Наверх

Не высахне жыццёвая палітра мастака

21.09.2012 361 Наш край

Гэты чалавек амаль усё сваё свядомае жыцце правёў у нашым горадзе. Пасля вайны малым хлапчуком ён пасвіў карову там, дзе зараз стаіць дзіцячая бальніца; насіў есці бацьку, які разам з палоннымі немцамі будаваў электрастанцыю; вучыўся ў школе, скурыўшы бацькавым тытунём некалькі падручнікаў; стаяў у чэргах за хлебам; дапамагаў бацькам шкліць вокны сённяшняй швейнай фабрыкі; лазіў па чужых садах; вышукваў у наваколлі снарады…

Але больш за ўсё, забыўшы пра карову і нават пра схаваны ў кішэні кавалачак хлеба, чытаў прыгодніцкія кніжкі і на старых калгасных накладных, звязаных суровай ніткаю, расколатым алоўкам маляваў, як умеў, усё, што бачыў наўкола: паравозы, коней і кароў, людзей на гарадскім кірмашы, бязногіх маладых прыгажуноў – салдат з гармонікамі… Мара стаць мастаком неадступна жыла ў ім ужо тады, а гэтыя сюжэты пазней стануць улюблёнымі на карцінах ужо мастака Уладзіміра Паўлавіча Рамейкі ў яго цыкле «Вайна адыйшла на Захад».

 Прыехала ў горад гэтая сям’я Рамейкаў з вёскі Канюхі з-пад Ляхавіч, дзе была двойчы раскулачаная і нават сасланая з заможнага, але раскіданага гнязда ў Сібір – звычайны тагачасны лёс працавітых людзей і сапраўдных гаспадароў замлі. Таленавітыя рукі і мудрыя голавы бацькоў Уладзіміра Паўлавіча будавалі ў Баранавічах новае жытло, садзілі малады сад, разводзілі пчол, вялі гаспадарку. А ў сям’і расло чацвёра дзяцей – такіх жа, як іх бацькі, спрытных і таленавітых. І ўсе чацвёра, будучы дзецьмі «врагов народа», атрымалі вышэйшую адукацыю і прафесію па душы. А Баранавічы сталі іх родным горадам.

Пасля заканчэння Мінскай мастацкай вучэльні (1958) і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1965), ня-
гледзячы на шматлікія прапановы працаваць у сталіцы, Уладзімір Паўлавіч без ваганняў вяртаецца ў родны горад. У яго працоўнай кніжцы з’яўляецца запіс: «Брэсцкі камбінат Саюза мастакоў».

 Тут пачынаецца сапраўднае шырокамаштабнае набыццё ведаў і навыкаў маладым мастаком, якому нясцерпна хацелася займацца ўсім: роспісам, металам, шклом, манументальнымі і ювелірнымі філіграннымі работамі, і ўсё хацелася зрабіць дасканала: высокамастацка і надзейна, на гады. Таму да сённяшняга дня стаіць каля Палескага вакзала помнік паўстанню салдат у 1905 годзе; малая скульптура з медзі на будынку бібліятэкі (а мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя В. Таўлаю, на жаль, укралі); вялікае барэльефнае панно з алюмінія ўпрыгожвае інтэр’ер цэнтральнай аптэкі на вуліцы Леніна; роспіс у тэхніцы сграфіта, металічныя кампазіцыі ў кінатэатры «Октябрь»; вялізны вітраж з літага шкла на пошце на Савецкай; гербы БССР і Рэспублікі Беларусь на шматлікіх адміністрацыйных будынках па Беларусі і многае іншае.

У часы росквіту сацыялістычнага рэалізму Уладзімір Паўлавіч стварыў шэраг знакавых жывапісных палотнаў, напісаных сакавіта і аптымістычна, ужо ва ўласцівым толькі яму аднаму стылі: «Полацкі нафтабуд», «Растворны вузел», «Канвеер міру», «Рабочыя-мантажнікі», «Зімовая раніца. Паравоз», «Кавальскі цэх», «Работа», «Муляры» і інш.

Новыя часы ў жыцці рэспублікі прынеслі другі і апошні запіс у працоўную кніжку Уладзіміра Паўлавіча: «Мастацкая майстэрня Рамейка». Уласная вытворчая майстэрня – гэта яго мара, яркі кавалак фарбаў на яго палітры і клічнік на ягонай біяграфіі. Што рухала мастаком, каб у часы, калі яшчэ амаль не дзейнічалі законы аб прыватызацыі, галавой праламваць бюракратычныя перашкоды, каб стварыць прадпрыемства, купіць памяшканне, кавалак зямлі? Напэўна – «кулацкая» кроў, а дакладней – прага да свабоды жыцця і творчасці, жаданне самастойна рабіць сваю справу, распараджацца сваёй маёмасцю і сваімі даходамі, нават калі гэта зусім нова, калі няма досведу, калі гэта проста нязвыкла і нялёгка! Гэта першая ў былым СССР прыватная мастацкая майстэрня. Уладзімір Паўлавіч не выдумваў ёй мудрагелістай псеўдаіншаземнай назвы, а назваў яе проста сваім прозвішчам, каб было ўсім зразумела. Нездарма 3-ці Савецкі завулак дзеля зручнасці называюць «Дзе Рамейкі». Тут, ужо ва ўласнай майстэрні, стварае Уладзімір Паўлавіч вялікую колькасць медальерных работ – памятныя медалі для цэркваў, прадпрыемстваў, узнагароды міністэрстваў, партрэты розных людзей – прыватных асоб. Мастак многае пераасэнсоўвае, дае сваю ацэнку былому і новым падзеям. Так узнікае серыя з 50 графічных работ «Доўгае зацьменне» – гэта зацьменне людской свядомасці, яго прычыны і наступствы, а таксама пошукі выйсця з гэтае цемры – родная зямля, адданая праца, справядлівасць і любоў. 

У багатай жыццевай палітры Уладзіміра Паўлавіча выдзяляюцца яго падарожжы за мяжу: Польшча, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя… За 20 год за мяжой ім праведзена больш 30 выстаў жывапісу, графікі, дэкаратыўнага мастацтва. І на кожнай выставе ў цэнтры вісела карта Еўропы, а Уладзімір Паўлавіч з уласцівым яму тэмпераментам красамоўна расказваў наведвальнікам аб сваёй радзіме. Яго не натхнялі на творчасць парыжскія вуліцы, швейцарскія Альпы, рамантычныя кавярні Зальцбурга, стадыёны Інсбрука, саборы Варшавы. Там, у квітнеючым замежжы, ён пісаў стары калодзеж у двары роднай вескі, балота вакол Мышанкі, жыровіцкі манастырскі сад ці баранавіцкія цягнікі і паравозы. Гэта – ішло ад сэрца! 

Жыцце Уладзіміра Паўлавіча не было бязхмарным і усёпераможным. Ён канфліктаваў з многімі, часта перажываў душэўныя і фізічныя траўмы, горка карыў сябе за кожны незваротны дзень, пражыты без карысці, яго даводзіла да адчаю усялякая дробязь, зробленая недасканала ім самім, яго блізкімі або ягонымі супрацоўнікамі.

Ён быў асобай прыкметнай і заўважанай грамадствам, аб чым сведчаць шматлікія публікацыі ў гарадской і рэспубліканскай прэсе, граматы і прэміі аблвыканкама, вітальныя і падзячныя пісьмы ад кіраўніцтва замежных гарадоў, узнагароды Саюза мастакоў Беларусі і медалі за адраджэнне духоўнасці ад Маскоўскай патрыярхіі.

 У маі 2012 года здароваму, дужаму, поўнаму творчых планаў Уладзіміру Паўлавічу адсвяткавалі 75 год. Ён збіраўся ў падарожжа па Беларусі, каб потым стварыць жывапісны і графічны цыкл «Забытая мінуўшчына». І яшчэ шмат чаго планаваў…

Але лёс распарадзіўся так, што заўтра спаўняецца 40 дзён, як Уладзімір Паўлавіч падарожнічае ў іншым свеце. Ён пайшоў з жыцця так сама годна, як і жыў. Але гаварыць пра яго ў мінулым часе нязвыкла. У нядзелю ў храме Жанчын-Міраносіц яго родныя і блізкія звернуцца да Збавіцеля, каб Ён знішчыў рукапіс грахоў Уладзіміра Паўлавіча, каб не засталося на зямлі горкіх успамінаў аб ім, каб Гасподзь дараваў пакойнаму вечную памяць.

Для нас Уладзімір Паўлавіч Рамейка застаецца ў яго добрых справах, ва ўнуках і праўнуках, у сваёй слыннай майстэрні, якая носіць яго імя, у нашых сэрцах, у нашай светлай памяці.



  • Мы в социальных сетях: