Наверх

Алесь Корнеў стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі

23.12.2011 647 Наш край

Хачу адкрыць для вас, паважаныя чытачы, гэтага чалавека, як адкрыла для сябе яго я, каб вы не прайшлі міма таленавітай паэзіі, напоўненай глыбокім жыццёвым зместам.

Шкада толькі, што жыхар нашага горада Алесь Корнеў пачаў пісаць вершы позна, у сталым узросце. Магчыма, раней ён проста сам не ведаў, што яго прызванне заключаецца менавіта

ў гэтым. Але лепей пачаць позна, чым ніколі. Ён звярнуўся да паэтычнай творчасці ў вельмі складаны перыяд, знаходзячыся паміж жыццём і смерцю. Прага да жыцця, якое ён абяцаў апяваць

у вершах, калі пераможа цяжкую хваробу, узяла верх. «Ляці і ўсмоктвай зорны мёд!» – узнёсла жадае ён сабе і ўсім нам у зборніку «Мядовы полюс» і з задавальненнем усмоктвае радасць кожнага пражытага дня, каб натхнёна перадаваць свае пачуцці

ў шчырых, разважліва-філасофскіх, падчас гарэзлівых радках. Гады тры назад яго запрасілі на творчую сустрэчу ў баранавіцкую сярэднюю школу №13, дзе ён калісьці вучыўся ў пачатковых класах. Там нават класныя журналы знайшлі з атрыманымі ім пяцёркамі.

Бацьку Алеся, франтавіка, пасля вайны перавялі працаваць у Ястрамбель, і хлопчык закончваў агульнаадукацыйную школу ўжо ў Малахоўцах. На сяле не хапала настаўнікаў, і амаль усе прадметы выкладаў адзін чалавек, у тым ліку і нямецкую мову, якую не ведаў. Алесь любіў літаратуру (перачытаў усе кнігі, што трапілі пад руку), але вымушаны быў паступаць у медыцынскі інстытут, бо туды не трэба было здаваць на іспытах замежную мову (у іншыя навучальныя ўстановы, а тым больш гуманітарныя, – трэба было). Так ён стаў урачом.

Трагедыі ў гэтым Алесь не бачыў і добрасумленна ўзяўся за справу, калі знайшлося для яго месца ў скурна-венералагічным дыспансэры ў Баранавічах. Потым ён быў прызначаны загадчыкам дыспансэрнага аддзялення, прападаў на працы звыш рабочага часу, не звяртаючы ўвагі на стомленасць і ўласнае здароўе. Аднойчы ён страціў прытомнасць і трапіў на прыём да анколага. Дыягназ быў несуцяшальны – рак, ды яшчэ ў запушчанай стадыі.

Такая вестка – лічы, што прысуд. Нават моцныя духам людзі не вытрымліваюць псіхалагічнага гнёту ў падобных выпадках. Алесь не быў выключэннем. Перад тым, як адправіцца на аперацыю, якую яму рабілі ў анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах, ён развітаўся са сваякамі, бо не ведаў, чым усё закончыцца. Вось-вось павінна была пачынацца аперацыя. За вокнамі ішоў снег. Алесь прагна лавіў вачыма палёт сняжынак і адчуваў у сабе ня-

сцерпнае жаданне расказаць пра зімовую рамантыку ў вершах. Яму вельмі хацелася жыць. «Жыццё – такая цудоўная рэч. Калі ўсё завершыцца добра, то буду кожны год па кніжачцы вершаў пісаць», – падумаў ён.

Удала праведзеная аперацыя яшчэ не азначала перамогі над хваробай. Што будзе далей? Ён тры месяцы правёў на бальнічным ложку. Калі яму дазволілі ўстаць на ногі, выйшаў на свежае паветра. На праталінках сярод снегу ўжо з’явілася заечая капуста. Алесь сарваў некалькі зялінак.

Ён дакранаўся рукамі да пупышак на дрэвах і адчуваў вялікую радасць ад прабуджэння прыроды. Разам з прыродай ажываў і ён сам. Толькі праз паэзію можна перадаць гэтыя пачуцці. Некалькі вершаў былі напісаны ў той бальнічны перыяд.

Паэтычных радкоў хутка набралася на цэлы зборнік, і ў яго назве «Услед за ластаўкай» выражаўся стан неўтаймаванай трывогі аўтара: магчыма, і ён пойдзе з жыцця на неба ўслед за ластаўкай. Аднак аптымістычных твораў у кніжцы было значна больш.

Цвеліцца, цвеліцца

З намі мяцеліца,

Спутвае ногі яшчэ завіруха,

Толькі не здолее

Болей ніколі ўжо

Быць перешкодай вясноваму руху.

Вясна – пара надзей. Прыйшоў доўгачаканы сакавік.

І ён сваёй цёплай рукой

Абняў стан бярозак прастуджаных,

І пульс пад шурпатай карой

Ажыў і стаў болей напружаным.

Адна пара года змяняла другую. Хвароба, здавалася, стала адступаць, і нават восень для Алеся цяпер выглядала толькі ў жыццярадасных фарбах:

Лісток, бы нотка, адлятае,

Пад клёнам – коўдра мазаічная.

Ах, восень! Ты і залатая,

Адначасова і музычная.
 

 

Пасля таго, як пакінуў бальніцу, ён заняўся вывучэннем тэорыі вершаскладання. Аднак валоданне тэхнікай – не самае галоўнае. У вершы павінны быць змест і вобразнасць, божая іскрынка. Прыкметы таленту Алеся Корнева ярка праявіліся ўжо ў першай кніжцы. «А напішу другую – яшчэ год пражыву», – ён памятаў абяцанне, якое даў сабе, каб паправіцца.

Пражыўшы паўвека, прайшоўшы паўсвета,

Уцяміў, што гэта зусім не сярэдзіна,

Што мала яшчэ адкахана, прапета,

Апошняя рыска яшчэ не падведзена.

На свет ужо з’явіліся яго 14 паэтычных зборнікаў. «Бачыце – я жывы!» – кажа мне чалавек, які не скарыўся перад жахлівай хваробай і для якога занятак паэзіяй стаў цуда-

дзейным выратавальным сродкам. Наконт здароўя Алесь заўважае, што калі яно будзе такім, як цяпер, то жыць можна. «Радуюся шчыра, як дзіця, кругаваротам бурнага жыцця».

Аб чым ён расказвае ў сваіх творах? Па кніжцы Алеся Корнева «Крыжы зямелькі нашае» можна вывучаць гісторыю Беларусі і баранавіцкага краю:

І незвычайныя падзеі,

І дзедаўскія гладышы –

Усё змясцілася ў музеі

Маёй няўрымслівай душы.

Каб напісаць так ёміста і рэалістычна аб Еўфрасінні Полацкай, Сымону Будным, Анастасіі Слуцкай, Адаму Міцкевічу, Сяргею Грыцаўцу і іншых знакамітых постацях стагод-

дзяў, аўтар многа часу правёў у бібліятэцы, даследуючы гістарычныя матэрыялы. Трагедыя спаленай у вайну вёскі Застарынне быццам увачавідкі паўстае перад намі:

І згарае з людзьмі ясны дзень Застарыння.

Знік і жах, сціх і лямант у вогненным трэску.

І панёс гонкі вецер у дымнай чупрыне

Над палямі, лясамі страшэнную вестку.

Няхай ніколі такое больш не паўторыцца! Алесь любіць баранавіцкія вёсачкі і не адзін радок прысвяціў Мілавідам, Завоссю, Прыазёрнай, Міцкевічам, Новай Мышы, Падгорнай, Моўчадзі, Сваротве: «Старонка любая, адзіная – мая ты песня лебядзіная». Калі бачыць на плоце забыты гарлач, то адчувае «столькі натхнення ад гэтай карціны». Паэт не абыходзіць праблемы маленькіх вёсачак са старымі падворкамі:

Кросны занялі гарышча:

Ткуць узоры з павуціны.

Цвыркунок запечны свішча,

Навяваючы ўспаміны.

Аўтар распавядае, як у дзяцінстве ён залазіў на дзедаў хлеў і любаваўся даллю:

Што было там і што ёсць?

Дзівы? Таямніцы?

Бачылася прыгажосць

Тая, што не сніцца.

Сёння ён знаходзіць гэту прыгажосць у прыродзе бацькоўскага краю, у квяцістай садовай парошы вёсак. Алесь шануе родную мову, «ласкавую, ярка-вобразную, меданосную». Будзе жыць мова – будзе жыць краіна.

Многа параўнанняў і метафараў са словам «мёд» (вось і вызначэнне мовы ў паэта такое – меданосная) змешчана на старонках кнігі «Мядовы полюс». Тут будзе дарэчы ўспомніць, што Алесь Корнеў у 2009 годзе стаў лаўрэатам Мядовай прэміі, заснаванай для літаратараў Берасцейшчыны мецэнатам, пчаляром і паэтам Міколам Папекам. Узнагарода не стала адзінай: за зборнікі вершаў «Мядовы полюс» і «Як песня, год мінае» Алесю ў гэтым годзе ўручана літаратурная прэмія аблвыканкама і абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

«Шукаю натхненне», – гавораць некаторыя творчыя людзі. Для Алеся дамінантай з’яўляецца «натхненне недарэмна жыць». Ён не марнуе час, цэніць кожнае імгненне. Паэтычная творчасць стала сэнсам жыцця. Алесь пачынае верш з таго, што шукае тэму – асноўную думку, якая віртуозна афармляецца ў словы і кампазіцыю. Закончыць твор, кажа, трэба так, як цвік забіць, – трапна, каб сэнс падкрэсліць.

Паэтычныя строфы ў яго часцей за ўсё народжваюцца начамі, калі ніхто не перашкаджае. Днём жонка кліча на дачны ўчастак ехаць ці хатнімі справамі займацца. Начная бяссонніца – спадарожніца паэтаў, у галаве – думак рой.

Ён сціпла лічыць сябе аматарам ў паэзіі, а не прафесіяналам, бо пісаць вершы пачаў не з маладых гадоў. Няхай рассудзіць чытач. Мне ж творчасць Алеся Корнева здаецца больш, чым аматарскай: чытаеш яго вершы і ўзбагачаеш душу. А калі ў адным са зборнікаў я ўбачыла ілюстрацыі, якія зрабіў сам аўтар, то не здолела схаваць свайго захаплення. Дык ён яшчэ і мастак, які пачаў маляваць не з маладых гадоў? Бясспрэчна, што ў Алеся Касьянавіча Корнева яно ёсць – натхненне недарэмна жыць.

 



  • Мы в социальных сетях: