Наверх

У Жамчужненскай сярэдняй школе прайшла акцыя «Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае!»

03.03.2018 620 Наш край

Каб павысіць узровень дасведчанасці школьнікаў і іх бацькоў у пытаннях рацыянальнага і здаровага харчавання, а таксама для паляпшэння паказчыкаў здароўя дзяцей, у Жамчужненскай СШ адбылася акцыя «Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае!». У ёй прынялі ўдзел настаўнікі, вучні і іх бацькі, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Для ўдзельнікаў акцыі школьныя кухары падрыхтавалі дэгустацыю страў школьнага меню: смачныя рыбныя катлеткі і дранікі, разнастайныя салаты з морквы, буракоў і капусты, запечаныя яблыкі, кампоты са свежай садавіны і сухафруктаў.  Дырэктар Жамчужненскай сярэдняй школы Алена Гардзей азнаёміла прысутных з дзейнасцю савета па харчаванню і бракеражнай камісіі. Яна расказала, як кантралюецца арганізацыя харчавання вучняў, якасць прадуктаў, што паступаюць у школьную сталовую, як захоўваецца тэхналогія прыгатавання страў, выконваюцца санітарныя нормы і правілы. Пра кожную страву, прыгатаваную для дэгустацыі, паведаміла інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама Алена Ліцкевіч.Школьнае харчаванне даўно выйшла на новы ўзровень і працягвае ўдасканальвацца. Спецыялісты шукаюць розныя формы, каб задавальняць густы дзяцей. Нязменным застаецца толькі адно: харчаванне павінна быць карысным. І тут вельмі важна, каб гэтую ідэю падтрымлівалі бацькі школьнікаў.

– Не раз пытаюся ў сваіх дзяцей, ці падабаецца ім, як кормяць у школе. Адказ чую заўсёды станоўчы, – сказала «Нк» Алена Пыл, мама адзінаццацікласніка Кірыла і пяцікласніцы Дар’і. – Прыемна, што кіраўніцтва школы клапоціцца пра харчаванне нашых дзяцей, стравы рыхтуюцца не толькі разнастайныя, але і карысныя.У ходзе акцыі спецыялісты Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі арганізавалі для ўсіх прысутных інфармацыйна-кансультацыйную пляцоўку, на якой кожны жадаючы мог памераць свой рост, вагу, артэрыяльны ціск. Завяршылася мерапрыемства правядзеннем круглага стала.Іна ГАНЧАР.
Фота аўтара.



  • Мы в социальных сетях: