Наверх

Алесь Корнеў (вершы пра вайну)

21.07.2014 3375 Наш край

Я – хлопчык вайны 

Я – хлопчык вайны той страшэннай, далёкай…

Грымелі снарады, і бомбы, і міны…

Эх, сэрца! Даволі ўжо! Сціхні, не ёкай!

Няўжо растрывожылі зноў успаміны?

 

Вайна наспявала, а дзе ж падрыхтоўка

Да добрай ці хоць бы якой абароны?

Была б для мужчын у запасе вінтоўка,

А к ёй і гранаты б яшчэ, і патроны!

 

Хто ў войска з іх трапіў, а хто ў партызаны,

А хто ў паліцаі ляцеў карамболем…

Астатнія людзі былі закілзаны

Чужым самавольствам, і страхам, і болем.

 

Зрабілася доля бязмерна гаротнай.

Бязлітасна грабіў фашыст азвярэлы.

Улада стаяла на кары смяротнай:

Пужалі і шыбеніцы, і растрэлы.

 

Я ўспомніў сястрычку сваю, незабудку.

 Мароз быў на вокнах крыштальна-калючы.

Яна ж, наша крошка, не мела абутку.

На целе віселі старыя анучы.

 

А потым дзіцятка ў гарачцы гарэла,

Нібыта вугольчык ірдзеў на марозе…

Не чула яна гаргатання і стрэла,

I як яе бацька канаў на парозе…

 

А я тады выжыў, мо і выпадкова,

I радуюсь сёння ўнучкай-малечай…

У нас над дзвярыма красуе падкова,

Як сімвал надзеі жывой, чалавечай.

 

Сэрцам прысягаю 

 

Зноў у былое думкаю сягаю.

О, шмат ішло на нас бандыцкіх зграй!

Таму я сёння сэрцам прысягаю

Табе, мой любы, мой радзімы Край!

 

Мы думалі што беды, ліхалецці

Нарэшце згінулі, сышлі ў нябыт.

Аднак жа зноў ад іх на белым свеце

Ўзгараецца бязлітасны іспыт.

 

Ідзе паўсюль людская апрацоўка

За перадзел, захоп, за перароб.

Глядзіш, і нечый край ужо – пляцоўка

Для спланаваных рабаўніцкіх спроб!

 

Заўсёды стаўка робіцца на моладзь,

На іх наіўнасць і на іх давер.

I толькі сталыя нябёсы моляць,

Каб не ўварваўся крыважэрны звер.

 

А для яго не можа быць іначай…

Вядома, што халодная вайна

Ў бліжэйшым часе робіцца гарачай –

Такая сувязь існуе здаўна.

 

Шчэ не забыты жах вайны Сусветнай,

А дзе-нідзе ўжо зноў крывавы вір

Ахутвае куточак запаветны,

Раструшчваючы дабрадзейны мір.

 

Сябры, аб міры вы не толькі марце.

Давайце выкуем яму браню!

А я з юнацкіх год ужо на варце

I любы Край свой пільна бараню!

 

Не плачуць ужо састарэлыя ўдовы 

 

Не плачуць ужо састарэлыя ўдовы:

Няма ўжо ніякае сілы і слёз.

Калісьці вайна, як валун стопудовы,

Раструшчыла іхні спагадлівы лёс.

 

Былое сплыло, растварылася ў дыме…

А колісь былі і яны маладымі,

I дзеці былі, і мужык малады…

Эх, каб не нашэсце фашыстаў тады!

 

Хіба можна ворагу здацца, скарыцца?

Такому не быць! Адыдзі, супастат!

Наш Край ратавала пяхота-царыца,

Героі баёў – партызан і салдат!

 

Жылі ў ліхалецці жанчыны з мальбою,

Каб толькі жывымі вярнуліся з бою

Каханыя, родненькія мужыкі,

Каб не зачапілі іх кулі, штыкі…

 

У нас не чакалі лістоў пахавальных:

Пад ворагам чуткі пужалі часцей.

Вайна наляцела бядою павальнай

I не шкадавала жанчын і дзяцей.

 

Жыццё прамільгнула, гады праляцелі.

Удовы жылі, ды не так, як хацелі.

Не ўсякая ўспомніцца сёння дэталь…

У поглядзе мутным – замглёная даль…

 

Цётка Дуся

 

Навек, навек запомню

Я здымак твой альбомны,

Памяты і паблякы,

Здаецца, быў і змяклым.

 

Пагляд смяшліва-горкі…

Смяешся ты, дзяўчына,

А выгляд гімнасцёркі –

Як лёс усёй Айчыны.

 

Апошні раз, напэўна,

3 усмешкай каралеўны

Глядзела ў свет запоем,

Глядзела перад боем…

 

Пасля за кулямётам

Стаілася на ўзвышшы.

Апошні бой… А потым –

Бясконцае зацішша…

 

Сышлі са славай людзі…

I толькі памяць блудзіць

Расплывістаю рыскай

Сярод сяброў і блізкіх.

 

Ах, цётка, цётка Дуся!

Пагляд з другога свету…

I я ў набеглай скрусе

Цалую ўсмешку гэту.

 

Сама па сабе набягае сляза

 

Бабульцы, відаць, ужо за 90,

Ды толькі мінулае – не трын-травой.

Пражыць доўгі век давялося няпроста:

Адно замуж выйшла і стала ўдавой.

 

А колісь каханы дарыў ёй каралі…

Якімі шчаслівымі разам былі!

А зараз маршчынкі ўвесь твар узаралі,

I думкі буяюць на гэтай раллі.

 

Згусцелыя думкі, нібы пустазелле,

Ды ўсё-ткі квітнее між іх успамін:

Спякотнае лета, гулялі вяселле,

I ружы былі, і каралі-кармін.

 

Ды раптам вайна завяршыла пагрозы…

Мужчыны ў агонь той пайшлі напрасткі.

Іх след палівалі жаночыя слёзы,

Ківалі галоўкамі ўслед каласкі.

 

Той дзень не забыць ужо бабцы ніколі –

I памяць вяртаецца ўпарта здалёк:

Знікае каханенькі ў збожжавым полі,

Ад гора зацяўшы ў руках васілёк.

 

На захадзе ціха зара дагарае,

А з ёй – і мінулых гадоў драбяза.

У зрэнках – смуга… Не, не плача старая

Сама па сабе набягае сляза.

 

Якой сівой ты стала, восень

 

Была ж ты, восень, каляровая!

Цяпер твой стан не зачароўвае,

Цяпер ты шэрая, мышастая,

3 табой пад ручку вецер шастае

Між дрэў панурых і траўя,

Ды зрэдку к лесу выйду я.

 

А ён здзіўляе новай сцэнкаю:

Вунь побач з грушаю-шатэнкаю

Стаіць вярба с касой русяваю,

А разам з імі – вяз раззяваю:

Не ўзняў над імі парасон,

А толькі ные ва ўнісон,

 

Ды восень збэшчвае папрокамі,

Што надзяліла днямі мокрымі.

Цякуць па дрэвах кроплі змейкамі…

I толькі елкам з цуда-вейкамі

Сярод вятроў, сярод вады

Чамусь – ніякае бяды.

 

I я пад новаю плашчоўкаю

Не кашляю, не шчоўкаю,

Але шкада ўсё ж летняй просіні

І зніклай колернае восені,

Якая ў летаргічным сне

Дасюль была прывабнай мне.

 

Струною мокрай дожджык дзінькае

Па-над бярозкаю-бландзінкаю.

На ёй – сукенка паркалёвая,

I дождж яе цішком расклёўвае,

А вецер шэпча: «Дай. лізну

I я худую галізну!»

 

І слізвае слязу-жамчужыну,

I чыхае сіпаты ў лужыну…

Такі мужык твой, восень мокрая…

А хутка ўбачу твайго свёкра я,

I больш не будзе ў лесе слёз –

У раз іх вытрэ Дзед-Мароз!



  • Мы в социальных сетях: