Наверх

«Кніжная фея» Кацярына Хадасевіч-Лісавая ўпершыню завітала ў баранавіцкую бібліятэку

21.04.2023 376 Наш край

Родная мова – першая крыніца, з якой мы чэрпаем веды, любоў да роднага краю, праз якую мы пазнаём жыццё. Наколькі ж важна ведаць сучасных беларускіх аўтараў, якія садзейнічаюць развіццю і папулярызацыі беларускай літаратуры, добра ведаюць баранавіцкія бібліятэкары і чытачы.

biblioteka-1.jpg

20 красавіка ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая пры падтрымцы выдавецтва «Звязда» адбылася сустрэча з Кацярынай Хадасевіч-Лісавой – беларускай казачніцай, якая піша для дзяцей на роднай мове, адным з самых запатрабаваных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Яе творы выходзяць у знакамітых выдавецтвах краіны – «Мастацкая літаратура», «Харвест», «Звязда»; уваходзяць у калектыўныя зборнікі, напрыклад, «Зборнік твораў для дадатковага чытання ў 6-м класе» і шматлікія іншыя.

biblioteka-2.jpg
Зусім нядаўна свет пабачыла новая кніга пісьменніцы «Новыя прыгоды лісачкі Красуні» – працяг неверагодных прыгод кемлівай абаяльнай лісачкі, якой пашанцавала трапіць у Дзівосны лес.

На сустрэчы адбылася прэзентацыя выдання. Аўтарка асабіста зачытала некалькі яркіх урыўкаў, чым зацікавіла і ўразіла маленькіх гасцей, якія актыўна дзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі, з задавальненнем адказвалі на пытанні, давалі характарыстыкі героям.

biblioteka-3.jpgbiblioteka-4.jpg

Кожная творчая сустрэча з пісьменнікам – гэта свята для бібліятэкі. Сустрэча з Кацярынай Хадасевіч-Лісавой – свята казкі, маленькі спектакль, на якім яна пазнаёміла прысутных з сюжэтамі і героямі сваіх твораў. Казачніца завітала ў бібліятэку з лісачкай Красуняй, іншапланетнікам Вухуцікам, Ліловым цмокам.
biblioteka-5.jpg

У кожным творы аўтарка імкнецца ўсімі магчымымі спосабамі зацікавіць юных чытачоў. Дзіцячая кніга павінна быць сучаснай – так лічыць Кацярына Станіславаўна. Яна доўгі час працуе настаўніцай у школе і як ніхто іншы мае магчымасць назіраць, як змяняюцца дзеці. Адпаведна, і кнігі павінны змяняцца. Таму выданні нашай госці заўсёды з’яўляюцца інтэрактыўнымі. У тэкст дададзены квэсты, інтэрактыўныя гульні і конкурсы, магчымасць спампоўваць размалёўкі, глядзець буктрэйлеры. На творчай сустрэчы ўсё гэта было наглядна прадэманстравана. Сучасныя тэхналогіі і мультымедыя дапамагаюць Кацярыне Хадасевіч-Лісавой зрабіць кнігі прывабнымі і актуальнымі для дзяцей і падлеткаў.

biblioteka-6.jpgbiblioteka-7.jpg

Пасля сустрэчы прысутныя падыходзілі да госці з падзякай і цёплымі словамі, фатаграфаваліся, бралі аўтографы.

Дзякуем Кацярыне Станіславаўне за займальную сустрэчу! Жадаем натхнення, новых кніг і новых чытачоў, чакаем у госці!

Аляксандра КУПРЫЯНАВА, бібліятэкар ІІ катэгорыі ЦГБ імя В. Таўлая

Фота – Алена АЛЬПЯРОВІЧ, бібліёграф І катэгорыі ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: