледзеўшы ў дзвярное вочка няпрошаных гасцей, проста не адчыняе, хтосьці адчыняе і, разгублена сустракаючы калядоўшчыкаў, яўна не ведае, як сябе паводзіць. І прыемна, што большасць гараджан з радасцю і цікаўнасцю сустракае такіх візіцёраў.

DSC_0427

Многія клічуць дзяцей, нават просяць пачаць выконваць абрад па-новай для малых. Здаралася, суседзі выходзілі да нас ўсёй лесвічнай пляцоўкай, падпявалі. А, здаралася, нас запрашала за святочны стол падвіпіўшая кампанія. Праўда адна, нідзе не прыйшлося нам пачуць ганебных слоў. Наступная кропка каляднага маршруту – дамы індывідуальнай застройкі нашага горада. Часам высотныя платы, брэх сабак, замкнёныя каліткі адпугвалі, не спрыяла і надвор’е.

DSC_0443Нічога не перашкодзіла ў канун Старога Новага года правесці народны абрад калядавання, не мінаючы ніводнай сялянскай хаты, народнаму фальклорнаму калектыву «Суседзі» Пачапаўскага Дома культуры пад кіраўніцтвам дырэктара Ганны Былінскай і цудоўнай спявачкі, мастацкага кіраўніка «Суседзяў» Хрысціны Юроўскай. У Баранавіцкім раёне гэта адзін з калектываў, якому прысвоена званне народны, а творчы шлях вымяраецца дзесяцігоддзямі. Сёння ў калектыве шмат моладзі.

DSC_0437Хлопцы і дзяўчаты весела смяюцца, пануе цудоўны настрой. Разам з творчым калектывам мы збіраемся на калядаванне. Сцэнарый у іх індывідуальны, самастойна распрацаваны, і ролі вызначаны дасканала. Каза – 11-гадовая дзяўчынка, сапраўдная актрыса. Ніхто з ёй не паспрачаецца ва ўменні выпрасіць у гаспадара каўбаску. Цыганачка, баяніст, Дзед Мароз са Снягурачкай, удалыя спявачкі ды танцоркі – іх знаюць і ўжо чакаюць у кожнай хаце, і гэта вельмі заўважальна.

DSC_0428

Ганна Былінская патлумачыла, што калядуюць «Суседзі» ўжо не першы год. Гэта традыцыя знайшла сваіх прыхільнікаў, людзі заўсёды сустракаюць іх ветліва. «А да тых, хто не хоча, – не пойдзем», – весела смяецца Ганна Адольфаўна. Смяюцца разам з ёй і яе «Суседзі», такі яна ўжо чалавек, адкрыты і шчыра жыццярадасны. Мяркую, таму вакол яе і збіраюцца такія ж аптымістычныя людзі. Разам яны дораць бадзёрасць і настрой іншым і, магчыма, нават не задумваючыся, выконваюць больш важную функцыю – захоўваюць нашы традыцыі, беражліва перадаюць падрастаючаму пакаленню спадчыну.

У гэтым годзе «Суседзі» парушылі сваю выпрацаваную гадамі калядную традыцыю: пачалі калядаванне не ў 19 гадзін, а ў 16.00. Звязана гэта з тым, што ў планах – аб’ехаць не толькі ўсё Пачапава, але і навакольныя вёскі – Емяльянавічы, Вялікую Сваротву. «Трэба паспець заехаць да кожнага, – заклапочана Ганна Адольфаўна, – каб людзей не пакрыўдзіць, абавязкова наведаць нашага 91-гадовага бацюшку. А матушка, хоць з ложка і не паднімаецца, але падтанцоўвае нам лежачы».

Метадыст па народнай творчасці раённага арганізацыйнага метадычнага цэнтра Таццяна Седас расказала: «Калядныя святкаванні добра захаваліся да сёння і актыўна бытуюць у Баранавіцкім раёне. 3 незапамятных часоў хаджэнням калядоўшчыкаў у народзе надаецца магічны сэнс. Праз падобныя рытуалы, як лічылі нашы продкі, можна заручыцца падтрымкай Багоў на ўвесь будучы год. Калядоўшчыкі як бы выконвалі функцыянальную ролю пасрэднікаў, паміж Богам і чалавекам. Услаўляючы гаспадара, яны зычылі яму багацця, здароўя і дабрабыту. Усякі гаспадар імкнуўся шчодра надзяліць спевакоў за такія песні- зычэнні.

Магчыма, што ў язычніцкія часы падарункі, якімі надзялялі гаспадары калядоўшчыкаў, у першую чаргу адрасаваліся вярхоўным і родавым боствам і Добрым Духам, і частку такіх ахвярапрынашэнняў тыя адносілі да месц пакланення Сварогу, Дажджбогу, Перуну, Вялесу, Роду і іншым язычніцкім Багам. На Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 21 студзеня. Але ж язычніцкія Каляды не мелі дачынення ні да католікаў, ні да праваслаўных. Падобнае разыходжанне ў датах святкавання звязана з гісторыяй рэлігіі ў нашым краі».

Вынікі каляднага апытання, праведзеннага «Нк»
Не супраць прыходу калядоўшчыкаў – 36%
Не любяць, калі непакоіць каляда – 23%
Не баяцца ўдзелу сваіх дзяцей у калядаванні – 24%
Жадаюць больш якаснай падрыхтоўкі абрада – 13%
Не адкажуцца і самі паўдзельнічаць у калядаванні – 4%

Для тых, хто верыць у прыкметы
Студзень мяце – ліпень залье.
Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.
Студзень пагодны – год будзе плодны.
Калі на Стары Новы год вецер дзме з усходу – трэба чакаць гарачага і сухога лета, калі з поўдня – умеранага, а вось заходні вецер абяцае мокрае лета, паўночны – халоднае, з градам.

Таццяна КАРПІК, фота аўтара



  • Мы в социальных сетях: