Выявіць наватарскія думкі, новыя падыходы, інавацыйныя формы і метады работы – асноўная ідэя любога прафесійнага спаборніцтва. Менавіта такія задачы ставіць перад бібліятэкарамі краіны кампетэнтнае журы Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, што праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на працягу 25 гадоў. Мэта конкурсу – узмацненне ролі публічных бібліятэк у фарміраванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджванне ідэі беларускасці, прапаганды нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры, падтрымкі і развіцця чытання.
Конкурс традыцыйна праходзіць у два этапы: абласны і рэспубліканскі. Сёлета ў абласным туры XXV Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” прынялі ўдзел 9 бібліятэк Берасцейшчыны. 17 сакавіка на аснове рашэння калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама цэнтральная гарадская дзіцячая бібліятэка ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Баранавічы” (кіраўнік – намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі Робак Алена Мікалаеўна) прадстаўлена да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу як пераможца абласнога тура ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” у справе папулярызацыі беларускай кнігі сродкамі інавацыйных форм масавай работы на прыкладзе рэалізацыі крэатыў-праекта “Вясёлка юбілейных падзей”.
Баранавіцкія бібліятэкары ўжо не першы год займаюць прызавыя месцы ў розных намінацыях гэтага прэстыжнага прафесійнага спаборніцтва. Шматлікія спробы ўзысці на прафесіянальны Алімп пераконваюць, што конкурс сёння – гэта не толькі дэманстрацыя дасягненняў, але і абмен вопытам, самаадзнака ў першую чаргу ўласнай работы, адкрыццё для сябе новых гарызонтаў. Удзел у ім прадастаўляе магчымасць паказаць свае лепшыя перспектыўныя напрацоўкі, арыгінальныя ідэі, прадэманстраваць моцныя бакі дзейнасці, спецыфіку работы з рознай чытацкай аўдыторыяй, асаблівасці рэгіянальнага аспекту бібліятэчнай работы.
Віншуем каманду пераможцаў і шчыра зычым з гонарам працягваць сваю няпростую і высакародную справу!
Іна Рушніцкая, заг. аддзела метадычнай і аналітычнай работы ЦГБ імя В. Таўлая.