14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Свята прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакрова Багародзіцы.
Да значнай падзеі бібліятэчныя спецыялісты прапануюць наведаць шэраг тэматычных інтэлектуальна-інфармацыйных лакацый. Кніжная выстава «З любоўю пра маму» прапануе наведвальнікам філіяла № 4 (Паўночны мікрараён) вядомыя і не вельмі выданні для дзяцей пра самага важнага чалавека ў жыцці – маму.
Падборку сцэнарных матэрыялаў па заяўленай тэме прапануюць бібліятэчным калегам, педагогам, усім, чыя дзейнасць звязана з выхаваннем падрастаючага пакалення і арганізацыяй тэматычных мерапрыемстваў, супрацоўнікі цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая. Кніжная паліца спецыяліста «Славім жанчыну, чыё імя – маці!» экспануецца ў аддзеле маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.
Даступны для шырокага кола віртуальных карыстальнікаў вэб-сайта цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы метадычны веснік «Дзень маці». Метадычна-аналітычнае выданне ўключае ў сябе цікавыя звесткі пра матуль класікаў беларускай літаратуры – Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Яўгенію Янішчыц, Васіля Быкава і іншых выбітных прадстаўнікоў мастацкага слова. Электроннае выданне мае інтэрактыўнае напаўненне: «клікнуўшы» па тэкставаму блоку і па фота, карыстальнік адкрые паўнатэкставы дакумент аб персаналіі. Электронны інфармацыйны рэсурс павінен зацікавіць кіраўнікоў дзіцячага чытання, арганізатараў культурна-масавай работы, педагогаў.
У незвычайным фармаце пройдзе ў цэнтральнай бібліятэцы горада святочнае чаяванне «Мамін дзень». Бібліятэкары падрыхтавалі для сваіх чытачоў прыемныя сюрпрызныя моманты.
Тыдзень, прысвечаны Дню маці, праходзіць у публічных бібліятэках горада. Шчыра запрашаем!
Іна РУШНІЦКАЯ, загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦГБ імя В. Таўлая