13 студзеня ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэнння Прэміі імя А. І. Дубко за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Сярод 14 ўзнагароджаных – жыхарка Баранавічаў, паэтэса Таццяна Яцук. Прэмію ёй уручыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.
Паэтэса нарадзілася ў вёсцы Радагошча, што на Навагрудчыне, таму яе малая радзіма – гэта Гродзенская вобласць. Але шмат гадоў яна жыве ў Баранавічах, працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 4. Яна актыўны грамадскі дзеяч, асветнік, кіраўнік аматарскага літаратурнага аб’яднання «Купальскія зоры». У багажы Таццяны Яцук – некалькі персанальных зборнікаў, удзел у калектыўных, публікацыі ў перыядычных выданнях.
У мінулым годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла чарговая кніга Таццяны Яцук – «Мудрасць вечара». Таксама яна ўзяла ўдзел у вялікай колькасці разнастайных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Вершы Таццяны Мікалаеўны добра кладуцца на музыку, таму дзясяткі з іх сталі песнямі.
Як адзначаецца на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі, для Таццяны Мікалаеўны прэмія Гродзенскага аблвыканкама імя Героя Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Дубко – далёка не першая высокая ўзнагарода. «Паэтэса працуе даволі плённа, а поспех, як вядома, любіць працавітых, заслужанай узнагародай прыходзіць менавіта да тых, хто сваю працу, свой творчы пошук ніколі не спыняе», – пішуць пра яе калегі.
Падрыхтавала Алена РАКУЦЬ
Фота – тэлеграм-канал «Барановичи читающие»