Наверх

Беларусам трэба будзе зарабляць большы стаж, а замежнікам – страхавацца

23.01.2016 401 Наш край
DSC_9232
Фото Бориса НОВОГРАНА

Беларусам трэба будзе зарабляць большы стаж, а замежнікам – страхавацца З 1 студзеня гэтага года мінімальны страхавы стаж, неабходны для пенсіі па ўзросце, павялічаны да 15 гадоў 6 месяцаў. А пачынаючы з 1 студзеня 2017-­га,
ён паступова будзе павялічвацца штогод на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў.

Больш падрабязна пра тое, што такое страхавы стаж, расказвае начальнік упраўлення арганізацыі пенсійнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена ДРОНАВА.

– Што такое страхавы стаж?

– Страхавы стаж – гэта час працы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці з платай страхавых узносаў. У такі стаж уключаюцца ўсе гады, у тым ліку і ў перыяд СССР.

Страхавы стаж дае права на атрыманне пенсіі. Працоўны стаж улічваецца пры вылічэнні памеру пенсіі. У агульны працоўны стаж, акрамя перыядаў работы з выплатай страхавых узносаў (гэта значыць страхавога стажу), залічваюцца і так званыя «крэдытныя» перыяды (без выплаты страхавых узносаў): ваенная служба, догляд дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, догляд інваліда 1­й групы, атрыманне адукацыі ў дзённай форме наведвання, атрыманне дапамогі па беспрацоўі і інш.

Патрабаванне аб мінімальным страхавым стажы для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце (5 гадоў) было ўстаноўлена ў заканадаўстве яшчэ ў 2006 годзе.

– Чаму не трэба баяцца павелічэння перыяду страхавога стажу?

– Мера па павелічэнні мінімальнай працягласці страхавога стажу не павінна выклікаць занепакоенасці ў грамадзян. Бо за працяглы перыяд іх працоўнай актыўнасці (ад 18 да 55/60 і больш гадоў у жанчын/мужчын адпаведна) адпрацаваць 20 гадоў з выплатай узносаў цалкам рэальна.

Гэты захад арыентуе на тое, што пенсію неабходна зарабляць. Адрасавана яна больш маладым работнікам і загадзя нацэльвае іх на неабходнасць фарміравання сваіх пенсійных правоў.

Ці набываюць страхавы стаж беларусы, якія працуюць у замежнай арганізацыі?

– Так, грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія працуюць у прадстаўніцтвах замежных арганізацый, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі рэспублікі, набываюць страхавы стаж.

З 1 студзеня гэтага года абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае (пенсійнае) страхаванне таксама распаўсюджваецца на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія працуюць у Беларусі ці з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

– Што будзе пры надыходзе пенсійнага ўзросту з тымі, хто не мае ў сваёй працоўнай кніжцы неабходнага страхавога стажу?

– Калі чалавек звяртаецца па прызначэнне пенсіі пры адсутнасці неабходнага страхавога стажу, яму можа быць прызначана толькі сацыяльная пенсія і толькі па дасягненні ўзросту 60 гадоў (для жанчын) і 65 гадоў (для мужчын). Сёння яе памер складае 50% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы. Працоўная пенсія па ўзросце можа быць прызначана толькі пры ўмове дапрацоўкі страхавога стажу да неабходнай працягласці.

– Як быць інвалідам і іншым сацыяльна ўразлівым катэгорыям насельніцтва, якія не змаглі напрацаваць 15 гадоў 6 месяцаў страхавога стажу?

– Для прызначэння працоўных пенсій па інваліднасці і з нагоды страты карміцеля захаваны ранейшыя патрабаванні па страхавым стажы (дастаткова самога факту платы страхавых узносаў). Павелічэнне мінімальнага стажу працы таксама не закранае сацыяльна ўразлівыя катэгорыі асоб, для якіх фарміраванне працяглага страхавога стажу аб’ектыўна цяжкае (бацькоў дзяцей­інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства), шматдзетных маці, якія нарадзілі і выхавалі не менш за 5 дзяцей, інвалідаў з дзяцінства і іншых). Для прызначэння ім датэрміновых пенсій па ўзросце патрабуецца, як і раней, 5 гадоў страхавога стажу.

Святлана БУСЬКО, «Звязда».



  • Мы в социальных сетях: