Наверх

У гасцях у пана Тадэвуша

30.05.2020 0 862 Наш край
Сядзібу ў Завоссі можна смела аднесці да адной з жамчужын не толькі Берасцейшчыны, але і ўсёй Беларусі

Гэтага паэта лічаць сваім і  беларусы, і літоўцы, і палякі. Яшчэ пры жыцці ён набыў сусветную славу. Часта кажуць, каб лепш даведацца пра паэта, трэба пабываць на яго радзіме.

Сённяшняе падарожжа «Нашага краю» – у музей-сядзібу Завоссе, дзе нарадзіўся адзін з найвялікшых геніяў чалавецтва Адам Міцкевіч.

tadevush_1.JPG

Паходжанне назвы

У XVI стагоддзі землі, дзе пазней размясціўся фальварак Завоссе, ляжалі ўперамешку з надзеламі калдычэўскіх падданых князя Радзівіла. Гэта нярэдка прыводзіла да сварак паміж суседзямі. У 1658 годзе было вырашана правесці замену зямлі. Менавіта акты на замену, датаваныя наступным годам, – першыя дакументы, у якіх згадваецца назва Завоссе. Новы маёнтак тады вылучыўся са складу Калдычэва.

У сваёй кнізе «Паходжанне назваў населеных пунктаў Баранавіцкага раёна» гісторык Васіль Дубейка піша, што у аснове назвы Завоссе – слова «асіна». Завоссем раней называлі панскае поле, што ляжала за асіннікам.

«Ёсць у мяне зямля…»

Міцкевічы атрымалі маёнтак Завоссе ад Яноўскіх, якія былі вінны ім грошай, а аддаваць не хацелі. Сорак гадоў ішоў суд, нават бывалі і ўзброеныя сутычкі. Урэшце рэшт за тыя пазыкі Завоссе дасталося Ёзафу Міцкевічу, стрыечнаму дзеду Адама. Пасля маёнтак перайшоў ва ўласнасць Мікалая Міцкевіча.

Да гэтага часу сярод гісто-рыкаў і літаратуразнаўцаў вядуцца спрэчкі пра дакладнае месца нараджэння будучага паэта.

Па адной з версій лічыцца, што менавіта тут, у Завоссі, у марозную калядную ноч 24 снежня 1798 года ў Мікалая і Барбары з роду Маеўскіх нара­дзіўся сын Адам. Прымала роды пані Маладзецкая. Верачы ў прыкметы, яна перарэзала пупавіну на кнізе, што абяцала немаўляці вучонасць і вялікі розум. Пажаданне павітухі аказалася прарочым: хлопчык чытаў ужо ў чатырохгадовым узросце, ён быў адным з лепшых вучняў Дамініканскай школы ў Нава­градку, лічыўся самым здольным студэнтам Віленскага ўніверсітэта. 

У Завоссі прайшло дзяцінства Адама, тут, падлеткам, з братамі праводзіў кожны год ён летнія вакацыі, сюды прыязджаў студэнтам, а потым і настаўнікам з Коўна, каб быць бліжэй да каханай Марылі Верашчакі з Туганавіч, што недалёка ад Завосся.

Лёс гэтага маёнтка амаль не розніцца ад гісторыі іншых у Беларусі. Большасць з іх была парушана і знішчана падчас шматлікіх войн. Дом, дзе нарадзіўся паэт, згарэў у 1916 годзе. Праз 10 гадоў на месцы ся­дзібы быў устаноўлены абеліск для захавання яго памяці.
 
Адраджэнне

Да 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча паводле ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі пачаты работы па аднаўленні маёнтка. За аснову ўзялі малюнак Эдварда Паўловіча, мастака з Навагрудка, які ён выканаў у 1843 годзе. Падчас археалагічных раскопак былі знойдзены часткі фундаментаў, якія добра захаваліся, а таксама некаторыя рэчы, якія, магчыма, належалі сям’і Міцкевіча. Можна нават уявіць, што з маленькай лыжачкі кармілі Адама ў дзяцінстве. Археолагі знайшлі шмат згубленых нацельных крыжыкаў.

Узноўленыя пабудовы стаяць менавіта на тых самых мурах, што і раней. 8 верасня 1998 года музей адкрыўся. Ён прадстаўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ стагоддзя.

tadevush_2.JPG

Дом-музей

Калі трапляеш у ваколіцы Завосся, уражвае вольнасць абшараў і бязмежнасць наваколля. Горад, вёскі недзе далёка, а тут прастор, супакаенне, пах кветак і траў, ласкавы веснавы ветрык…

А яшчэ ўражвае старая ліпа, якой, паводле ацэнак спецыялістаў, не менш за 200 гадоў. Так што, магчыма, гэта дрэва  памятае Адама.

…Драўляныя будынкі, дахі якіх, як і раней, пакрытыя чаротам. У цэнтры сядзібы аднапавярховы дом з ганкам, насупраць – свіран, далей – абора, гумно, студня-журавель, лазня. Двор абнесены агароджай. У тыя часы казалі: «Шляхціч у сваёй загродзе роўны ваяводзе». Сядзіба размешчана паміж палёў побач з гарой Жарнова, якую Міцкевіч згадвае ў сваіх творах. 

tadevush2_3.JPG

tadevush2_4.JPG

tadevush2_5.JPG


zavos_3.jpg

Загадчык гэтай музейнай установы, якая з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Віктар Дмухоўскі гасцінна запрашае ў дом-музей.

– У аснову экспазіцыі па­кладзена паэма «Пан Тадэвуш» – самы вядомы ў свеце твор Міцкевіча, перакладзены на 33 мовы. Вядома, што многае ў гэтым творы аўтар апісаў са свайго жыцця, – расказвае Віктар Паўлавіч. – З ганку мы трапляем у сенцы, якія дзеляць сядзібу на дзве паловы. Адна палова – жылая, панская, другая – гаспадарчая, для абслугі. Дзверы направа вядуць у вялікі пакой – сталовую-гасцёўню, сцяну якой упрыгожвае вялікі дыван з перакрыжаванымі шаблямі. Далей яшчэ адна гасцёўня і спальня. За ёй невялікі пакой, дзе, паводле падання, і нарадзіўся будучы паэт.

Цяпер у гэтым пакоі стаіць пісьмовы стол з крэслам ХVІІІ стагоддзя.

tadevush2_6.JPG

tadevush_3.JPG

tadevush_4.JPG

tadevush_5.JPG

tadevush_6.JPG

Ёсць у сядзібе Міцкевічаў кладоўка, якая служыла своеасаблівай аптэкай.

– Тут захоўваліся лекавыя расліны, травы і запас гарэлкі. І цяпер кожнае лета мы збіраем і сушым зёлкі, якія дораць наведвальнікам пахі роднай зямлі, – кажа Віктар Дмухоўскі. – Затым праз невялічкі калідорчык мы пападаем у спальню, для якой, на жаль, пакуль не ўдалося знайсці аўтэнтычных ложкаў таго часу. Таму пакойчык абстаўлены як для маладой дзяўчыны таго часу. Тут ёсць камода, невялікі столік з люстэркам і фісгармонія.

Пераходзячы з пакоя ў пакой, яскрава ўяўляеш, як тады жылі, гаспадарылі прадстаўнікі шляхты. Але жылі ў Завоссі не вельмі багата. У сярэдзіне XVIII стагоддзя маёнтак складаўся з трох валок (каля 60 гектараў) зямлі і ўсяго адной сям’і прыгонных.

zavos_2.jpg

Цікава пабываць і ў двухпавярховым свіране (лямусе), які раней быў адначасова і кладоўкай для харчоў ды інструментаў, і летнім жыллём. На першым паверсе – гаспадарчыя прылады і прыстасаванні: кубельцы для сала, бочкі для квашання агуркоў, капусты, засекі для збожжа. На другім – пакойчык Адама, дзе ён начаваў летам, калі прыязджаў сюды на вакацыі.

Па словах Віктара Дмухоўскага, некаторыя гісторыкі літаратуры сцвярджаюць, што сярод продкаў паэта быў звычайны беларускі селянін Міцька, які жыў у Лідскім павеце.

– Міцьку забралі на вайну, дзе ён мужна бараніў родную зямлю. А калі вярнуўся дадому, то за добрую службу атрымаў шляхецтва. Такім чынам, ён стаў шляхціцам Міцкевічам, – тлумачыць Віктар Паўлавіч. – Наогул, сям’я іх была небагатая, жыла з баць­кавых заробкаў. У 1801 годзе Міцкевічы пераехалі ў Навагрудак. А калі бацька Адама памёр у 1812 годзе, удава з пяццю дзецьмі пазнала і нястачу.

Менавіта маці і была першай настаўніцай Адама, яна вучыла яго пісаць і чытаць, прывівала цікавасць да музыкі, паэзіі. Шмат чуў маленькі Адам народных песень, казак і паданняў ад сваіх нянек, старых слуг. З дзіцячых гадоў ён ведаў легенду пра горад, які згінуў у водах возера Свіцязь. Таму з упэўненасцю можна казаць, што менавіта беларуская зямля зрабіла з яго паэта. 

tadevush_7.JPG

tadevush_8.JPG

tadevush2_1.JPG

tadevush2_2.JPG

Іна ГАНЧАР




  • Мы в социальных сетях:

Пожалуйста, авторизуйтесь или зарегистрируйтесь чтобы оставить комментарий