Наверх

“Корнеўскія чытанні” ў памяць паэта Алеся Корнева прайшлі ў Баранавічах

30.11.2022 744 Наш край

Ёсць людзі, якія “свецяцца”, якія саграваюць сваім цяплом усіх, хто іх акружае. Такім застаўся ў памяці землякоў баранавіцкі паэт Алесь Корнеў.

30 лістапада, у дзень нараджэння творцы, у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая прайшлі “Корнеўскія чытанні” – сумесны праект Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліятэкі і літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”.
korneevskie-chteniya-3.jpg
korneevskie-chteniya-29.jpgkorneevskie-chteniya-30.jpg

Ініцыятарам штогадовых сустрэч выступіла Раіса Раманчук – кіраўнік літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, сябра літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры” пры цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая.

korneevskie-chteniya-31.jpg
korneevskie-chteniya-35.jpgkorneevskie-chteniya-27.jpg

Падчас сустрэчы прагучала шмат шчырых слоў у адрас Алеся Касьянавіча. Прысутныя ўспомнілі жыццёвы і творчы шлях паэта. Ён быў няпростым: ваеннае дзяцінства, школьныя гады, навучанне ў медыцынскім інстытуце, праца на працягу 33 гадоў у скурна-венералагічным дыспансеры. Пасля выхаду на пенсію ён натхнёна займаўся лясной скульптурай і мастацтвам, але найбольш праявіў сябе ў літаратурнай творчасці. І гэта не засталося незаўважаным: Алесь Корнеў адзначаны Брэсцкай абласной літаратурнай “Мядовай прэміяй” (2009) і абласной літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка (2011). З-пад пяра Алеся Касьянавіча выйшлі 32 зборнікі, у якіх ён з пяшчотай адклікаўся аб жанчыне, Радзіме, роднай мове і прыродзе. Нягледзячы на цяжкасці, творца ішоў па жыцці з аптымізмам і гумарам.

korneevskie-chteniya-32.jpgkorneevskie-chteniya-33.jpg

Слайд-фільм, падрыхтаваны супрацоўнікамі бібліятэкі, дазволіў удзельнікам сустрэчы яшчэ раз пагартаць старонкі “жыццёвага фотаальбома” Алеся Касьянавіча, “пачуць і ўбачыць” вершы ў яго выкананні.

Успомніць таленавітага паэта і сціплага чалавека прыйшлі блізкія і родныя, сябры, баранавіцкія творцы. Вечар быў напоўнены паэзіяй і музыкай. Пранікнёна гучалі песні на словы Алеся Корнева ў выкананні ансамбля настаўнікаў сярэдняй школы №21 “Primavera” і Ірыны Мезенцавай-Здановіч.

Шчырыя, прасякнутыя светлым сумам словы прагучалі ад дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы Таццяны Рудкоўскай і яе супрацоўнікаў. Бібліятэка заўсёды была рада Алесю Касьянавічу як чытачу, лепшаму сябру і жаданаму госцю, ад сустрэчы з якім звычайны дзень станавіўся асаблівым.

korneevskie-chteniya-34.jpg

Надзея КІПЕЛЬ, вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя В. Таўлая

Фота Алены АЛЬПЯРОВІЧ, бібліёграфа І катэгорыі ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: