Наверх

Аб’ектыўны погляд: “Нк” публікуе дзеннік салдата Вялікай Айчыннай вайны

09.07.2015 606 Наш край
Старонка з дзённіка Аляксандра Андрэйчыкава
Старонка з дзённіка Аляксандра Андрэйчыкава

«Вайна даўно скончылася, але маці ноччу, употай аплаквала мяне, бязногага сына», – так пачынаецца дзённік салдата Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Піліпавіча Андрэйчыкава, выхадца з­-пад Гомеля. Ён пайшоў на фронт пад Ленінградам у 17 гадоў. Перажыў блакаду, быў не раз паранены ў баях. Зрэшты, і сам падбіў не адну адзінку варожай тэхнікі. Чырвонаармейца таксама «падбілі»: праз раненне ў нагу давялося ампутаваць канечнасць. Застаўся ў печані асколак ад разарванага снарада.

Ён не шукаў на вайне славы, не задаваўся гераізмам, змагаўся за Радзіму не дзеля ўзнагарод, а таму што не мог інакш. Праз гады стаў успамінаць франтавыя падзеі. Запісваў у дзённік. Не для публікацыі, а для сябе, каб не забыцца.

Аляксандр i Вольга Андрэйчыкавы пасля вайны
Аляксандр i Вольга Андрэйчыкавы пасля вайны

Да 70­-годдзя Перамогі агульны сшытак з мемуарамі перадала ў рэдакцыю ўдава ветэрана Вольга Андрэйчыкава, жыхарка Баранавіч. Прапануем вашай увазе фрагменты размовы салдата з самім сабой. Гэтым і цікавы дзённік – ён быў разлічаны не на публіку. Яго гісторыя – яшчэ адна пра простага чалавека, на чыіх плячах быў заваяваны мір.

***
Нарадзіўся я ў 1923 годзе ў Чачэрскім, цяпер Буда­Кашалёўскім раёне БССР, у вёсцы Башыца. Перад самай вайной працаваў на Украіне, на рудніку ў Сумскай вобласці. Потым паехаў да дзядзькі на адпачынак у Карэла­Фінскую ССР. Тут мяне і застала Вялікая Айчынная вайна. На радзіму мне не давялося вяртацца, бо Беларусь была ўжо акупаваная немцамі. Сысці на фронт не дазваляў узрост, бо мне было 17, а трэба было мець 20 гадоў.

Я звярнуўся 22 ліпеня 1941 года ў райваенкамат, каб пайсці на фронт. Так мяне залічылі добраахвотнікам­камсамольцам у Чырвоную Армію. Накіравалі ў артылерыйскі полк вайсковага лагера пад Ленінградам. Тут скончыў палкавую школу, прысвоілі званне сяржанта. Спачатку быў наводчыкам 76­міліметровай гарматы, потым камандзірам гарматы. Удзельнічаў у баях за раку Няву, гарады Пушкін, Гатчыну, Пецяргоф, Краснае Сяло, Араніенбаўм.
***
Ад немцаў уцякло шмат грамадзянскага насельніцтва. Статкамі зганялі ад фашыстаў калгасную жывёлу. На дарогах і па ўзбочынах валяліся забітыя каровы, коні з разбітымі жыватамі, авечкі, а сярод іх – трупы забітых людзей. Было ні прайсці, ні праехаць…
***
Некалькі разоў глядзеў смерці ў твар. Быў пад бамбёжкамі фашысцкіх самалётаў, «месершміт», заглушаючы сваім гулам, страчыў у мяне з кулямёта. Неаднаразова знаходзіўся пад артылерыйскім абстрэлам.
***
Як мы ваявалі ў 1941 го­дзе? Зброю цягнуць коні, разлік уладкоўваецца абы­дзе, салдаты ў абмотках, зімой няма валёнак, фуфаек, ватных штаноў, не было цёплай бялізны. У лазні мыліся ад выпадку да выпадку.
***
У цяжкіх умовах Ленінградскага фронта давялося ваяваць і галадаць. Цэлымі днямі нічога не елі. Скінуць сухароў з самалёта, падзеляць па адным сухары на дзень і цэлая кухня кіпеню – вось і ўся ежа. Норма хлеба была 200 грамаў на дзень, напалову з пілавіннем і іншымі адкідамі. Елі дохлых коней, збіралі на полі пад кулямі гнілую бульбу, летам – шчаўе, крапіву, ягады і грыбы.
***
Калі нашу батарэю разбілі фашысты, мы ратаваліся, як хто здолее. Я мог застацца ў палоне і там здохнуць, згарэць у крэматорыі або застацца жывым і здаровым. Але я папоўз па­пластунску два­тры кіламетры да сваіх. І зноў стаў удзельнічаць у баях, таксама ў артылерыі.
***
У баях каля муроў абложанага Ленінграда двойчы быў паранены. 11 верасня 1942 года ў баі на араніенбаўмскім пятачку, змагаючыся за гару Калакольня каля вёскі Гасціліцы, страціў правую нагу, была прабіта асколкам печань. Некалькі гадзін не прыходзіў у прытомнасць. Потым адбылося заражэнне раны. Утварылася гангрэна. Адцялі нагу…

