15 студзеня Баранавіцкі раён адзначае 75-гадовы юбiлей. «Нк» прагартаў старыя падшыўкі газет, каб па іх узгадаць, як праходзіла станаўленне і развіццё раёна, а таксама пагутарыў з жывымі сведкамі тагачасных падзей.
Перш чым пачаць экскурс у 75-гадовую гісторыю, нельга не ўзгадаць, што 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. Вось як успамінае гэты час ўраджэнка вёскі Альсевічы Баранавіцкага раёна Зінаіда Рыгораўна Ільюкевіч: «Мне было трынаццаць з палавінай гадоў, і я асабіста хадзіла сустракаць чырвонаармейцаў. Іх усе чакалі з радасцю, бо пры Польшчы жыць было нялёгка. Людзей перапаўняла пачуццё радасці ад таго, што нарэшце скончыцца прыгнёт. «Нашы родныя ідуць», – гучала навокал».
Пасля ўз’яднання заходніх абласцей восенню таго ж года ў ВольнаЧэрніхава быў арганізаваны першы саўгас. У наступныя два гады ствараюцца калгасы «Новае жыццё» ў вёсцы Трацэвічы, «Чырвоны партызан» у Высадовічах, калгас імя Молатава ў Свіранах і іншыя.
Але спакойны мірны ўклад жыцця нечакана быў парушаны фашысцкай Германіяй. На тэрыторыі сучаснага Баранавіцкага раёна (у той час Навамышскі і Гарадзішчанскі раёны з’яўляліся асобнымі раёнамі) прынялі меры па тэрміновым пераводзе ўсяго жыцця на ваенны лад. Была праведзена мабілізацыя ваеннаабавязаных 1905–1918 гадоў нараджэння.
«Добра памятаю бамбёжкі каля чыгункі, якая была недалёка ад нашай вёскі. Кожны дзень на фронт праходзілі дзесяткі эшалонаў,– расказвае Зінаіда Рыгораўна. – Шмат каго з моладзі ў часы вайны вывозілі ў Германію, таму ноччу даводзілася хавацца ў снапах, бо часта праводзіліся аблавы. Але горш за фашыстаў былі паліцаі. Яны гальшталі па вёсках на конях, бесцырымонна маглі зайсці ў любую хату, узяць усё, што спадабаецца. Чыгунку немцы ахоўвалі добра. Каля яе стаялі патрулі, а каб прайсці праз пераезд, трэба было мець пропуск. Часта па чыгунцы вазілі палонных. Некаторым удавалася збегчы. І тады жыхары нашай вёскі хавалі іх ад немцаў і паліцаяў, кармілі, давалі адзенне».
На тэрыторыі нашага раёна падчас акупацыі нямецкафашысцкімі войскамі дзейнічалі два лагеры смерці для ваеннапалонных у вёсцы Лясная і для мірных жыхароў у вёсцы Калдычэва, дзе было знішчана звыш 110 тысяч чалавек.
З пачаткам вайны спыніла сваё існаванне і папярэдніца «Нашага краю» – газета «Чырвоная звязда». Але, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з фашысцкай акупацыяй, друкаванае слова працягвала жыць, толькі ў іншай форме: лістоўках, баявых лістках. Да прыкладу, у лістоўцы Навамышскага падпольнага райкама партыі гаварылася: «…Шмат моладзі нашага раёна змагаецца супраць фашыстаў у радах партызан. Сярод іх ёсць такія, што знішчылі ўжо сотні гітлераўцаў і іх халуёў – паліцаяў, пусцілі пад адхон шмат варожых эшалонаў».
Па меры развіцця партызанскага руху абкам КП(б)Б пачаў засылаць у падпольныя райкамы, гаркамы і партызанскія брыгады партатыўныя друкарскія станкі, шрыфты і іншае абсталяванне. У канцы красавіка 1943 года пасля доўгага перапынку выйшаў першы нумар газеты «Чырвоная звязда». Газету перадавалі з рук у рукі па вёсках тагачасных Навамышскага і Гарадзішчанскага раёнаў.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў востра стаяла пытанне хутчэй наладзіць мірнае жыццё, аднавіць усё, што было знішчана ворагам. Старшыня выканкама Вальнянскага сельсавета Гарадзішчанскага раёна на старонках газеты дзяліўся вопытам работы свайго сельсавета: «Працаваць толькі строга па прадуманаму плану. Адначасова мы не ўпускаем зпад сваёй увагі пытанні адбудовы спаленых вёсак, прывядзення ў культурны выгляд нашых сёл».
Амаль што ва ўсіх нумарах газеты за 1944–1945 гады сустракаюцца заметкі пра зверствы фашыстаў і паліцаяў. Нямала публікацый аб дасягненнях працоўных калектываў, якія стараліся як мага хутчэй ліквідаваць вынікі нямецкай акупацыі. «План лесанарыхтовак сялянамі раёна выкананы на 141 процант, а лесавывазкі – на 139 процантаў…» (тут і далей захоўваем тагачасны правапіс, – аўт.)
«…На торфазаводзе «Сталовічы» сярод рабочых шырока разгорнута соцыялістычнае спаборніцтва за датэрміновае выкананне плана ўборкі торфу. Брыгады Марыі Еўсейчык і Любы Галавач штодзённа зменнае заданне выконваюць на 130 процантаў…»
З гонарам паведамлялася пра тое, што ў навагоднюю ноч 45-га года ў дамах Новай Мышы паявілася электрычнае святло – прыступіла да работы электрастанцыя…
Сяло ніколі не аставалася адзін на адзін са сваімі праблемамі: гараджане дапамагалі заўсёды. Заметка ў «Чырвонай звяздзе» ад 28 лютага 1954 года так і называлася – «Цесная дружба»: «Калектыў мэблевай арцелі «17 верасня» шэфствуе над калгасам «Большэвік» Новамышскага раёна… У калгасе было праведзена 4 нядзельнікі, у якіх прыняло ўдзел больш за 200 членаў арцелі. У гэтыя дні шэфы дапамагалі калгаснікам рыхтаваць парніковую гаспадарку, вывозілі торф на ўгнаенне. Апрача гэтага было зроблена для калгаса некалькі дзесяткаў гаспадарчага інвентару з піламатэрыялаў шэфаў».
Не праходзіць пачуццё гонару за сапраўды самаадданую працу людзей, якія, не шкадуючы сіл, імкнуліся дабіцца ва ўсім высокіх дасягненняў. Так, даярка саўгаса «Палонка» Зінаіда Блізнюк у сваім адкрытым пісьме звяртаецца да ўсіх даярак раёна і прызывае зрабіць 1961 год годам высокіх надояў малака. «У пачатку 1960 года я дала слова ад кожнай каровы надаіць па 3 500 кг малака. Такое абавязацельства многія лічылі нерэальным. Але я рашыла даказаць, што і ва ўмовах нашага раёна можна атрымліваць высокія надоі… Мая мэта ў трэцім годзе сямігодкі ўзяць новы рубеж. Я рашыла ў 1961 годзе ад кожнай каровы сваёй групы надаіць па 5 000 кг малака. Дала слова – стрымаю яго…» На зварот адгукнуліся даяркі з розных калгасаў раёна, якія падтрымалі працавітую і мэтанакіраваную жанчыну і таксама ўзялі абавязацельствы працаваць з падвоенай энергіяй, не шкадуючы ні сіл, ні часу.
Упачатку сакавіка 1963 года ў газеце «Знамя камунізма» сустракаецца цікавая замалёўка пра калгас «Перамога»: «…Улицы Крошина были пустынны. Вы спрашиваете, где люди? Все в поле, – говорит председатель колхоза «Победа» Абрам Аронович Мацковский. – Все наши колхозники, даже некоторые и престарелые дружно работают сейчас на заготовке и вывозке на поля местных удобрений… Колхозники не жалуются. Мы выдали на трудодень по полтора кг зерна, по 70 копеек деньгами…»
Менавіта так пачыналася станаўленне знакамітага на ўсю рэспубліку калгаса. А пакуль газетныя радкі казалі: «А ведь четыре года назад это было одно из слабых хозяйств района…» Але ўжо ў 1972м калгас «Перамога» дзяліўся перадавым вопытам па вырошчванні цукровых буракоў: «Бригада, которую возглавляет А.М. Бобко, на каждом гектаре вырастила 458 центнеров сладких корней…» Праз некалькі дзён брыгадзір Аляксандр Бабко быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
У першых выпусках газеты «Знамя камунізма» ў новым 1979 годзе ў заметцы «Наш район в четвертом году пятилетки» сустракаюцца такія радкі: «Объем промышленного производства возрос в прошлом году по сравнению с 1977 годом на 2,2 процента, а за три года пятилетки – на 29,5 процента…» Тут жа з’яўляецца і першае ўпамінанне аб будаўніцтве новых аб’ектаў у раёне: «В текущем году будет начато строительство двух крупных объектов сельскохозяйственного назначения: комплекса «Восточный» по откорму 54 тысяч свиней в год и птицефабрики «Дружба».
Іх будаўніцтва пачалося па вясне гэтага ж года. Вось што пісала аб гэтым газета: «За поселком Новая Мышь по дороге на Полонку началось строительство крупнейшей в республике птицефабрики «Дружба» на 10,6 миллиона бройлеров в год. Строительство поручено 111му строительному управлению 25 треста… Здание для ремонтного молодняка, птичники для кур родительского стада, бройлерные птичники будут поставляться по контракту Венгерской Народной Республикой».
Трэба адзначыць, што будаўніцтва птушкафабрыкі было поўнасцю завершана да канца 1980 года, у лістападзе таго ж года быў пасаджаны першы бройлер. За першы год фабрыка вырасціла 9 949 тон мяса птушкі.
Працаўнікі калгасаў у 80х працягваюць удзельнічаць у сацыялістычных спаборніцтвах. Так, у калгасе «Путь новый» ставілі мэтай: «С каждого гектара получить 37 центнеров зерновых… Урожайность картофеля довести до 335 центнеров… Удой от коровы довести до 3 000 килограммов».
У 1985 годзе Цэнтральны Камітэт Кампартыі, Вярхоўны Савет і Савет Міністраў БССР віншаваў Баранавіцкі раён з вялікай працоўнай перамогай – датэрміновым выкананнем пяцігадовага плана продажу дзяржаве ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. У тым жа нумары расказваецца і пра першую раённую выставу племянных жывёл, у якой прынялі ўдзел 14 гаспадарак.
Шмат вады ўцякло за 75 гадоў. Нялёгка прыходзілася выжываць сельскай гаспадарцы пасля распаду Савецкага Саюза…Але, нягледзячы ні на якія цяжкасці, самай галоўнай каштоўнасцю раёна заўсёды былі працавітыя, самаадданыя і адказныя людзі.
«Працавалі аддана на роднай зямлі»
Шмат цудоўных і знакамітых людзей вырасціла баранавіцкая зямля. Трэба адзначыць, што ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымалі 15 працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна.
Гэтай узнагароды быў удастоены і Аляксандр Мітрафанавіч Бабко. Нарадзіўся ён 12 лютага 1932 года ў вёсцы Дуброўна Баранавіцкага раёна. «На зямлі я прывык працаваць з малых год. Калі загінуў на вайне бацька, то ў сям’і я быў старэйшым, таму стаў, можна сказаць, кармільцам. З чатырнаццаці гадоў прыходзілася абрабляць каля пяці гектараў зямлі. Зразумела, што ніякай тэхнікі тады не было, таму ўсё рабілі ўручную: касілі, сеялі, жалі, саджалі…» – успамінае Аляксандр Мітрафанавіч.
Адслужыўшы ў арміі ў Наварасійску, у 1952м ён вярнуўся на радзіму. Працаваў у калгасе. З 1956 года назначаны брыгадзірам паляводчаскай брыгады ў калгасе «Перамога». «Бывала, што ў полі знаходзіліся з пяці раніцы да позняга вечара, працавалі самааддана, інакш проста не маглі», – расказвае Аляксандр
Мітрафанавіч.
За высокія дасягненні ў павелічэнні вытворчасці і продажы дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі і праяўленую працоўную доблесць пры ўборцы ўраджаю 13 снежня 1972 года ён атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Працавітасць, добры настрой, па словах Аляксандра Мітрафанавіча, з’яўляюцца галоўнымі сакрэтамі доўгажыхарства.
ФАКТЫ І ЛІЧБЫ
Баранавіцкі раён сёння
Наш раён знаходзіцца на паўночным усходзе Брэсцкай вобласці і мяжуе з Мінскай і Гродзенскай абласцямі.
Плошча раёна складае 2 168 км2 – гэта каля 1% тэрыторыі ўсёй Беларусі і 6,7% тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
У склад раёна ўваходзіць 14 сельскіх Саветаў.
У 238 сельскіх населеных пунктах пражывае 33,2 тысячы чалавек.
Асноўнае насельніцтва раёна складаюць беларусы (86,9%), пасля ідуць палякі (5,9%), рускія (5,2%) і ўкраінцы (4,1%). Усяго пражываюць прадстаўнікі 33 нацыянальнасцяў.
