Наверх

Выставачны комплекс "150 – узрост маладосці" дзейнічае ў зале галіновай літаратуры

09.10.2021 339 Наш край

Баранавіцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя В. Таўлая – месца сустрэчы творчых людзей. Сапраўднымі сябрамі бібліятэкі на працягу многіх гадоў з’яўляюцца мясцовыя пісьменнікі і паэты.

Добрай традыцыяй стала правядзенне ў зале галіновай літаратуры сустрэч з баранавіцкімі творцамі: літаратурных і юбілейных вечароў, прэзентацый кніг, конкурсаў дэкламатараў вершаў сярод моладзі горада і інш.

Значнай падзеяй для чытачоў стала ўзнікненне пры бібліятэцы літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры”. Вось ужо на працягу амаль трох гадоў (з 1 снежня 2018 года) у зале галіновай літаратуры збіраюцца людзі, закаханыя ў слова. Кіраўнік аб’яднання – настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 4 Таццяна Яцук. У жыццядзейнасці літаратурнага аб’яднання прымаюць удзел паэты Раіса Раманчук, Ларыса Антонава, Алесь Корнеў, Аляксей Белы, Галіна Ліс, Анатолій Хвайніцкі, Клаўдзія Трысцень, Аляксандр Сірык, Вячаслаў Хвайніцкі, Галіна Сокал, Тамара Стэцко, Марыя Філіпава, Аляксандра Шынкарэнка, Юрый Мазалевіч, Мікалай Зайцаў, Браніслава Лапкоўская і інш.

Мэта літаратурнай суполкі – папулярызацыя творчасці мясцовых паэтаў, абмен думкамі, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця літаратуры, выяўленне і аб’яднанне аматараў паэзіі і прозы, паэтаў і празаікаў, садзейнічанне працэсу іх творчага развіцця.

biblioteka-1.jpg

Творы баранавіцкіх аўтараў шырока прадстаўлены ў фондах бібліятэчнай сістэмы. Кожны жадаючы мае магчымасць “завочна” пазнаёміцца з любым аўтарам нашага горада. Акрамя таго звесткі пра мясцовых літаратараў можна знайсці на афіцыйным сайце бібліятэкі ў раздзеле “Краязнаўства” (рубрыкі “Юбілейныя даты роднага краю” і “Літаратурнае жыццё”).

2021 год юбілейны для Баранавічаў. Паэты своеасабліва віншуюць горад са святам, прысвячаючы яму свае творы. З красавіка ў зале галіновай літаратуры дзейнічае выставачны комплекс “150 – узрост маладосці”, прымеркаваны да юбілею горада. Сапраўдным упрыгожваннем выставы сталі кнігі мясцовых пісьменнікаў.

Кіпель Надзея, загадчык залы галіновай літаратуры Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая

Фота аўтара




  • Мы в социальных сетях: