Наверх

Да Міжнароднага дня роднай мовы гарадскія бібліятэкі падрыхтавалі комплекс тэматычных мерапрыемстваў

15.02.2024 170 Наш край

21-02.JPG

21 лютага, пачынаючы з 2000 года, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Свята, аб’яўленае Генеральнай Асамблеяй ЮНЭСКА, мае на мэце садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. У бібліятэках цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы штогод да гэтай значнай даты арганізуецца комплекс сацыякультурных падзей.

Інтэлектуальна-гульнёвыя заданні на веданне беларускіх прыказак і прымавак, загадак і хуткагаворак, народных і аўтарскіх казак, цікавыя факты пра родную мову, якая, дарэчы, прызнана адной з прыгажэйшых моў свету,  уключаны ў склад інтэлектуальнай гульні “З родным словам круглы год”, лінгвістычнага квэсту “Хай жыве ў вяках беларуская мова”, акцыі “Родная мова – мова душы”, якія маюць адбыцца ў публічных бібліятэках горада на працягу тэматычнага тыдня, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы.

Гульнятэка з нацыянальным ухілам, думаецца, стане цікавай актыўнасцю, якая аб’яднае аматараў настольных гульняў і прыхільнікаў беларускамоўных стасункаў.

Бадай, самай яркай падзеяй тыдня мае стаць прэзентацыя зборніка паэзіі нашай таленавітай зямлячкі Таццяны Яцук “Мудрасць вечара”, які сёлета выйшаў у выдавецтве “Звязда”.

Амаль ва ўсіх бібліятэчных падраздзяленнях будуць экспанавацца тэматычныя кніжныя выстаўкі.

Не засталіся без увагі і віртуальныя карыстальнікі. Для іх на бібліяэчным вэб-сайце падрыхтаваны комплекс інтэлектуальна-гульнёвых актыўнасцей, якія для зручнасці сабраны ў адзіны блок.  Ці лёгка перакласці імёны герояў вядомых казак, якія складаюць залаты фонд сусветнай казачнай літаратуры, на беларускую мову? Паспрабуйце “клікнуць” банер лінгвістычнага бібліятурніру “Па літаратурных сцяжынках” і адчуйце сябе перакладчыкамі з казачнай мовы! Каштоўны краязнаўчы складнік пакладзены ў аснову вэб-турніру “Пісьменнікі-землякі – дзецям”. А інтэрактыўная віктарына з множным выбарам адказаў “Казка – у жыцці падказка” прывядзе вас у свет чароўных беларускіх народных і аўтарскіх казак.

Міжнародны дзень роднай мовы – выдатная нагода ўспомніць пра цудоўныя творы беларускіх пісьменнікаў і найлепшыя ўзоры народнай вуснай творчасці, аддаць даніну пашаны пісьменнікам-землякам, якія ўслаўляюць сваёй творчасцю родны край.

Калі ласка, наведвайце бібліятэкі, знаёмцеся з літаратурай, прадстаўленай на тэматычных кніжных выстаўках, праверце сваё веданне роднай мовы, спрабуючы адказаць на пытанні віртуальных інтэлектуальна-гульнявых заданняў, чытайце, любіце сваё, роднае, беларускае!

Іна Рушніцкая, загадчык сектара ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: