Наверх

Пад чаротавым дахам

15.09.2011 533 Наш край

Ініцыятарам гэтага інтэрв’ю з’явіўся дырэктар музея-сядзібы Міцкевічаў “Завоссе” Анатоль ЕЎМЯНЬКОЎ, вядомы арыгінал і асоба, апантаная справай. Ён выбраў нашу газету, каб давесці да шырокага кола людзей свае прапановы. 

Іх ажыццяўленне зробіць куточак баранавіцкай зямлі, які стаў калыскай вялікага паэта, непаўторным і адметным. Але аб усім па парадку.

– Анатоль Іванавіч, як жыве музей у Завоссі? Ён па-ранейшаму падпарадкоўваецца Мінску?

– Так. Мы – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ёсць у гэтым свае плюсы і мінусы.

– Якія?

– Менш правяраючых ездзіць і не адцягвае нас ад асноўнай справы – гэта плюс. А мінус у тым, што ўсе грошы акумулююцца наверсе і да перыферыі амаль не даходзяць. Нашаму ж музею патрэбна развівацца. Таму мы і прасіліся пад апеку аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама. Кіраўніцтва ў Мінску разлічвала, што раён нас забярэ. Пакуль вырашалася пытанне падпарадкавання, прайшло некалькі гадоў, на працягу якіх мы знаходзіліся ў падвіслым стане. Раён ад нас адмовіўся.

– Чаму?

– Зразумець можна: дзе ўзяць столькі грошай, каб падтрымліваць музей у адпаведным выглядзе?

– А што, патрэбна многа грошай?

– Самі палічыце: калі пацяклі дахі, спатрэбілася 150 еўра на рамонт кожнага квадратнага метра. Рамантаваліся тры будынкі – сам дом-музей, абора для жывёлы, гумно. Дах аднаго такога будынка – не менш за 300 квадратных метраў. Урэшце рэшт, Міністэрства культуры выдаткавала сродкі.

– Траты сапраўды вялікія. Саламяны дах атрымаўся залатым.

– Ён не саламяны, а з чароту. Каб зрабіць такі дах, група спецыялістаў ездзіла за вопытам у Швецыю, дзе гэта модна і папулярна. Накрыць дом чаротам могуць дазволіць сабе вельмі багатыя людзі. Затое гэта экалагічна, добра для здароўя. У памяшканні не горача летам

– Якія яшчэ існуюць рамонтныя праблемы?

– Зрабілі калісьці гэты музей-сядзібу так, як умелі. Будынкам – трынаццаць гадоў. Я з’яўляюся дырэктарам пяць гадоў. Калі дахі пацяклі, мы ва ўсіх памяшканнях ставілі вёдры і тазікі. Неабходна было б і свіран перакрыць чаротам, але хто дасць сёння грошы на гэта? Наогул, кожныя пяць гадоў не пашкодзiла б рабіць асобныя рамонты-аднаўленні. Першачарговая задача – пакрыць антысептыкам зрубы з бярвенняў, каб не гнілі. Трэба каля дзесяці мільёнаў рублёў, каб грыбок вывесці.

– А яшчэ што трэба?

– Хаця б гэта зрабіць сёння, не гаворачы ўжо пра тое, што неабходна прадпрымаць далейшыя крокі па развіццю інфраструктуры, а не абмяжоўвацца наяўнасцю свідравіны для вады.

– Вы маеце на ўвазе стварэнне бытавых умоваў для наведвальнікаў, якія прыязджаюць здалёку?

– Чаму не адкрыць для іх невялічкія атэль і кафэ? Тым больш, што варыянты праглядаюцца: на тэрыторыі музея-сядзібы знаходзіцца службовы дом, у якім восем пакояў і два паверхі. Дом не выкарыстоўваецца, кінуты, нават вокны прагнілі. Жадаючыя ўкласці грошы ў яго рэканструкцыю знойдуцца. Трэба правесці туды ваду, наладзіць ацяпленне.

– За чым жа справа стала?

– Гэта дзяржаўная ўласнасць. Але наша Міністэрства культуры беднае і не мае ў дастатку сродкаў. Патрэбен інвестар-прыватнік. Ведаю, што абмяркоўваецца ідэя аб выстаўленні гэтага памяшкання на аўкцыён. Уласнік можа нават агратурызм тут арганізаваць.

Хацелася б, каб да музея-сядзібы хадзіў рэйсавы аўтобус (пакуль жа ён спыняецца ў пяці кіламетрах). І ўказальнікаў на дарогах, лічу, недастаткова. Дарожнікі кажуць: «Плаціце – зробім».

– Ну дык і плаціце…

– Няма сродкаў. Музей сябе, безумоўна, не акупляе. Як сказаў адзін высокі чыноўнік з Міністэрства культуры, музей – не месца, дзе дзяржава зарабляе грошы. Гэта месца захавання нашай гісторыі. Сітуацыя з недахопам фінансаў прывяла да таго, што мне прыйшлося за ўласныя грошы набываць некаторыя экспанаты. 

– Няўжо вы багаты чалавек, Анатоль Іванавіч?

– Да таго, як узначаліць музей, я дзесяць гадоў быў індывідуальным прадпрымальнікам, меў нейкія зберажэнні, якія і ўклаў у музейную справу. 

– Не кожны зразумее ваш альтруізм.

– Тое, чым зараз займаюся, лічу прызначэннем жыцця. Я зрабіў свой матэрыяльны ўклад у захоўванне духоўнай спадчыны народа. Гэта грошы, не выкінутыя на вецер.

– Ці ёсць у вас аднадумцы ў гэтым плане?

– Знаходжу іх нават па-за межамі краіны. Адам Міцкевіч – беларускі і польскі паэт. Фірма ў Варшаве год назад бескарысліва пашыла для музея шляхецкі строй па здымках, якія я прадставіў. Шаблі і рынграф зрабілі ў Тырнаве. Памятаеце, у паэме «Пан Тадэуш» ёсць апісанне сталовай Міцкевічаў? На сцяне віселі шаблі – вось і мы павесілі іх два гады назад. Ды не на голую сцяну, а на турэцкі кілім (дыван), прыдбаны ў знаёмых у Санкт-Пецярбурзе. Дыван ручной работы зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі ў Мінску. Мы ствараем каларыт эпохі.

– Наведвальнікі павінны цаніць гэта.

– Яны і цэняць. Напрыклад, прыязджаюць да нас турысты пасля наведвання Міра, дзе ёсць славуты замак. Яны захапляюцца музейнай сядзібай Міцкевічаў у Завоссі, атмасферай сапраўднай даўніны, арыгінальнымі рэчамі, якім па дзвесце гадоў. Хаця экскурсійнае наведванне музея ў нас каштуе амаль у тры разы менш, чым у Міры.

– Вы – галоўны экскурсавод?

– Галоўны і адзіны. Маю ўяўленне, як праходзяць экскурсіі ў музеях Еўропы, бо бываў там. І лічу, што з экскурсійным абслугоўваннем у Завоссі няма ніякіх праблем. Ніколі ні адзін чалавек не адышоў ад мяне ў час экскурсіі – людзям было цікава тое, што я расказваю. Па спецыяльнасці я настаўнік гісторыі, а Міцкевіч і гісторыя непарыўна звязаны. Міцкевіч – гэта для інтэлектуалаў.

– Была на вашай экскурсіі і магу пацвердзіць, што вы – асаблівы расказчык, захоплены тэмай: цытуеце на памяць паэмы Адама Міцкевіча, у тым ліку на польскай мове. Гэта фішка разлічана на наведвальнікаў з Польшчы?

– А як жа! На жаль, палякі ў гэтым годзе сталі менш ездзіць да нас – прыкладна адзін аўтобус у месяц бывае (раней – кожны тыдзень). Мас-медыя Польшчы запалохалі сваіх грамадзян палітычным становішчам у Беларусі – маўляў, тут амаль канец свету наступіў. Тыя палякі, што прыязджаюць сюды, бачаць другое: мірную працу на палях, добраўпарадкаваныя гарады і вёскі – няма чаго палохацца.

– Хто ў асноўным наведвае Завоссе?

– Беларусы. У апошнія два гады зачасцілі вясельныя картэжы.

– З якой мэтай?

– Сфатаграфавацца на памяць у месцы, дзе нарадзіўся класік сусветнай літаратуры. Папулярнасць нашага музея дасягнула межаў Мінска. З раніцы прыязджаюць сюды жаніхі і нявесты, каб зняцца на камеру, а потым спяшаюцца ў загсы сталіцы, Баранавічаў, іншых гарадоў Беларусі. 

На тэрыторыі адноўленай сядзібы Міцкевічаў многа кветак, якія да позняй восені вабяць сваёй сакавітай палітрай. Мы высяваем і даглядаем іх сваімі сіламі – я, наглядчык-касір Таццяна Калоша і двое рабочых. Але кветак можа быць значна больш – цэлая даліна. У музея ёсць 16 гектараў зямлі. З іх цэлы гектар, а то і больш мы згодны яшчэ адвесці пад кветкі. Хачу кінуць кліч да жыхароў горада і раёна: давайце разам створым тут куточак прыгажосці. Усім жадаючым выдзелім па кавалачку зямлі – садзіце ружы, вяргіні і г.д. Надрукуем таблічкі, чые гэта кветкі.

– На каго разлічваеце ў сваёй ініцыятыве, Анатоль Іванавіч?

– На школы, універсітэт, зелянгас, польскі клуб, на простых людзей, якія не абыякава ставяцца да прыгажосці роднай зямлі. Кожны, хто прыме ўдзел у гэтай справе, потым зможа сабе сказаць, што не змарнаваў жыццё, што займаўся стварэннем прыгажосці. А хто не можа сам абрабляць зямлю, няхай перелічыць грошы на рахунак музея – мы купім насенне кветак. Чутка аб музеі, дзе ёсць даліна кветак, пойдзе па ўсёй Еўропе – гэта будзе нашай адметнасцю, гонарам горада і раёна, бо нідзе няма нічога падобнага. Для тых, каго зацікавіла ідэя, пакідаю телефоны для сувязі – 43-25-10 (службовы), 8-029-520-62-70 (МТС, мабільны).

Да нас у Завоссе едуць не толькі з асветніцкай мэтай, але каб і падыхаць чыстым паветрам, пачуць спеў птушак, апынуцца ўдалечыні ад цывілізацыі. А цяпер, спадзяюся, будзе тут яшчэ і даліна кветак.

– Жадаю здзяйснення вашых мараў!



  • Мы в социальных сетях: