Наверх

У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы «Слова аб Радзіме»

22.10.2019 0 525 Наш край

22 кастрычніка ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая адбылося адкрыццё выставы «Слова аб Радзіме».

Аўтарамі работ выступілі студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта – удзельнікі народнага гуртка выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Майстэрня». Гурток быў арганізаваны задоўга да ўтварэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, яшчэ ў сценах былога педагагічнага каледжа, і ў наступным годзе адзначыць 35-годдзе. Нязменным кіраўніком творчага аб’яднання з’яўляецца Леанід Рыгоравіч Капуза, старшы выкладчык кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, мастак, які знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Аўтар некалькіх персанальных выстаў, арганізаваных ў Баранавічах і Мінску, неаднаразовы ўдзельнік гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаў.

У гуртку «Майстэрня» займаюцца ў асноўным студэнты факультэта педагогікі і псіхалогіі, якія жадаюць павышаць свой ўзровень у галіне выкладання дысцыплін мастацкага цыклу. На занятках яны засвойваюць розныя віды выяўленчага (жывапіс, графіка) і дэкаратыўнага мастацтва (батык, габелен, кераміка, мастацкая апрацоўка скуры, саломкі, паперы і т. п.). Вынікам дзейнасці гуртка з’яўляецца ўдзел студэнтаў у розных выставах, конкурсах, фэстах. Работы гурткоўцаў дэманструюцца ў час правядзення мерапрыемстваў універсітэта, кафедры, бібліятэкі ўніверсітэта.

Экспазіцыя «Слова аб Радзіме» прадстаўляе работы, выкананыя ў тэхніцы «летэрынг». Асноўная рыса гэтага кірунку заключаецца ў тым, што гэта цэласны малюнак, які складаецца з літар і іншых графічных знакаў. Тэматыка экспанаваных работ – творчае асэнсаванне твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, прысвечаных Радзіме, роднай мове. Для стварэння сваіх работ студэнты звярнуліся да знакамітых радкоў беларускіх класікаў: Я. Коласа, У. Караткевіча, І. Мележа, П. Броўкі і інш.

vystava-22-10_2.jpg

Прэзентацыя выставы атрымалася па-сапраўднаму святочнай. Добры настрой удзельнікам сустрэчы падарыў музычным выступленнем Іван Кусцінскі – канцэртмайстар народнага хору Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа. У час прэзентацыі гучалі патрыятычныя вершы ў выкананні баранавіцкіх творцаў: Клаўдзіі Трысцень і Марыі Філіпавай. Адкрыццём новага таленту стала выступленне Піліпа Гуцько – вучня гімназіі № 2, летэрынг па вершы якога можна ўбачыць на выставе.

vystava-22-10_3.jpg

Леанід Капуза распавёў прысутным аб дзейнасці гуртка і яго поспехах. Прыемным сюрпрызам для гасцей сталі выступленні аўтараў работ – удзельнікаў гуртка «Майстэрня» Віктара Кухоцкага, Валерыі Ігнацік, Аліны Ефімовіч.

vystava-22-10_4.jpg

Наведаць выставу «Слова аб Радзіме» можна да 22 лістапада ў зале галіновай літаратуры (вул. Леніна, 51).

Надзея Кіпель, загадчык залы галіновай літаратуры ЦГБ імя В. Таўлая

Фота Вольгі Тугавай

Больш фота - тут




  • Мы в социальных сетях:

Пожалуйста, авторизуйтесь или зарегистрируйтесь чтобы оставить комментарий