На тэрыторыі раёна зарэгістраваны і дзейнічаюць 42 рэлігійныя абшчыны, у іх ліку 22 праваслаўныя, 10 рымскакаталіцкіх і 10 пратэстанцкіх.
Баранавіцкі раён адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў Брэсцкай вобласці.
Землі сельскагаспадарчага прызначэння займаюць больш за 98,2 тысячы га, з іх ворнай зямлі – 68,1 тысячы га.
Арганізацыйная структура аграпрамысловага комплексу раёна прадстаўлена 4 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі, адным таварыствам з абмежаванай адказнасцю, адным закрытым акцыянерным таварыствам,
6 адкрытымі акцыянернымі таварыствамі, адным камунальным унітарным прадпрыемствам.
Найбольш буйным з іх з’яўляецца птушкафабрыка «Дружба», якая на працягу апошніх гадоў лідзіруе ва ўсёй птушкагадоўчай галіне рэспублікі.
Прамысловы патэнцыял раёна прадстаўляюць тры арганізацыі. Дзве арганізацыі ў будаўнічай галіне.
У апошнія гады ўведзены ў эксплуатацыю шэраг аб’ектаў сацкультбыту: Гарадзішчанскі Дом культуры, Сталовіцкі культурнадасугавы цэнтр, школасад і Дом культуры ў Мірным. Пабудаваны і рэканструяваны цэлы шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў, сярод якіх сучасны жывёлагадоўчы комплекс на 1000 галоў буйной рагатай жывёлы ў «Бераснях», жывёлагадоўчая малочнатаварная ферма ў «ШчараАгра» і інш.
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі ў раёне 16 населеных пунктаў набылі статус аграгарадкоў.
Баранавіцкі раён мае вялікую сетку аўтамабільных дарог працягласцю 845 кіламетраў. Іх будаўніцтвам, рамонтам і абслугоўваннем займаюцца 2 дарожныя арганізацыі.
Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва вядзе раённае спажывецкае таварыства, у склад якога ўваходзіць 4 прыватныя унітарныя прадпрыемствы, якія маюць на тэрыторыі раёна 137 гандлёвых кропак. Сістэма грамадскага харчавання ўключае 13 прадпрыемстваў.
У цэнтральных сядзібах раёна дзейнічаюць 23 комплекснапрыёмныя пункты раённага камбіната бытавога абслугоўвання, дзе жыхарам аказваецца ўвесь спектр бытавых паслуг.
Неабходную дапамогу інвалідам і састарэлым жыхарам раёна аказвае дзяржаўная ўстанова «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Баранавіцкага раёна», якая мае тры стацыянарныя філіялы ў аграгарадках і 9 дамоў сацыяльных паслуг.
У раёне створана і функцыяніруе сетка амбулаторна-паліклінічных і стацыянарных арганізацый аховы здароўя, у якую ўваходзіць гарадская паліклініка № 3, 13 урачэбных амбулаторый (12 з іх працуюць па прынцыпе ўрача агульнай практыкі), 35 фельчарскаакушэрскіх пунктаў. Акрамя гэтага працуюць стацыянарныя ўстановы: Гарадзішчанская бальніца, тры бальніцы сястрынскага догляду і Навамышскі хоспіс.
Сетка адукацыі раёна ўключае ўстанову адукацыі «Навамышскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці», 20 сярэдніх школ, 19 дзіцячых садкоў, 8 дзіцячых садоўшкол, 3 пазашкольныя ўстановы.
Для заняткаў фізкультурай, спортам і турызмам у раёне ёсць 34 стадыёны, 27 спартыўных залаў, адзін басейн, 36 футбольных палёў, лыжаролерная траса ў Міры, фізкультурнааздараўленчы комплекс у Жамчужным, 8 трэнажорных залаў.
На тэрыторыі раёна размешчаны 32 клубныя ўстановы, 44 бібліятэкі, 4 дзіцячыя школы мастацтваў, на базе якіх працуе 111 калектываў самадзейнай творчасці, у тым ліку 18 калектываў з ганаровым званнем «народны».
На тэрыторыі раёна знаходзіцца 212 помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх 21 археалагічны і 51 архітэктурны.
З упэўненасцю можна сцвярджаць, што Баранавіцкі раён гарманічна спалучае традыцыі і сучаснасць, уносіць значны ўклад у сацыяльнаэканамічнае, духоўнае і культурнае развіццё вобласці і рэспублікі.
Iна ГАНЧАР