На вайсковым караблі параненага везлі ноччу Фінскім залівам у блакадны Ленінград, а фашысцкія бомбы рваліся ля борта карабля, толькі фантаны ўздымаліся на паўкіламетра. Ляжаў у эвакуацыйным шпіталі галоднага, халоднага Ленінграда. Затым мяне, цяжкапараненага, вязлі на вайсковым караблі праз Ладажскае возера, потым цягніком пераправілі на канчатковае лячэнне ў шпіталь на Урал, у горад Молатаў (Перм), дзе я знаходзіўся да лютага 1943 года.
***
Цяжкія раны далі ўскладненне на сэрца. Ды якое там можа быць сэрца і нервы, калі фашысцкі танк трэба падпусціць на 200­-300 метраў, каб прамым навядзеннем знішчыць або падбіць яго. З далёкай адлегласці не падаб’еш! І вось сапраўдная дуэль: я бранябойнымі снарадамі б’ю са зброі, каб патрапіць і знішчыць фашысцкі танк. А калі ён рухаецца на тваю зброю, не так проста патрапіць у яго. Фашысцкі танк вядзе агонь снарадаў і кулямётаў проста на маю гармату. Я знішчыў прамым навядзеннем два танкі нямецкіх фашыстаў, шмат іншай тэхнікі і жывой сілы праціўніка шрапнельнымі снарадамі. З «тыграў» з чорнымі крыжамі ляцелі ў паветра гусеніцы, вежы, гарматныя ствалы!
***
У 1943 годзе я як адзін з пісьменных і здольных быў пасланы на курсы палкавых выведнікаў. Шмат разоў хадзіў потым па языка нямецкага, каб даставіць жывога ворага для допыту ў свой штаб.
***
Мой бацька Піліп Яўхімавіч ў 1918 годзе ўдзельнічаў у баях за Петра­град супраць Дзянікіна. У 1941­м пайшоў на Вялікую Айчынную, удзельнічаў у вызваленні Гомеля, Жлобіна, Рагачова, ва ўзяцці Кенігсберга, дайшоў да Берліна. Потым пайшоў біць японскіх самураяў на Далёкі Усход і толькі ў верасні 1945­га быў дэмабілізаваны.
***
Ад мяне маці даведалася, што я жывы, у 1944­м. Спачатку атрымала мой першы ліст: «Я жывы. Абараняў родны Ленінград. Галава і рукі цэлыя. А нагу прышы­юць або дадуць новую, жалезную». Потым і сам вярнуўся дадому – у родную вёску Башыца – без правай нагі і з раненнем у жывот. Гэтаму ніхто не здзівіўся. Аднавяскоўцы нават пазайздросцілі. Стаў я працаваць бухгалтарам калгаса, старшынёй быў стары Дзям’ян – п’яніца, адзін на ўсю вёску мужчына (а другі я – інвалід).

Быў у вёсцы ўсяго адзін конь, пакінуты савецкім салдатам пры наступе на Захад. Старшыня калгаса і я з гарышчаў насцягвалі плугоў, барон, хамутоў, праўда, з боем і скандалам, але насцягвалі. Вясновую пасяўную пачалі рана, аралі агароды. Жанчыны ўпрагаліся ў плуг, барану, плугам кіраваў сам старшыня калгаса. А як пачалася касавіца, стары кляпаў косы, а бабы касілі.
***
Якім быў для мяне Дзень Перамогі 9 мая 1945 года? Усе плакалі ад радасці. Але былі і такія, хто не плакаў, хадзіў змрочны і прыгнечаны. Колькі гора ў кожным доме! Забіты сын, муж…

«Уся квітнеючая маладосць мая знішчана вайной. Я страшна худы і бледны як сценка. Асабіста я толькі аднаму­адзінаму чалавеку зайздрошчу – загінуламу салдату: больш ён не пакутуе», – запісаў у дзённіку ў кастрычніку 1965 года Аляксандр Андрэйчыкаў. Як быц­цам на навуку тым, хто вайну бачыць як пафасны спектакль.

Але нездарма салдат прайшоў усе выпрабаванні і выжыў. Ён даў сваім нашчадкам права жыць у свабоднай мірнай краіне. Дзеля гэтага варта было 70 гадоў таму змагацца і перамагчы.

На жаль, нанесеныя вайной раны не далі Аляксандру Піліпавічу дажыць да нашых дзён. Памёр Аляксандр Андрэйчыкаў у 1974 годзе. А ў 1975­м (сімвалічна, што 9 мая!) нарадзіўся яго першы ўнук, якога назвалі ў гонар дзеда. Унук Аляксандр Гіль з братам Вадзімам ніколі не бачылі свайго дзеда. Сёлета, на 9 Мая, яны разам з маці Аленай ды цёткай Алай, дочкамі салдата Андэйчыкава, паехалі у Санкт­Пецярбург, колішні Ленінград, наведаць месцы, дзе ваяваў дзед.

Нашчадкі Аляксандра Андрэйчыкава
Нашчадкі Аляксандра Андрэйчыкава

Кажуць, што вайна ад нас усё далей і яе падзеі забываюцца. Гэтая гісторыя сведчыць, што памяць пра подзвіг продкаў у многіх сем’ях цяпер ажывае, становіцца яшчэ мацнейшай. І будзе перадавацца наступным пакаленням.

Віктар КОРБУТ, Святлана ГІЛЬ.



  • Мы в социальных сетях: