Наверх

Няхай радасць расцвіце ў сэрцах! Вiншаванне са святам

09.04.2023 485 Наш край

«Хрыстус Уваскрос як першы сярод памерлых»
(1 Кар. 15,20)

Дарагія браты і сёстры!

«Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!» – гэтым традыцыйным прывітаннем спяшаемся падзяліцца, складаючы пасхальныя віншаванні. Таямніца Уваскрасення Езуса Хрыста цалкам змяніла і надалей змяняе лёсы чалавека і свету. Яна прыносіць упэўненасць у трыумфе сапраўднай любові, якая перамагла смерць і ўсім людзям адкрыла перспектыву новай надзеі. Свята Уваскрасення Пана Езуса  для кожнага з нас – гэта час радасці і сустрэчы нашых сэрцаў з жывым Хрыстом, які перамог смерць і грэх.

Раздзяляючы з вамі гэту радасць, жадаю, каб святочныя дні і далейшае ваша жыццё былі напоўнены трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам Пасхі і Любові. Няхай уваскрослы Хрыстус будзе для вас крыніцай надзеі, радасці і моцы, якія дапамогуць пераадолець усе цяжкасці штодзённага жыцця.

Жадаю, каб гэта вялікая праўда аб Уваскрасенні Езуса Хрыста ніколі не была заслонена нават вялікімі зямнымі крызісамі, катаклізмамі  і клопатамі. Радуемся кожнай хвіліне, што дорыць нам Той, які стварыў неба і зямлю. Няхай радасць расцвіце ў нашых сэрцах, як вясеннія галінкі вярбы, каб мы маглі дзяліцца ёю з нашымі блізкімі.

Жадаю шырока адкрытага сэрца на Евангелле, якое перамяняе наша жыццё, надае яму сапраўдны сэнс, напаўняе радасцю і вялікай надзеяй. Няхай Добрая Вестка аб смерці і Уваскрасенні Хрыста вызначае напрамак нашага жыцця, працы і адносінаў з людзьмі. Няхай кожны дом будзе домам Божай радасці, сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і святасці, дзе не будуць успамінацца ніякія крыўды, а будзе панаваць любоў, якая ўсё прабачае і перамагае.

Благаслаўлёных велікодных святаў!

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Ксёндз Павел Рудзьман




  • Мы в социальных сетях: