Наверх

Творчая сустрэча з гродзенскай паэтэсай і празаікам Людмілай Кебіч адбылася ў Баранавічах

07.10.2023 395 Наш край

“Не бывае людзей непаэтаў – кожны мае жывую струну…”, – трапна падмеціла ў адным з вершаў гродзенская паэтэса і празаік Людміла Кебіч. У выключнай мудрасці гэтых радкоў яшчэ больш упэўніваешся пры асабістым знаёмстве з іх аўтарам – неверагодна таленавітай жанчынай. Такую цудоўную магчымасць жыхары горада атрымалі падчас творчай сустрэчы з Людмілай Антонаўнай Кебіч, якая адбылася 6 кастрычніка ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая.
biblioteka-vstrecha-s-ludmiloj-kebich-3.jpg
Імя Людмілы Кебіч у ліку тых, хто прадстаўляе сучасную літаратурную Гродзеншчыну. Паэтэса, празаік, перакладчык, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў – усё гэта пра аднаго чалавека. З 2005 года Людміла Антонаўна з’яўляецца старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мае шэраг узнагарод: лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” (2002, 2022) у намінацыі “Пісьменнік года” узнагароджана нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2009), атрымала дыплом і тытул “Чалавек года Гродзеншчыны” (2013), медаль Францыска Скарыны (2014), медаль Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру” (2018). Аўтар 24 кніг паэзіі і прозы для дарослых і дзяцей. Яе вершы ўвайшлі ў падручнікі, шматлікія калектыўныя зборнікі, перакладзены на многія мовы свету.
biblioteka-vstrecha-s-ludmiloj-kebich-6.jpg
 Моцны ўплыў на паэзію Людмілы Кебіч аказала наяўнасць музычнай адукацыі і праца ў каледжы мастацтваў у Гродне. Яе вершы быццам прасякнуты мелодыяй, своеасаблівым рытмам і лёгка кладуцца на музыку.

Больш за 100 вершаў Людмілы Антонаўны сталі песнямі. Знакамітыя беларускія выканаўцы з задавальненнем уключаюць іх у свой рэпертуар. У 2010 годзе пісьменніца стала пераможцай Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор года” ў намінацыі “Песенны жанр” за цыкл песень “Словы прызнання” – лаўрэат прэміі “Залаты Купідон”.
biblioteka-vstrecha-s-ludmiloj-kebich-4.jpg
Пазнаёміцца з неардынарным творцай у чытальнай зале бібліятэкі сабраліся настаўнікі і вучні школ горада, і канешне ж, мясцовыя пісьменнікі.

З вялікай цеплынёй і адкрытасцю Людміла Антонаўна дзялілася з прысутнымі ўспамінамі і яркімі старонкамі жыцця і творчай біяграфіі.  Госці з захапленнем слухалі вершы ў аўтарскім выкананні і пераканаліся ў тым, што і сама паэтэса выдатна спявае.

Прыгажосць душы, жаночае абаянне, прастата і жыццёвая энергія гарманічна спалучаюцца у гэтай жанчыне з духоўнасцю і высокімі нотамі мастацтва. Як сказала пра сябе сама Людміла Кебіч: “Паэзія і музыка – дзве музы, якія вядуць мяне па жыцці”.

 Знаёмства баранавічан з гродзенскай пісьменніцай стала магчымым, дзякуючы дзейнасці літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры”, якое ўжо пяць гадоў працуе пры бібліятэцы. Ініцыятарам творчай сустрэчы выступіла кіраўнік літаб’яднання Таццяна Яцук.
biblioteka-vstrecha-s-ludmiloj-kebich-8.jpg
На сустрэчы ўсе жадаючыя маглі набыць кнігі Людмілы Кебіч з аўтарскім аўтографам.

Надзея КІПЕЛЬ, вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя В. Таўлая

Фота аўтара




  • Мы в социальных сетях: