Наверх

У Баранавічах аб’явілі конкурс, каб захаваць памяць пра падзеі Першай сусветнай вайны

06.09.2019 586 Наш край

У Баранавічах аб’яўлены конкурс эскізных праектаў памятнага знака ці малой архітэктурнай формы, прысвечаных падзеям Першай сусветнай вайны на тэрыторыі горада.

Плануецца, што твор пераможцы конкурса будзе ўсталяваны на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Баранавічы-Палескія перад будынкам вакзала.

Арганізатарам конкурсу выступіў Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт, а яго ўдзельнікамі могуць быць скульптары, архітэктары, кавалі, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.

Патрабаванні да эскізаў і іншыя ўмовы кожны знойдзе ў конкурсным палажэнні на афіцыйным сайце Баранавіцкага гарвыканкама. Конкурсныя матэрыялы і заяўка прымаюцца па 18 кастрычніка 2019 г. уключна (але не пазней 17.00): 225409, г. Баранавічы, вул. Горкага, 20, каб. 210, 217. Кантактны тэлефон +375 163 42 38 36.

Журы ацэніць не толькі выразнасць і арыгінальнасць творчых рашэнняў, але і іх эканамічнасць на закрытым пасяджэнні не пазней 25 кастрычніка 2019 г. Вынікі конкурсу будуць апублікаваны ў тыднёвы тэрмін, пасля таго як журы прыйдзе да рашэння, на афіцыйным сайце Баранавіцкага гарвыканкама.

Нагадаем, што ў Баранавічах пэўны час знаходзілася стаўка галоўнакамандуючага, да гэтай старонкі гісторыі не раз звяртаўся “Наш край”. Публікацыі розных гадоў будуць карыснымі для ўдзельнікаў конкурса.

Віталь ГЕРЦАЎ




  • Мы в социальных сетях: