25 кастрычніка ліцэй № 1 запрасіў да сябе ў госці беларускую паэтку, нашу зямлячку, кіраўніка паэтычнага клуба «Ліра», Людмілу Аркадзьеўну Шувалаву. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні 9-3 і 10-4 класаў, а таксама Разанцава Святлана Уладзіміраўна, Чатырка Галіна Мікалаеўна і Радомская Таццяна Рыгораўна.
Мерапрыемства пачалося з успамінаў пра традыцыі нашых продкаў, а менавіта аб такім памінальным дні, як Дзяды, які адзначаецца 2 лістапада. Таццяна Рыгораўна распавяла пра тое, якія звычаі існавалі ў нашых продкаў, якія з іх захаваліся да гэтага часу і чаму гэты дзень такі значны для нас.
Потым слова было перададзена госці, Людміле Аркадзьеўне. Яна рассказала гісторыю свайго жыцця. Распавяла пра сваю сям’ю, пра знаёмых, пра сваю любоў да Беларусі і да роднага горада. Усё гэта было пададзена праз паэзію, як рускую, так і беларускую.
Хочацца адзначыць, што, нягледзячы на тое што Людміла Аркадзьеўна не вывучала беларускую мову ў школе, гаварыла яна вельмі жвава. Паэтка зачытала такія вершы, як «Мілы край», «Добры дзень», «Рябиновая осень», «Беларусь мая» і іншыя. Людміла Аркадзьеўна чэрпае натхненне з усіх рэчаў і падзей, што яе атачаюць. Гэта, несумненна, кажа аб глыбокай пачуццёвасці: здолець улавіць рытм і рыфму ў звычайнай, бытавой сітуацыі можа не кожны. Вялікая частка твораў паэткі ўяўляе сабой грамадзянскую лірыку, і гэта зразумела: кожны аўтар апявае тое, што міла яго сэрцу.
На дадзены момант па матывах вершаў Людмілы Аркадзьеўны напісана каля 20 песень, і ў хуткім часе будзе выпушчаны наклад новага зборніка вершаў на 100 асобнікаў.
Сустрэчы з вялікімі людзьмі, людзьмі мастацтва, заўсёды пакідаюць незгладжальнае ўражанне ў душы кожнага . Гэтая сустрэча не стала выключэннем.
Ліцэй № 1 ад усёй душы дзякуе Людміле Аркадзьеўне і з нецярпеннем чакае новай сустрэчы.
Нупрэйчык Аляксандра, 10-5 клас.