Наверх

Цэнтральная бібліятэка Баранавічаў удастоена падзякі ад Лідскага гісторыка-мастацкага музея

22.02.2024 175 Наш край

2024 год багаты для цэнтральнай бібліятэкі горада на юбілейныя даты.

8 лютага шырока адзначалася 110-годдзе Валянціна Паўлавіча Таўлая – славутага ўраджэнца нашага горада, паэта, публіцыста, рэвалюцыянера, грамадскага дзеяча. З юбілейнай нагоды ладзілася літаратурнае свята ў цэнтральнай бібліятэцы горада. Напрыканцы верасня маюцца адбыцца ўрачыстасці з нагоды 45-годдзя прысваення імя Валянціна Таўлая галоўнай кніжнай скарбніцы Баранавічаў.  

У краязнаўчым фондзе бібліятэкі захоўваецца нямала каштоўных дакументаў, звязаных з чалавекам, чыё імя стала сапраўдным інтэлектуальным брэндам культурна-інфармацыйнай сферы нашага горада. Беражліва захоўваюцца ўнікальныя дакументы – перапіска бібліятэкі з Лідзіяй Сяргееўнай, жонкай Валянціна Паўлавіча Таўлая. Алічбаваныя лісты яе са шчырымі словамі ўдзячнасці бібліятэчнаму калектыву, з парадамі і фактычна справаздачнай інфармацыяй аб тым, што ўдалося зрабіць дзеля захавання памяці аб чалавеку з палымяным сэрцам, які аддаў сваё жыццё за справу незалежнасці і працвітання роднай краіны, можна знайсці ў матэрыялах, акумуляваных у адноўленым і мадэрнізаваным віртуальным музеі Валянціна Паўлавіча Таўлая на бібліятэчным вэб-сайце. Тут жа сабраны матэрыялы па біяграфіі славутага земляка, анатаваны спіс твораў паэта і публіцыста і персанальная бібліяграфія артыкулаў і асобных выданняў аб яго жыццёвым і творчым шляху. Цікавай для даследчыкаў, думаецца, будзе інфармацыя “Вобразы Таўлая ў мастацтве”, “Музыка на вершы Таўлая”, калекцыя фота сустрэч з дачкой паэта і рэвалюцыянера – Галінай Таўлай, якая неаднаразова наведвала бібліятэку, тэматычныя матэрыялы метадычнага характару.

Доказам запатрабаванасці вынікаў скрупулёзнай працы бібліятэчных краязнаўцаў неаднойчы станавіліся запыты творчых людзей – з Баранавічаў, Мінска, іншых населеных пунктаў нашай краіны і замежжа – аб прадастаўленні інфармацыі, звязанай з іменем выбітнага земляка. У якасці зваротнай сувязі бібліятэцы дарылі напісаную на вершы Таўлая музыку; частым падарунакам ад прыхільнікаў творчасці Валянціна Паўлавіча станавіліся прысвечаныя яму вершы.

padzyaka.jpg

21 лютага прыемным сюрпрызам для калектыву цэнтральнай бібліятэкі імя Валянціна Паўлавіча Таўлая стала падзяка ад Лідскага гісторыка-мастацкага музея, на базе якога існуе лакацыя “Дом паэта Валянціна Таўлая”. Вядома, што большая частка працоўнай дзейнасці Валянціна Паўлавіча звязана менавіта з Лідай і там таксама беражліва ўшаноўваюць памяць паэта-барацьбіта. Па запыце музейных калег цэнтральнай бібліятэкай Баранавічаў былі прадастаўлены копіі некаторых каштоўных унікальных матэрыялаў, якія і былі выкарыстаны ў святочнай экспазіцыі, прысвечанай 110-годдзю нараджэння Валянціна Таўлая, у Лідскім музеі. Мы ганарымся, што праца баранавіцкіх бібліятэчных спецыялістаў набыла новае жыццё і стала часткай маштабнай музейнай экспазіцыі горада з багатай гісторыяй. Спадзяёмся на далейшыя плённыя стасункі!

Іна Рушніцкая, загадчык сектара ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: